Польшча запрашае беларусаў на новую стыпендыяльную праграму


Атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжою беларусы змогуць цяпер таксама дзякуючы падтрыманню праграмы ім. Стэфана Банаха. Кіраўнікі праграмы падкрэсліваюць, што ўзяць удзел у ёй можа кожны, незалежна ад палітычных поглядаў.



Польскае Міністэрства замежных справаў пры супрацы з Міністэрствам навукі ды вышэйшай адукацыі абвесцілі пра пачатак новай стыпендыяльнай праграмы для студэнтаў, якія вывучаюць эканоміку, тэхнічныя, прыродазнаўчыя ці сельскагаспадарчыя навукі або займаюцца еўрапейскімі даследаваннямі, паходзячы пры гэтым з краінаў «Усходняга партнёрства» (Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія ці Азербайджан).

Хоць «Усходняе партнёрства» – праект Еўразвязу, стыпендыяльная праграма імя Стэфана Банаха паўстала з ініцыятывы польскага боку і будзе дзеяць толькі ў Польшчы.

Сярод замежнікаў у польскіх вучэльнях пераважаюць украінцы і беларусы.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Катажына Пэлчыньска-Налэнч удакладніла, што новая стыпендыяльная прапанова – гэта пашырэнне магчымасцяў для замежнай моладзі, якая хоча абраць польскую адукацыю.

«У 2012/2013 навучальным годзе ў Польшчы вучылася каля 13 тыс. прадстаўнікоў краінаў «Усходняга партнёрства», у асноўным з Украіны і Беларусі праз іх блізкае геаграфічнае становішча і добрае веданне там польскай мовы. Новая ініцыятыва не накіраваная асобам з польскім паходжаннем, улічваюцца тут перадусім здольнасці. Аднак, калі асоба, якой прызначаюць стыпендыю, мае польскае паходжанне, гэта таксама не будзе перашкодаю», – падкрэсліла спадарыня Пэлчыньска-Налэнч.

Прадстаўніца дыпламатычнага ведамства адзначыла, што колькасць замежных студэнтаў, якія б хацелі вучыцца ў Польшчы, нязменна расце, як і колькасць замежнікаў, якія вывучаюць польскую мову: «У нас ёсць шмат студэнтаў з Беларусі на розных формах навучання і на розных стыпендыяльных праграмах. Шмат хто з іх таксама не атрымлівае ніякага фінансавага падтрымання, а нават сам аплочвае 100 % коштаў навучання. Адсюль выснова, што цікавасць існуе. З Беларуссю, як гэта парадаксальна не гучыць, але на пэўным апалітычным ўзроўні мы падтрымліваем кантакты. Паміж намі няма сцяны. Кандыдат сам выбірае вучэльню ў Польшчы, таму няма ніякай праблемы, калі ён абярэ ўніверсітэт, які падтрымлівае навуковыя стасункі з ягонаю роднаю вучэльняю ў Беларусі».

Паводле прадстаўніцы польскага міністэрства, польска-беларуская навуковая супраца вельмі добра развіваецца ў галіне мікрабіялогіі ды фізікі.

Адукаваныя людзі патрэбныя ўсюды

Намесніца міністра замежных справаў адзначыла, што, у адрозненне ад іншых праграмаў, разлічаных на беларускіх студэнтаў, як, напрыклад, праграма імя Кастуся Каліноўскага, стыпендыя імя Стэфана Банаха не будзе прызначацца на падставе палітычнай дзейнасці.

Беларусь, паводле польскай чыноўніцы, не заўсёды ўспрымае свайго грамадзяніна, які атрымаў адукацыю за мяжою, у якасці чалавечага рэсурсу. Мэта ж новай праграмы – адыход ад палітыкі.

«Вядома, што навучанне за мяжою студэнтаў з Беларусі можа ўскладніць пазней іхнае прафесійнае жыццё. У выпадку стыпендыі імя Каліноўскага гэта адбудзецца дакладна, але ёсць і іншыя стыпендыі. Калі хтосьці скончыў вучобу ў Варшаўскім тэхналагічным універсітэце ды ўмее будаваць масты і дарогі, то мае шанец на нармальнае жыццё ў Беларусі. Гэты чалавек будзе валодаць тэхнічнымі ведамі, цалкам аддзеленымі ад палітыкі. Новая праграма прапануе зусім непалітычныя крытэры і кіроўныя прынцыпы, а добра адукаваныя людзі патрэбныя ўсюды», – лічыць спадарыня Катажына Пэлчыньска-Налэнч.

Паступіўшы ў Польшчу, можна выехаць на абмен у іншыя краіны Еўразвязу

Новая стыпендыйная магчымасць будзе скіраваная перадусім на маладых людзей, якія ўжо студэнты альбо выпускнікі ВНУ ў сваіх краінах і маюць добрыя вынікі ў навуцы.

Ацэньваць здольнасці кандыдатаў будзе прыёмная камісія, у склад якой увойдуць прадстаўнікі Міністэрства навукі ды вышэйшай адукацыі, якія маюць досвед у наборы замежных студэнтаў. Сумоўе адбудзецца ў сталіцах краінаў «Усходняга партнёрства», дзе жывуць кандыдаты, якія самі абяруць сабе польскую вучэльню для навучання.

Заяўкі можна падаваць да 21 чэрвеня. Вынікі абвесцяць 2 жніўня.

Стыпендыі прапаноўваюцца на двухгадовае навучанне ў магістратуры польскіх дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў. На першым этапе праграмы ў 2013/2014 навучальным годзе прымуць 50 студэнтаў, у наступным – ужо 100.

Пасля першага года навучання стыпендыяты будуць мець магчымасць паехаць у іншыя краіны Еўразвязу ў межах праекту міжнароднага абмену «Erasmus» (калі яны абяруць універсітэт, які заключыў адпаведныя дамовы з еўрапейскімі ўніверсітэтамі).

Караліна Русіновіч, belsat.eu

Стужка навінаў