Украіна: Была цыстэрна, стала… капліца


Вернікі за тысячу долараў набылі старую расейскую цыстэрну ды перарабілі яе ў бажніцу.

Незвычайная капліца месціцца у мястэчку Пераходы ў Заходняй Украіне. Тут жыве каля двух дзясяткаў каталікоў, у асноўным – пажылыя людзі, якім цяжка дабірацца да найбліжэйшага прыходу за 10 кіламетраў.

{movie}Украіна: Была цыстэрна, стала… капліца|right|10874{/movie}

Ідэя паставіць капліцу належыць святару Яну Пёнткоўскаму. Ён запрыкмеціў вялізарную металічную цыстэрну, якую пакінула ля мястэчка сібірская будаўнічая кампанія. Яе ўжо выкарыстоўвалі будаўнікі ў якасці імправізаванага дому з кухняю. Вернікі сабралі тысячу долараў і выкупілі яе.

Да цыстэрны прыбудавалі фасад, таму на першы позірк яна не адрозніваецца ад іншых, традыцыйных бажніцаў. Прыхаджане гавораць, што ўжо прызвычаіліся да яе. «Я служыў і ў кватэрах, бо не паўсюль ёсць бажніцы. У лесе, на беразе мора – магчыма ў такіх месцах служыць літургію. Але гэтае месца – выключнае, гэтую капліцу зрабілі з бочкі, але відаць, што яно – намоленае, людзі любяць гэтае месца, прыходзяць сюды», – зазначае айцец Мацей Русецкі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў