Калі скончыцца прыватызацыя? Расея падганяе


Міхаіл Мясніковіч сёння правёў перамовы з расейскім прэм’ерам Дзмітрыем Мядзведзевым. Галоўная тэма – прыватызацыя расейскім бокам беларускіх прадпрыемстваў.

На гэты момант у межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы разглядаецца прыватызацыя «Інтэгралу», «Горадні-Азоту», «Пеленгу», МАЗу і Менскага заводу колавых цягачоў. Перамовы наконт гэтых прадпрыемстваў адбываюцца ўжо цягам двух гадоў, і дасюль нават не агучылі пастановы, на якіх умовах Менск гатовы саступіць іх Расеі.

{movie}Раман Якаўлеўскі: Расея імкнецца скончыць прыватызацыю|right|10779{/movie}

Паводле палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, Лукашэнка гатовы перадаць у расейскія рукі гэтыя прадпрыемствы за разумную, паводле кіраўніка Беларусі, цану. Аднак у Маскве часцяком пануе іншае разуменне таго, колькі каштуе беларускае «сямейнае срэбра».

«Гэты візіт Мясніковіча – толькі чарговы этап у гэтым гандлі. І ні Мядведзеў, ні Мясніковіч нічога не вырашаюць. Лукашэнка, так бы мовіць, паслаў яго ў разведку. Хацеў бы нагадаць асаблівасць структуры беларускага ўраду – там існуе тандэм Мясніковіч–Пракаповіч. Яны не валодаюць паўнамоцтвамі, каб штосьці вырашаць. Мы ўсе сабе мяркуем, а Лукашэнка выракуе», – адзначае адмысловец.

Тым часам на сустрэчы з журналістамі Мясніковіч пасля размовы з прэм’ерам Расеі выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе прыватызацыйныя працэсы паскорацца, на што Дзмітрый Мядзведзеў парыраваў: «я лічу, што ўжо трэба ставіць кропку». Спадар Якаўлеўскі мяркуе, што Пуцін не будзе бясконца чакаць заканчэння продажу і словы Мядзведзева – гэткі злавесным намёкам на сканчэнне прыватызацыі. Пытанне толькі ў тым, якім чынам яе скончаць.

«У Лукашэнкі – адзін часавы графік, а ў Пуціна – іншы. Час ідзе, і працэс інтэграцыі, а, хутчэй, экспансіі расейскага капіталу ў Беларусі ўзмацняецца. Бясконца гэта не можа працягвацца. У першую чаргу Крэмль імкнецца выкупіць нафтапераапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку – гэтыя перлы беларускай эканомікі, безумоўна, з’яўляюцца галоўным мэтамі расейскага капіталу»,– упэўнены Раман Якаўлеўскі.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў