Каму ў Беларусі жыць добра? Былы галава Гомлю з падначаленымі намахляваў на Br 3,8 млрд


Следчы камітэт Беларусі завершыў папярэдняе следства крымінальнай справы, у цэнтры якой – былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму.



Кіраўніку Віктару Піліпцу, а таксама шэрагу службовых асобаў выканкаму, сярод якіх дырэктар камунальнага прадпрыемства, яго намеснік у пытаннях эканомікі і фінансаў, начальнік жыллёва-інвестыцыйнага аддзелу, былы начальнік планава-дагаворнага аддзелу абвесцілі канчатковыя абвінавачанні ва ўчыненні злачынстваў.

Следства ўстанавіла, што абвінавачаныя, займаючы названыя пасады, у верасні–кастрычніку 2011 года незаконна размеркавалі паміж сабою, сваймі сваякамі, блізкімі і знаёмымі кватэры ў жылых дамах, прынятых у эксплуатацыю ў студзені–красавіку таго года. Частку жылых памяшканняў аформілі на падстаўных асобаў.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, кошт набытых абвінавачванымі кватэраў быў значна ніжэйшы за рынкавы, бо разлічваўся саўдзельнікамі злачынстваў зыходзячы з коштаў, якія дзеялі на момант увядзення дому ў эксплуатацыю, а не на момант заключэння дамовы.

Кватэры, якія сталіся прадметам злачынства, прызначаліся для грамадзянаў, чые дамы трапілі пад знос у сувязі з адабраннем зямельных надзелаў.

Дзеянні абвінавачваных кваліфікаваныя як злоўжыванне ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі, учыненае службовымі асобамі, якія ў тым ліку займаюць адказнае становішча (ч. 2 і ч. 3 арт. 424 КК), у выніку чаго ў бюджэт не трапіла больш за Br 3,8 млрд.

Падчас следства кватэры вернутыя дзяржаве. Крымінальную справу перадалі пракурору для прыняцця пастановы пра накіраванне ў суд.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў