14 содняў у СІЗА пасля родаў і бойкі з кантралёрам


Фота: Аляксандр Кораб

14 сакавіка ў Баранавічах з-пад варты выйшла Любоў Базылевіч, якую арыштавалі ў радзільным аддзяленні. Жанчыну вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, але яе свякроў надалей застаецца ў СІЗА, паведамляе intex-press.by.

22-гадовая Любоў Базылевіч (маці траіх дзяцей) правяла ў СІЗА больш за два тыдні. Падчас арышту, яе нованароджаны сын знаходзіўся ў лякарні. Бліжэйшым часам маладая маці плануе забраць яго і зʼехаць дадому ў Жыткавічы.

Нагадаем, што 17 лютага Любоў Базылевіч разам з маці і свякроўю ехала грамадскім транспартам у жаночую кансультацыю. На адным з прыстанкаў у аўтобус зайшлі кантралёры. Талон маладой жанчыны быў прабіты двойчы, і кантралёры прапанавалі заплаціць штраф (Br 105 тыс).

Жанчыны кажуць, што такой сумы ў іх з сабой не было, піша intex-press.by. Дзяўчына паспрабавала выйсці з аўтобусу, але адзін з кантралёраў штурхнуў яе і пачалася бойка. З месца здарэння Любоў забрала хуткая дапамога. Увечары ёй зрабілі кесарава сячэнне. 24 лютага дзяўчыну забралі з радзільні ў ізалятар часовага ўтрымання, а яе сына пакінулі ў лякарні.

Суд Баранавіцкага раёну адмовіўся змяніць меру стрымання для арыштаванай. Берасцейскі абласны суд задаволіў хадайніцтва адваката і пастанавіў вызваліць Любоў Базылевіч з-пад варты. Любоў Базылевіч назвала свайго сына Багданам.

«Ад слоў Богам дадзены… Ворагу не пажадаю таго, што я перажыла: і днямі, і начамі плакала. Калі перагарала малако ў грудзях, было вельмі балюча. Ратаваў толькі масаж, які рабілі дзяўчынкі з камеры, і анальгін», – распавяла Любоў Базылевіч пасля выхаду з-пад варты.

ЮВ, belsat.eu, паводле intex-press.by

Стужка навінаў