Ірына Альхоўка: Праз гендарныя стэрэатыпы пакутуюць як жанчыны, так і мужчыны


Топ уплывовых жанчын складаюць у асноўным жанчыны-палітыкі ды бізнесоўкі. Пасля Мэркель размясціліся Дыўма Русэф, Мэлінда Ґэйц, Мішэл Оўбама ды яшчэ адна амерыканка – Гілары Клінтан.

А як у нас? Заканадаўча – траціна ў парламенце. Ярмошына, міністры ці намесніцы, але ў спісе няма палітыкаў. Чаму сітуацыя ў Беларусі гэтак адрозніваецца ад сусветных тэндэнцыяў?

{movie}Ірына Альхоўка ў “Гарачым каментары”|right|10823{/movie}

Паводле старшыні праўлення грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы» Ірыны Альхоўкі, якая ўваходзіць у топ-10 найбольш уплывовых жанчын Беларусі, у нашай краіне існуюць розныя разуменні поспеху для жанчын і для мужчын.

«Людзі рэалізуюцца па-рознаму, але я супраць таго, каб пол быў такою перашкодаю. Я супраць такога, калі жанчыне кажуць, што не трэба займацца палітыкаю і твой свет – гэта твой дом, а для мужчыны, наадварот, твой свет – увесь дом. Што такое жаночы поспех, паводле большасці? Лічыцца, што жанчына паспяхова рэалізавалася, калі яна адбылася як маці, ці як жонка. Я, з аднаго боку, згодная, а другога, – дрэнна, калі гэта засланяе прафесійную дзейнасць. Гэта – стэрэатыпы, якія выпрацаваліся ў грамадстве, і яны ціснуць на людзей», – лічыць Ірына Альхоўка.

Не сакрэт, што ў Беларусі жанчыны больш адукаваныя за мужчынаў, іх болей на рынку працы, аднак яны ўсцяж сутыкаюцца з гэткімі стэрэатыпамі. Апроч таго, у спісе самых уплывовых беларускіх жанчын няма палітыкаў, хоць паводле ўказу кіраўніка краіны іх у парламенце ажно 30 %. Чаму ж так адбываецца?

«У нашым заканадаўстве няма ніякіх дыскрымінацыйных рэчаў – яно падрыхтаванае ў рэчышчы міжнародных стандартаў. Іншая справа – як яно выконваецца. То бок яно кажа пра недапушчальнасць дыскрымінацыі пры прыёме на працу, але дастаткова гэткіх гісторыяў», – зазначае спадарыня Альхоўка.

Разам з тым госця «Гарачага каментара» падкрэслівае, што гэта – не сусветная змова мужчынаў: гендарныя стэрэатыпы перадаюць менавіта жанчыны. Аднак ад тых жа стэрэатыпаў цярпяць і мужчыны – зрэдку звяртаецца ўвага на тое, што не толькі для прыгожай часткі чалавецтва сям’я – гэта нешта істотнае.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў