Музыкаў «Irdorath» Надзею і Уладзіміра Калачоў асудзілі на 2 гады калоніі


Лідараў фолк-гурта «Irdorath», палітвязняў Надзею і Уладзіміра Калачоў, асудзілі на 2 гады калоніі за гранне музыкі на маршах пратэсту. З улікам часу ў СІЗА тэрмін скарочаны: не два, а паўтара года.

Гурт «Irdorath» падчас пратэстаў 2020 года ў Менску, Беларусь.
Фота: spring96.org

Такі вырак Надзеі і Уладзіміру Калачам агучыў 14 снежня суддзя Аляксандр Якунчыхін, піша Беларуская рада культуры. Музыкаў прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «навучанні ці іншым рыхтаванні асоб для ўдзелу такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці» (ч. 2 арт. 342 КК).

Абвінавачанне выставілі за ўдзел у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Сярод іншага музыкі гралі песню «Перамен» Віктара Цоя.

Яшчэ трое музыкаў з «Irdorath»Пётр і Юлія Марчанкі, Антон Шніп – застаюцца ў СІЗА на Валадарскага ў чаканні суда.

Музыкаў затрымалі 2 жніўня 2021 года: узброеныя байцы без апазнавальных знакаў схапілі 16 чалавек, якія адзначалі дзень народзінаў Надзеі Калач на лецішчы. Шасцёх асудзілі на 15 содняў за «непадпарадкаванне», пакінулі за кратамі і зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе.

Артыкулы
Дудар Зміцер Шыманскі ўцёк у Польшчу ад «хіміі» за гранне на маршы пратэсту
2021.11.20 20:59

«Irdorath» з 2011 года грае музыку, падобную ў стылі да фолку, але з элементамі фэнтэзі, выкарыстоўвае яскравыя фэнтэзі-касцюмы і нярэдка ладзіць канцэрты-перформансы з неонавым і вогненным шоу.

Кампазіцыю «Быў. Ёсць. Буду» назвалі ў 2016-м «Песняй года» на партале Tuzinfm.by. Выдалі тры студыйныя альбомы, апошні на сёння – «Wild» 2017 года.

Гурт актыўна гастраляваў да пандэміі каронавіруса, у 2017 годзе выступаў на найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы «Wacken», што ладзілі на поўначы Нямеччыны.

Удзельнікі гурта гралі на маршах пратэсту ў 2020 годзе, сярод іншага выконвалі песню «Перамен» на дудах і бубнах. За ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці музыкаў у канцы 2020-га звольнілі з працы ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя», пазбавілі пляцоўкі для рэпетыцыяў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў