Паліну Шарэнду-Панасюк у калоніі пазбавілі цёплых рэчаў і харчовых пасылак


Да палітычнай зняволенай не пускаюць адваката, пазбаўляюць цёплых рэчаў і пасылак з ежай. Андрэй Шарэнда кажа, што ў гомельская жаночай калоніі здзекуюцца не толькі з ягонай жонкі.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

«Учора, 13 снежня, Паліну мусіў наведаць адвакат, які спецыяльна з Берасця прыехаў у Гомель у дзень, калі дазволеныя спатканні вязняў з адвакатамі. Але ў папраўчаю калонію яго проста не пусцілі. Адміністрацыя спачатку аргументавала гэта тым, што спатканне не магчымае, але пазней проста прыдумала адгаворку, што нібыта палітзняволеная не хоча сустрэчы з адвакатам. Зразумела, што гэта хлусня», – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Ён адзначае, што ўжо месяц ад Паліны няма ніводнага ліста. 1 снежня яе змясцілі ў штрафны ізалятар – ужо пяты раз за апошнія 4 месяцы. Ці выйшла Паліна з карцара, невядома, няма і звестак аб ейным стане здароўя.

З самага пачатку Паліну пазбавілі тэлефанаванняў і спатканняў у калоніі, ад яе даходзілі толькі рэдкія лісты. Але і гэта яшчэ не ўсё.

«Вярнулася назад пасылка з цёплымі рэчамі. Маці Паліны не раз удакладняла ў адміністрацыі калоніі, ці можна даслаць пасылку, і толькі калі Паліне дазволілі перадаць спіс неабходных ёй цёплых рэчаў, гэтую пасылку сабралі і даслалі. Гэта каштавала шмат грошай і высілкаў для жанчыны сталага веку. І тое, што пасылка вярнулася назад, ды яшчэ за грошы з турэмнага рахунку Паліны, стала сапраўдным шокам для маці», – тлумачыць Андрэй Шарэнда.

Таксама ён нагадвае, што ягоную жонку пазбавілі харчовых пасылак да вясны, і ў яе да мінімуму абмежавана сума на закупы ў турэмнай краме.

«Я расцэньваю дзеянні адміністрацыі ПК № 4 як мэтанакіраваныя здзекі і катаванні з палітзняволенай. Лічу гэта помстай за яе стойкую грамадзянскую пазіцыю, спробай зламаць яе дух. Прашу сусветныя праваабарончыя арганізацыі звярнуць увагу, што супраць маці і жанчыны проста ў цэнтры Еўропы выкарыстоўваюцца катаванні. Толькі супольная жорсткая пазіцыя супраць дыктатара Лукашэнкі ды ягоных хаўруснікаў і ўвядзенне новых больш жорсткіх эканамічных санкцыяў можа змяніць сітуацыю з палітвязнямі, якіх ужо налічваецца значна больш за тысячу. Іх здароўю і жыццю пагражае рэальная небяспека», – кажа Андрэй Шарэнда.

Артыкулы
Сям’ю палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк пазбавілі жытла і рэгістрацыі ў Беларусі
2021.12.07 14:22

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня ўдома, туды ўварваліся сілавікі. Пазней берасцейскія ўлады пазбавілі сям’ю гэтага арэнднага жытла.

Суд Маскоўскага раёну Берасця 9 чэрвеня прызначыў жанчыне два гады калоніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзідэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364).

Паліна не прызнае гэтую ўладу і лічыць сябе захопленай у палон. Летам яе ўганаравалі ўкраінскім Крыжам «За годнасць у палоне».

Hавiны
Што такое годнасць у палоне, і ці важнейшая яна за захаванне жыцця? Тлумачаць былыя палонныя «ЛНР»
2021.06.16 14:22

АC belsat.eu

Стужка навінаў