Валянцін Стэфановіч: Тым, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях, трэба задумацца


Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” падкрэслівае важнасць таго, што спісы неўязных службоўцаў застаюцца адкрытымі.

Праваабаронца ўпэўнены, што больш жорсткія захады ў дачыненні ўладаў Беларусі маглі б паспрыяць вызваленню палітвязняў. “Самае асноўнае – дамагчыся вызвалення палітвязняў. Дамагчыся гэтага можна толькі палітычнымі захадамі, у тым ліку санкцыямі, – мяркуе Валянцін Стэфановіч. – Унутры краіны прававыя механізмы фактычна не працуюць, і дамагчыся справядлівасці дзеяннямі знутры амаль немагчыма”.

Паводле праваабаронцы, спісы неўязных у Еўразвяз службоўцаў фармаваліся з улікам іхняй ролі ў ажыццяўленні апошніх палітычных рэпрэсіяў. “Наколькі ўлады хваравіта будуць успрымаць гэтыя спісы, і наколькі гэта паўплывае на сітуацыю у краіне – паглядзім. Але я прытрымліваюся меркавання, што ў дачыненні беларускіх уладаў трэба дзейнічаць больш жорстка”, – дадаў праваабаронца.

На ягоную думку, прынятыя санкцыі, як і спіс неўязных службоўцаў, маюць хутчэй сімвалічны характар. Аднак праваабаронца падкрэслівае: вельмі важна тое, што гэты спіс застаецца адкрытым. “Там людзі, што задзейнічаныя ўва ўсіх гэтых мерапрыемствах, мусяць падумаць, ці варта гэта рабіць”, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч у інтэрв’ю “Белсату”.

belsat.eu

Стужка навінаў