142-і дзень пратэстаў. Галоўнае


У Беларусі пратэсты з моманту прэзідэнцкіх выбараў у жніўні працягваюцца 142 дні. Belsat нагадвае галоўныя падзеі дня.

Дональд Трамп падпісаў закон пра федэральны бюджэт ЗША – HR 133, які ўключае падпісанне «Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі». Паводле яго пашыраюцца паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША да ўвядзення новых санкцыяў у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года Беларусі.

Доналд Трамп.
Фота: Jerzy Dudek / Forum

Прыняты «Акт аб дэмакратыі для Беларусі» змяшчае наступныя палажэнні:

  • заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
  • прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;

    заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
  • дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;

    заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
  • падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;
  • патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікам IT-сектара.

Лукашэнка склікаў сход

«Усебеларускі народны сход» пройдзе 11-12 лютага. Пра гэта сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па яго падрыхтоўцы. Дагэтуль ён прапанаваў зрабіць УНС канстытуцыйным органам.

Раней, 8 снежня, на сустрэчы з працаўнікамі Стаўбцоўскай лякарні Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць падняць і зафіксаваць статус «Усебеларускага народнага сходу» у новай Канстытуцыі:

«Калі мы здымаем пэўныя абавязкі з прэзідэнта, іх жа трэба кудысьці перадаваць. Ураду і парламенту гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перасоўваць? Трэба шукаць такі орган. А ў нас ёсць усебеларускі народны сход. Таму пэўныя паўнамоцтвы давядзецца перадаць. Калі размыць паўнамоцтвы прэзідэнта, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які б усіх стабілізаваў… Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць», – сказаў Лукашэнка.

На VI Усебеларускі народны сход запросяць 2 700 асобаў. Ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш за 310 асобаў, ад Менску – не больш за 370 грамадзянаў.

Усебеларускі народны сход, 2016 год.
Фота: president.gov.by

Паводле ўказу, пералік запрошаных асобаў фармуецца Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам па рыхтаванні і правядзенні VI Усебеларускага народнага сходу з ліку кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацыяў, прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, працаўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў замежных дзяржаў у Беларусі, прадстаўнікоў беларускіх дыяспараў, міжнародных і замежных арганізацыяў у рэспубліцы.

Пераслед журналістаў

Суд Савецкага раёна аштрафаваў журналістку Любоў Лунёву на 30 базавых велічыняў за нібыта ўдзел у акцыі, якую журналістка асвятляла. Лунёва катэгарычна нязгодная з рашэннем, бо ўдзел у акцыі не прымала.

Любоў Лунёва.
Фота: БАЖ

Любоў Лунёву разам з аператарам Іванам Куракевічам затрымалі 7 снежня на Маршы мудрасці ў Менску. Яны павінны былі зрабіць рэпартаж адтуль, але амаль адразу журналістаў затрымалі. Пасля затрымання яны былі дастаўленыя ва УУС Савецкага раёну, а далей іх перавезлі на Акрэсціна.

Папярэдне стала вядома, што на журналістаў склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за парушэнне арт. 23.34 КаАП.

Тады аператару Івану Куракевічу, які супрацоўнічае з «Белсатам», далі 15 содняў арышту нібыта за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Дар’я Чульцова. Фота з сацыяльных сетак

Следчы Фрунзенскага раённага аддзелу СК Менску Кудзеля адказаў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэю Бастунцу і галоўнай рэдактарцы выдання «Новы Час» Аксане Колб на іх хадайніцтва аб вызваленні журналісткі Дар’і Чульцовай пад паручальніцтва. Следчы лічыць зварот Андрэя Бастунца і Аксаны Колб неабгрунтаваным і нематываваным. Следчы таксама адзначае, што ў выпадку вызвалення, Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, а таксама перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.

Крымінальную справу супраць пяці супрацоўнікаў «Прэс-клуба» аператыўна перадалі ў Следчы камітэт на шосты дзень пасля іх затрымання. Адвакатаў падазроных ужо сёння выклікалі на допыты.

Юлія Слуцкая. Фота press-club.by

22 снежня сілавікі затрымалі стваральніцу «Прэс-клуба» Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі «Прэс-клуба» Сяргея Якупава і аператара Пятра Слуцкага. Затрымалі былую журналістку БТ Ксенію Луцкін, якая таксама застаецца пад вартай.

Стваральніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая цяпер у статусе падазраванай па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Астатнія – падазраваныя паводле ч.6 арт. 16 (Саўдзел у злачынстве) і ч.2 арт. 243.

Новыя палітвязні ў Беларусі

Правабаронцы прызналі палітвязнямі Сяргея Гардзіевіча, журналіста сайта «Першы рэгіён», і Дзмітрыя Кулакоўскага, які працаваў на пасадзе начальніка крымінальнага вышуку Завадскога РУУС Менску.

Агулам у Беларусі ўжо 169 палітвязняў.

Hавiны
Тыдзень у малюнках: экстрэмісты ў Каардынацыйнай радзе і затрыманне Калядных дзядоў
2020.12.28 21:14

 

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў