Расея паслабіць “нафтавую пятлю”. Узамен на што?


“Ёсць там нюансікі дробныя, але я пра іх гаварыць не буду – камерцыйная тайна”, – сказаў журналістам віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка пасля таго, як стала вядома, што Беларусь атрымае гарантыі імпарту расейскай нафты.

Чыноўнік заявіў, што цяпер існуюць перадумовы для падпісання найбліжэйшым часам нафтавага балансу на другое паўгоддзе. Напачатку 2013 года сітуацыя з набыццём энерганосьбітаў была не настолькі аптымістычная. Расея адмаўлялася падпісваць пагадненні на доўгі тэрмін, запрапанаваўшы толькі трохмесячныя дамовы.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, гэткім чынам Расея выкарыстоўвае энерганосьбіты ў якасці інструменту кантролю над афіцыйным Менскам. “Вось мы вам дамо на першы квартал – карыстайцеся. А далей будзем глядзець: будзеце кепска паводзіцца – будзем менш нафты даваць. Гэта метад палітычнай і эканамічнай прывязкі”, – гэтак эксперт пракаментаваў “Белсату” сітуацыю вакол “абмежаваных” продажаў.

Паводле Уладзіміра Сямашкі, першыя два кварталы імпарт ажыццяўляўся з улікам запытаных Беларуссю 23 млн т нафты. “Учора мы абмяркоўвалі баланс. З расейскага боку да нас прэтэнзіяў няма”, – паведаміў Сямашка.

Перамовы пра баланс продажаў нафты ў трэцім і чацвёртым кварталах доўжацца прыкладна паўгода. Беларусь, нагадаем, мае намер імпартаваць сёлета з Расеі 23 млн т нафты і паставіць у РФ 3,3 млн т нафтапрадуктаў замест запланаваных раней 2,1 млн т.

Раней расейскі бок заяўляў, што аб’ёмы продажаў абмяркоўваюцца у звязцы з развязаннем праблемы экспарту беларускім бокам разбаўляльнікаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў