60-гадовая беларуска пакусала польскіх паліцэйскіх. Усё праз разбітае сэрца


Жанчына цягам цэлага года пераследавала жыхарку польскай сталіцы. Дасылала абразлівыя смс, прыходзіла з пагрозамі на працу і бесперастанна сачыла за ёю. Прычына – у рэўнасці.

Як аказалася, мужчына, які калісьці быў вельмі блізкі беларусцы, рэгулярна наведваў касметычны салон, уладальніцаю якога была пакрыўджаная полька. Беларуска прыйшла да высновы, што той пакінуў яе дзеля варшавянкі.

Полька ўрэшце не вытрымала і падчас чарговага візіту беларускі вызвала паліцыю. Калі праваахоўнікі прыехалі на месца, жанчына накінулася на іх, драпала пазногцямі, цягнула за мундзіры і ўрэшце ўкусіла паліцэйскага, які не вельмі ўсведамляў, як мае сябе паводзіць з такою агрэсіўнаю пажылою асобаю.

Беларуску прэвентыўна арыштавалі на тры месяцы, яе чакае суд паводле абвінавачання ў «сталкінгу» – навязлівым пераследзе асобы. Ёй пагражае нават два гады турмы.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў