Назапасілі... праблемаў


Людзі працуюць ад рана да рана, а толку няма. Бо ўсё ідзе на склад. Паводле звестак Белстату, складскія запасы аўтобусаў дасягнулі трох месячных нормаў вытворчасці. Грузавікоў нарабілі на два месяцы наперад, камбайнаў – амаль на чатыры. Чаму не прадаць? Міністэрства эканомікі прычынамі называе то навагоднія святы, то майскія канікулы ў асноўных пакупнікоў. Хаваць праблему немагчыма: трактары ж – вось яны. Цяпер склады афіцыйна пад кантролем прэзідэнта.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Хоць яны і кажуць, што гэта сезонны характар і гэтак далей, але мы на гэта яшчэ паглядзім”.

“Вымову” за нераспрададзеныя машыны атрымаў не толькі прэм’ер-міністр, але і ўся вертыкаль. Вось справаздача ад Менгарвыканкаму: сталічныя прадпрыемствы губляюць рынкі збыту. За год са 144 краінаў-пакупнікоў засталося толькі 100. З новых рынкаў збыту толькі Руанда. Моцна падаюць продажы ў Расею.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Сабекошт нашых тавараў завысокі. Гэта выклікана тым, што вельмі высокая стаўка крэдытавання была для прадпрыемстваў, якія бралі крэдыты на вытворчасць летась”.

А чым больш прадукцыі на складах, тым больш замарожаных сродкаў прадпрыемстваў. Васіль Шлындзікаў, які ў 1990-я кіраваў канцэрнам “Амкадор”, лічыць, што вінаватая сістэма агулам.
{movie}Назапасілі… праблемаў|right|10859{/movie}

ВАСІЛЬ ШЛЫНДЗІКАЎ, ЭКС-КІРАЎНІК КАНЦЭРНУ «АМКАДОР»:
“Савецкая нерэфармаваная эканоміка, заводы замест кампаніяў рынкавага тыпу, дзяржаўная ўласнасць, якая цалкам пазбаўляе ініцыятывы кіраўнікоў, уласнікаў і гэтак далей”.

Яшчэ адна памылка сістэмы – арыентацыя на адзін рынак, расейскі. А Расея сёлета ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

ВАСІЛЬ ШЛЫНДЗІКАЎ, ЭКС-КІРАЎНІК КАНЦЭРНУ «АМКАДОР»:
“Даводзіцца канкураваць з усімі сусветнымі вытворцамі ды прайграваць у гэтай канкурэнцыі”.

Пры гэтым новых рынкаў збыту надалей дэманстратыўна шукае Аляксандр Лукашэнка, то прымаючы дарагіх гасцей, то лятаючы з візітамі. Хоць у нармальнай эканоміцы гэта справа найперш вытворцаў і пасярэднікаў. Замежнікі скупляць нашую тэхніку не спяшаюцца.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
“Учора я прэм’ер-міністру паставіў задачу: неадкладна тэхніку, якая сёння не будзе рэалізаваная на экспарт і застаецца на складах, накіраваць у калгасы і саўгасы. Гэта не бясплатна”.

А са зніжкаю да 30 %, абы калгасы бралі трактары і камбайны ўжо сёння. Прапанову, ад якой цяжка адмовіцца, Лукашэнка агучыў сёння падчас паездкі па Магілёўшчыне. У дадатак забараніў купляць азотныя ўгнаенні за мяжою, каб валюта не ўцякала. З айчыннымі ж угнаеннямі таксама бяда – кошты на калій-хлор, які прыносіць краіне значную долю валюты, падаюць.

Для прыкладу, канкурэнт “Беларуськалію” – расейскі “Уралкалій” – адмяніў падпісанне запланаваных кантрактаў з Кітаем на другое паўгоддзе. А “Беларуская калійная кампанія” шукае пакупнікоў у Індыі ды нават Бразіліі. Каб “Беларуськалій” застаўся на нагах, там прыспешана ствараюць вытворчасць саляной кіслаты і едкага калію. Цэлы Салігорск пасля Новага году будзе жыць ля новай хімічна небяспечнай вытворчасці, каб валюта ішла ў краіну. Бо валюту трэба аддаваць.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Тыя выплаты за вонкавыя пазыкі, якія для беларускай эканомікі будуць прадугледжаныя ў другой палове гэтага года, могуць паставіць пад сур’ёзны ўдар стабільнасць беларускага рубля”.

А гэта мы ўжо праходзілі зусім нядаўна.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў