Заробак расце ў нікуды


Запаветны ўзровень сярэдніх заробкаў $ 500 пераадолены. Паводле Белстату, у красавіку яго памер дасягнуў ажно $ 565.

Як казала старшыня Нацбанку Надзея Ермакова, «заробак можна рэальна зарабіць, але яго трэба зарабіць. А калі заробак зароблены і яго не выплацілі – гэта не заробак». Як не дзіўна, сэнс у гэтых словах ёсць. Вытворчасць працы павялічваецца куды меншымі тэмпамі, чымся расце заробак. Калі за красавік заробак вырас у сярэднім на 22 %, вырабленне прадукцыі вырасла толькі на пяць адсоткаў. То бок аплата працы не падмацаваная яе рэальнымі вынікамі.

{movie}Ермакова пра заробкі ў $ 500 |right|10919{/movie}

Цікава, што сітуацыю разумеюць усе – ад адмыслоўцаў Міжнароднага валютнага фонду да дзяржаўных чыноўнікаў. Незалежныя эксперты папярэджваюць: калі гэтак будзе працягвацца і далей, калапс 2011 года можа лёгка паўтарыцца. Тады дзеля задаволення непамерных палітычных амбіцыяў кіраўніка краіны заробкі павялічылі пустымі грашыма.

{movie}Заробак расце ў нікуды|right|10918{/movie}

Аднак проста ўзяць і спыніць рост заробкаў немагчыма, тлумачыць эканаміст Андрэй Карпунін.

«Калі не нарошчваць даходаў насельніцтва, не выраўноўваць з суседнімі краінамі – нашыя працоўныя разбягуцца. Іншая справа, што мы не перабудоўваем эканоміку, не пераглядаем працу канкрэтнага прадпрыемства, а проста наганяем грашовую масу», – адзначае адмысловец.

У выніку – інфляцыя расце, растуць і кошты, плаціць ізноў трэба болей, аднак праз нежаданне здзяйснення рэальных рэформаў замест няўцямнай “мадэрнізацыі” гэты снежны ком будзе толькі расці.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў