З КДБ – у намеснікі гендырэктара. Хто кіруе зачысткамі ў «Белтэлекаме»


Кадравыя чысткі нелаяльных прыхільнікаў не абышлі бокам і найбуйнейшага ў краіне аператара сувязі – дзяржаўную кампанію «Белтэлекам». Як кажуць, адмыслова для гэтага на прадпрыемстве ўвялі новую пасаду – намеснік генеральнага дырэктара па кадрах, бяспецы і рэжыме.

Андрэй Заліўка, намеснік генеральнага дырэктара па кадрах і бяспецы Белтэлекама. Фото: Белтелеком

«Знаходзіўся на ваеннай службе»

З ліпеня 2021 года гэтую пасаду займае нехта Андрэй Заліўка. У яго абавязкі ўваходзіць рэалізацыя «дзяржаўнай кадравай палітыкі і кадравай стратэгіі прадпрыемства», «кіраўніцтва і кантроль дзейнасці структурных падраздзяленняў прадпрыемства па забеспячэнні рэжымных мер, у тым ліку фізічнай аховы, інфармацыйнай і ўласнай бяспекі, абароны дзяржаўных сакрэтаў; па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, грамадзянскай абароне, мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемства».

Артыкулы
«Папрасілі б павесіць, знайшлі б прычыну». У Хойніках на дзяржпрадпрыемствах ідзе зачыстка нелаяльных
2021.12.09 10:55

Пра біяграфію новага намесніка гендырэктара «Белтэлекаму» амаль нічога не паведамляецца. Паводле сайта прадпрыемства, ён нарадзіўся ў 1971 годзе Менску. У 1995-м скончыў Беларускую дзяржаўную палітэхнічную акадэмію, а ў 2017-м – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Аб яго працоўнай дзейнасці паведамляецца толькі да 1995 года – моманту заканчэння вучобы ў БДПА. А астатнія 26 гадоў – з 1995 па 2021 год, пакуль ён не быў пераведзены ў «Белтэлекам», Андрэй Заліўка «знаходзіўся на ваеннай службе». Дзе ён служыў, чым займаўся, не ўдакладняецца.

«Тры дні катавалі Пальчыса»

Але таямніцу 26-ці гадоў дапамагае раскрыць тэлеграм-канал «Нік и Майк». Паводле яго звестак, Заліўка служыў у КДБ, дзе ў званні палкоўніка ўзначальваў 4-е Галоўнае ўпраўленне па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам.

«Гэта тое самае палітычнае ўпраўлення КДБ, якое стаяла за арыштам усіх блогераў і лідараў меркаванняў напярэдадні выбараў і пасля. Менавіта супрацоўнікі гэтага ўпраўлення тры дні катавалі Пальчыса, пакуль сваякі шукалі яго па ўсёй краіне», – адзначаюць «Нік і Майк».

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

Аднак, паводле іх інфармацыі, «палкоўнік Заліўка ціха рабіў сваю справу, асабліва не свяціўся, не трапіў ні ў водны санкцыйны спіс і чакаў пенсіі». А ў якасці падарунка на 50-годдзе атрымаў пасаду намесніка гендырэктара ў «Белтэлекаме».

Пайшлі звальненні

І вось цяпер «Белсату» паступаюць паведамленні аб звальненнях на прадпрыемстве супрацоўнікаў, затрыманых раней за ўдзел у «несанкцыянаваных» акцыях. Вядома ўжо пра некалькіх звольненых.

Як паведамляецца, звальненнямі кіруе асабіста Заліўка, які выклікае да сябе начальнікаў нелаяльных супрацоўнікаў.

У выпадку адмовы напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні, ім, сярод іншага, пагражаюць раптоўнымі праверкамі па ахове працы, у выніку чаго іх «у любым выпадку» звольняць.

Паводле суразмоўцаў «Белсата», кіраўніцтва баіцца новага намесніка гендырэктара. А вось калегі звольненых у асноўным ім спачуваюць.

А што сам Заліўка?

Мы паспрабавалі звязацца з Андрэем Заліўкам, каб папрасіць яго каментар у сувязі з абвінавачваннямі, але ні па тэлефоне прыёмнай, ні па яго нумары, паказаным у онлайн-базах дадзеных, ніхто не зняў трубку.

А прадстаўнікі тэлеграм-каналу «Нік і Майк» паабяцалі карэспандэнту «Белсата» не зацягваць з публікацыяй новых звестак пра намеснік гендырэктара «Белтэлекама» па кадрах, бяспецы і рэжыму.

Не толькі «Белтэлекам»

Нагадаем, што падобныя пасады за апошні год паўсталі і на іншых прадпрыемствах у Беларусі. Напрыклад, у канцэрне «Беларуснафта» яе займае верасня Аляксандр Ткачоў – таксама былы супрацоўнік КДБ.

Сам ён сваю датычнасць да палітычных зачыстак адмаўляе.

Hавiны
Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»
2021.11.26 15:50

У цэлым аб масавых звальненнях на падставе спецыяльных спісаў паведамляюць работнікі з розных сфер і розных куткоў краіны. Адных звальняюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, іншых – за меркаваны ці пацверджаны ўдзел у акцыях пратэсту.

Масавыя звальненні заўважаныя ў нелаяльнасці работнікаў пачынаюць прыносіць першыя эканамічныя цяжкасці. І ўлады ўжо нават гэта прызнаюць, хай і пакуль даволі нясмела.

Артыкулы
«Папрасілі б павесіць, знайшлі б прычыну». У Хойніках на дзяржпрадпрыемствах ідзе зачыстка нелаяльных
2021.12.09 10:55

МГ/ММ belsat.eu

Стужка навінаў