Беларускія ўдзельнікі вайны ва Украіне ствараюць асацыяцыю ветэранаў. Што вядома?


Беларусы ваююць ва Украіне «за нашу і вашу свабоду», і некаторыя з іх ужо адваявалі. Раненні, кантузіі, псіхічныя траўмы. І калі «пункты ўваходу» ў шэрагі добраахвотнікаў створаныя і вядомыя, то арганізаваных «пунктаў выхаду» дагэтуль не было. І вось навіна – беларускія добраахвотнікі стварылі Асацыяцыю ветэранаў. Што гэта будзе за арганізацыя, як будзе працаваць, якая дапамога патрэбна? Паразмаўлялі з арганізатарам і з удзельнікам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Пра арганізацыю

14 снежня была апублікавана заява аб стварэнні Асацыяцыі беларускіх ветэранаў: «Ветэраны з розных беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў Збройных сілаў Украіны прынялі рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. Мэта Асацыяцыі – дапамога ў вырашэнні праблем беларусаў, якія праходзілі службу ў шэрагах ЗСУ (незалежна ад падраздзялення)».

Лагатып з тэлеграм-каналу Асацыяцыі беларускіх ветэранаў / bel_veterans

Аўтары заявы адзначаюць, што «ўжо цяпер людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, сутыкаюцца з праблемамі ў медычнай і юрыдычнай галінах, маюць патрэбу ў рэ-сацыялізацыі і псіхалагічнай дапамозе. Яшчэ адной важнай мэтай з’яўляецца праца са сваякамі загінулых і траўмаваных ваяроў, а таксама з сем’ямі тых, хто на дадзены момант служыць у ЗСУ». І падкрэсліваюць, што цяпер ініцыятыўная група былых вайскоўцаў займаецца наданнем такой дапамогі, аднак у бягучай сітуацыі, калі адстаўнікоў робіцца ўсё больш, «надышоў час фармалізаваць гэтую дзейнасць».

Ветэраны так акрэслілі сваю палітычную прыналежнасць: асацыяцыя не будзе часткай якога-небудзь палітычнага руху ці партыі, але не выключаецца супраца з рознымі грамадскімі прадстаўнікамі і арганізацыямі.

Асацыяцыя будзе дапамагаць і тым ваярам, якія застаюцца ва Украіне, і тым, хто выязджае за яе межы пасля заканчэння службы. Створаныя тры незалежныя філіялы: ва Украіне, Літве і Польшчы.

Павел Мар’еўскі (Марык): пакуль прымаем усіх, хто ваяваў ва Украіне

«Белсат» звязаўся з афіцыйным прадстаўніком Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. Гэта беларускі ваяр-добраахвотнік Павел Марʼеўскі (Марык). Пасля заканчэння службы ў шэрагах ЗСУ ён знайшоў сябе ў дапамозе іншым. Паводле Марʼеўскага, цяпер ветэранская арганізацыя робіць крокі да атрымання адпаведнага юрыдычнага статусу.

«Пакуль на дадзеным этапе мы займаемся пытаннямі рэгістрацыі арганізацыі, каб сфармаваць структуру і юрыдычны статус. У далейшым будзе выпрацаваны неабходны алгарытм дзеянняў для таго, каб стаць удзельнікам дадзенай арганізацыі (верыфікацыя). Пакуль што дэ-факта мы лічым усіх беларускіх добраахвотнікаў, якія пакінулі шэрагі ЗСУ па розных прычынах, удзельнікамі ветэранскай асацыяцыі», – расказаў прадстаўнік Асацыяцыі.

Марʼеўскі распавёў, што пасля вяртання з вайны ветэраны сутыкаюцца з рознымі цяжкасцямі: «Гэта пытанні легалізацыі ў краінах ЕЗ і ва Украіне, гэта пытанні сацыялізацыі. Бо многім не так проста пераключыцца з ваеннага мыслення на цывільнае, ды і што ўтойваць, многія маюць патрэбу ў рэабілітацыі, у дапамозе кваліфікаваных спецыялістаў. Бо вайна гэта не шпацыр у парку».

Герой эфіру «Белсату» Глеб Гунько: неабходную суму на рэабілітацыю сабралі за содні

Адзін з удзельнікаў Асацыяцыі беларускіх ветэранаў – Глеб Гунько, удзельнік эфіру на «Белсаце» 29 лістапада 2022 года. Тады Глеб, якому сёлета споўнілася 18 гадоў, расказаў па свой шлях на вайну, 5 месяцаў службы і сваё вяртанне да нармальнага жыцця. Хлопец распавёў пра пэўныя псіхалагічныя праблемы пасля ранення, кантузіі, страты блізкіх сяброў на вайне, як з вясёлага свойскага хлопца пераўтварыўся ў маўчуна.

Вярнуўшыся ў Польшчу на рэабілітацыю, малады ветэран высветліў, што ў ягоным пакойчыку жыве сямʼя ўцекачоў з Украіны з маленькім дзіцём. Цяпер яны ўсе разам ушасцёх жывуць на плошчы 30 квадратных метраў. Глеб спіць на падлозе і зусім не мае ўласнай прасторы ды магчымасцяў для рэабілітацыі.

У размешчаным ніжэй відэа з YouTube «Белсату» размова з Глебам Гунько – на самым пачатку роліку, першыя 20 хвілінаў.

Падчас эфіру і ў публікацыях на сайце ды ў сацыяльных сетках наша рэдакцыя папрасіла гледачоў і чытачоў падтрымаць Глеба. На рэабілітацыю і асобнае жытло Глебу было патрэбна каля 1000 еўраў.

І наш заклік быў пачуты. Пасля эфіру мы звязаліся з Глебам двойчы і пацікавіліся, што ў ягоным жыцці адбываецца цяпер.

«Патрэбную для рэабілітацыю суму мне сабралі цягам содняў. Лішкі я збіраюся пералічыць у ветэранскую арганізацыю, бо шмат каму патрэбная дапамога, як і мне. Адпачыць яшчэ не зʼездзіў, вот збіраюся на Каляды», – расказаў малады ветэран.

Мы пацікавіліся пра стаўленне Глеба да ініцыятывы стварыць Асацыяцыю беларускіх ветэранаў.

«Гэта вельмі патрэбная ініцыятыва. Я сам удзельнічаю ў гэтым руху і анансаваў стварэнне арганізацыі падчас эфіру на «Белсаце». Што тут сказаць яшчэ? Гэта вельмі неабходная рэч сёння, неабходная праца, у ветэранаў шмат праблем. І добра, што мы самі і ўзяліся за гэту справу. Бо мы найлепей разумеем і далікатнасць гісторыі кожнага ваяра, і яго патрэбы. Будзем працаваць. Ды і ўжо працуем», – адзначыў Глеб Гунько.

Паводле Гунько, толькі ў польскай філіі АБВ – каля 50 чалавек. Малады ветэран спадзяецца на тое, што арганізацыя будзе працаваць у духу вайсковага братэрства. «Мы дамовіліся, што кожны робіць сваю частку справы, і не будзе нейкіх галоўных людзей, вакол якіх усё круціцца. Мы ўсе важныя і важна тое, што мы рабілі дзеля іншых, робім і працягнем рабіць. Мяркую, што так і будзе».

Як дапамагчы беларускім ветэранам

Хлопцы з Асацыяцыі беларускіх ветэранаў адкрытыя для супрацы з іншымі арганізацыямі і асобамі ды просяць звязвацца з імі праз «Тэлеграм» або праз электронную пошту belveterans@gmail.com.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў