У Баранавічах патрабуюць трансляцыі «Белсату» ў кабельнай сетцы


Баранавіцкі актывіст накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта 35 подпісаў пад зваротам за вяртанне забароненых каналаў у кабельную сетку і за трансляцыю «Белсату».

У сваім звароце жыхары Баранавічаў звяртаюць увагу, што «цягам апошніх гадоў кабельныя сістэмы прыбіраюць інфармацыйныя і забаўляльныя праграмы, што – парушэнне артыкулаў 33 і 34 Канстытуцыі Беларусі».

Ініцыятар звароту Рыгор Грык зазначае, што, нават калі і мала шанцаў на вяртанне забароненых каналаў у кабельную сетку трансляцыяў, за гэта трэба змагацца. «У нас каля сямі кабельных аператараў у Баранавічах. І яны ўсе раптам перасталі трансляваць «Еўраньюз», шмат якія цікавыя ўкраінскія і расейскія каналы. Кабельныя аператары ў сваіх адказах на нашыя звароты спасылаліся на забарону Міністэрства інфармацыі. А міністэрства нам тлумачыла, што гэта – фінансавае пытанне саміх аператараў, маўляў, ніякай забароны няма. Але як гэта няма забароны, калі раптам ўва ўсёй краіне знік той жа «Еўраньюз»?

Спадар Грык паведамляе, што гэта ўжо чацверты зварот жыхароў Баранавічаў наконт забароны тэлеканалаў. Гэтым разам вырашылі звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, «у звязку з тым, што ў адміністрацыі з’явіліся новыя людзі, якія, магчыма, ведаюць пра канстытуцыйныя правы грамадзянаў».

Рыгор Грык кажа, што асаблівую ўвагу ў звароце падпісанты звяртаюць на праблему трансляцыі «Белсату». «Мы просім і пра ўключэнне каналу «Белсат» у кабельную сетку, бо ў нас няма болей ніводнага каналу па-беларуску, апроч «Белсату». І сёння сапраўды трэба, каб улады падтрымлівалі гэты канал, бо крытыка на тэлебачанні мусіць быць, каб улады лепей працавалі. «Белсат» мог бы быць такім люстэркам для ўладаў. Я ўвогуле не разумею, навошта яго баяцца і хаваць яго ад людзей. Мы хочам, каб улады, кабельныя аператары правялі перамовы з каналам, каб яго можна было паказваць і ў кабельнай сетцы, бо не ўсе ж маюць спадарожнікавыя антэны».

Медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што ў Беларусі вельмі складана ацэньваць палітыку напаўнення кантэнту кожнага кабельнага аператара. Адмысловец кажа, што прычынамі зняцця з эфіру тэлеканалаў могуць быць як палітычныя, так і эканамічныя чыннікі. «Не кожны аператар можа дазволіць сабе мець падпіску на дастаткова дарагія, вядомыя тэлеканалы. Але, з другога боку, не сакрэт, што кожны з гэтых тэлеканалаў можа быць пад пэўным прэсінгам з боку ўладаў Беларусі».

Паўлюк Быкоўскі распавёў, што, сярод іншага, ён сам глядзіць тэлебачанне праз інтэрнэт, дзякуючы чаму можна абмінуць цэнзуру і глядзець тыя перадачы, якія падабаюцца. Спадар кажа, што гэты кірунак тэлетрансляцыі – больш перспектыўны ў сувязі з павелічэннем колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў.

Тэлеканал «Еўраньюз» выключылі з кабельнай сеткі ў 2012 годзе. Апроч яго, зніклі з беларускіх экранаў некаторыя расейскія і ўкраінскія тэлеканалы.

Тэлеканал «Белсат» транслюецца на Беларусь праз спадарожнікі. Навіны «Белсату» можна глядзець і ў інтэрнэце з 19 да 22 гадзіны ў працоўныя дні і з 20 да 22 у суботу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў