Маці зніклага Змітра Завадскага: Найважнейшае – гэта не забываць


З Адміністрацыі прэзідэнта, судоў і ад следчых прыходзяць адныя адпіскі – кажуць сваякі зніклага ў 2000 годзе журналіста Змітра Завадскага. Але і апазіцыя ўжо не гэтак актыўна патрабуе расследаваць справы аб выкраданнях і забойствах апанентаў Лукашэнкі. Пра памяць і адказнасць казалі на прысвечаным Змітру Завадскаму вечары, што прайшоў напярэдадні ў Менску. Хто ж не забыў?

7 ліпеня 2000 года ехаў у аэрапорт “Менск-2”, але свайго калегу, таксама журналіста, Паўла Шарамета гэтак і не сустрэў… За выкраданне тэлеаператара Змітра Завадскага пажыццёва зняволілі былых спецназаўцаў Максіма Маліка ды Валерыя Ігнатовіча.

Сваякі Змітра намагаюцца даказаць, што скралі ды забілі яго іншыя асобы – афіцэры Службы бяспекі прэзідэнта. Гэтая інфармацыя для тых, хто ня памятае…

{movie}Забылі памятаць? (22.05.2013) |right|10808{/movie}

ВОЛЬГА ЗАВАДСКАЯ, МАЦІ ЗНІКЛАГА:

“Найважнейшае – гэта не забываць. Тэма мусіць быць на слыху намаганнямі ўсіх, літаральна ўсіх: і журналістаў, і праваабаронцаў, і юрыстаў, і партыйцаў нашых – з дэмакратычных сілаў”.

Аператар беларускага бюро тэлеканалу ОРТ, а раней кіраўніка Беларусі быў апошнім у шэрагу зніклых на мяжы стагоддзяў вядомых асобаў: экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Таму на вечарыне памяці Завадскага ўзгадвалі пра кожную з гэтых справаў, але, на жаль канстатавалі: амаль ніхто публічна не ўздымае гэтага пытання.

СВЯТЛАНА ЗАВАДСКАЯ, ЖОНКА ЗНІКЛАГА:

“Трэба памятаць. Бо апошнімі гадамі тэма зніклых неяк прапала і растварылася, ніхто пра гэта не гаворыць. Цяпер і рэзалюцыі аб Беларусі ў Еўропе прымаюцца без гэтага пытання”.

Менавіта пасля “праглынання” дэмакратычнаю супольнасцю тэмы зніклых улады адчулі абсалютную беспакаранасць – мяркуе журналістка Ірына Халіп. Сама яна і ейны муж прайшлі праз палітычныя прысуды, аднак не пагаджаюцца з тым, што цяпер на слыху толькі праблема палітвязняў.

ІРЫНА ХАЛІП, ЖУРНАЛІСТКА:

“Гэтая праблема ёсць… але нельга забываць і пра тое, з чаго пачалося. Напэўна б, нас не арыштавалі (гэта б не было магчымым), калі б у 1999–2000 гг. гэта не здарылася з нашымі сябрамі ды калегамі. Гэта ланцуг, і яго трэба разрываць. Каб яго разарваць, трэба пакараць вінаватых”.

Арганізатары кампаніі “Мы не забудзем” – маладыя хрысціянскія дэмакраты, і ўсе прысутныя вераць: вінаватых пакараюць пасля змены ў краіне палітычнага рэжыму. Але ж гэта не адзначае, што трэба маўчаць.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

“Вось будзе Парламенцкая асамблея АБСЕ ў Стамбуле – трэба, каб гэты пункт абавязкова быў у праекце рэзалюцыі. Сёння яго там няма. Будзе абірацца “Еўранэст” у Бруселі, куды з’едуцца дэпутаты, у тым ліку і з постсавецкае прасторы, трэба пра гэта гаварыць”.

Варушыцца палітык заклікае таксама ўсіх беларусаў у замежжы, каб з дапамогаю экспертаў з розных краінаў стварыць міжнародны грамадзянскі трыбунал.

Бо час бяжыць няўмольна. Ужо налета скончыцца тэрмін даўніны ў расследаванні крымінальных справаў зніклых беларускіх апазіцыянераў, і гэтыя матэрыялы лягуць на паліцы архіву.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў