ГУБАЗіК і пенісы. Чаму сілавікі засяроджваюць увагу на сексуальным жыцці затрыманых


На кадрах з ператрусаў у кватэрах беларусаў нярэдка фігуруюць секс-цацкі, а на «пакаянных відэа» людзі «каюцца» ў аднаполых стасунках. Навошта такое здымаюць, калі справы відавочна палітычныя?

Варта заўважыць: праўладныя медыі і дзяржаўныя Telegram-каналы не раз публікавалі «пакаянныя відэа», на якіх людзі мелі сляды катаванняў, а таксама не аднойчы паведамлялі пра сумнеўныя знаходкі падчас ператрусаў. Невядома, ці сапраўды адносяцца да ЛГБТ-супольнасці тыя, хто ў гэтым «каяўся» і ці не падкінулі секс-цацкі самі сілавікі.

«Белсат» спытаў менскага псіхолага, які пажадаў застацца ананімным, чаму сілавікі столькі ўвагі надаюць сексуальнаму жыццю затрыманых, і да чаго такая ўвага можа прывесці.

Каму гэта адрасавана

Казаць пра нейкую вонкавую аўдыторыю не даводзіцца, мяркуе псіхолаг. Гэтыя відэа нясуць выразную злосць. Нават гамафоб ці глыбока рэлігійны чалавек гэтых відэа не будзе глядзець з задавальненнем: з гледзішча хрысціянства ў іх не крытыкуюць грэх, а проста паказваюць яго, а гамафобу на такое проста не будзе прыемна глядзець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзін з падарункаў, якія ўдзельнікі Маршу міру і незалежнасці прынеслі як «віншаванне» для «так званага прэзідэнта» да рэзідэнцыі Лукашэнкі.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ва ўсіх гэтых каналаў ёсць адзіны глядач, які задае тон гэтага ўсяго, – тлумачыць псіхолаг. – Менавіта густы і каштоўнасці гэтага чалавека яны адлюстроўваюць».

Гэтыя відэа хутчэй арыентаваныя «на сваіх». У аснове – табуяванасць тэмы сексу ў беларускім грамадстве, а асабліва ў класічных патрыярхальных «залішне маскулінных» супольнасцях сілавікоў. Паказаць хочуць: «Глядзіце, якія яны, а якія мы».

Ды суразмоўца звяртае ўвагу, што навіны тых жа «Жёлтых сливов» (ананімны Telegram-канал, звязаны з ГУБАЗіКам і дзяржаўнай тэлевізіяй) чытае істотна менш карыстальнікаў, чым падпісана на канал. Магчыма, сэнс настолькі абуральных навінаў у тым, каб звярнуць увагу на свой канал – і каб прачыталі «суседнія» навіны.

Hавiны
Сігнал маўчаць ці культ беднасці? Што значаць затрыманні топ-супрацоўнікаў A1, «Hyundai» і EPAM
2021.12.13 23:04

Менавіта чытаюць, а не проста падпісаныя, якраз «людзі ў пагонах», для якіх гомасексуальнасць і секс-цацкі – не «па паняццях» і не «па-пацанску», адзначае псіхолаг. Гэтую частку аўдыторыі такія пасты будуць забаўляць, гэта ўнутраны гумар. Але істотная частка аўдыторыі праўладных Telegram-каналаў падпісаная на іх не добраахвотна, мяркуе суразмоўца.

«Яны гэтым могуць адпудзіць нейтральную аўдыторыю, за якую цяпер асноўная барацьба і ідзе. Тое, што яны паказваюць, і з гледзішча хрысціянскай маралі няправільна. Яны адным пастом абражаюць адразу некалькі аўдыторыяў», – разважае псіхолаг.

Нават сярод сілавікоў гэта можа даць адваротны эфект

Хоць многія сілавікі жывуць «па паняццях» і «па-пацанску», за моцным мужчынам заўсёды стаіць жанчына, тлумачыць псіхолаг. Моцнаму на працы можа быць патрэбнае падтрыманне ўдома.

Марш герояў
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Дэманструючы негуманнае стаўленне да кагосьці, яны перадусім кепска ўплываць на жаночую аўдыторыю, – кажа псіхолаг пра аўтараў «пакаянных відэа». – Першыя, хто будуць іх дакараць, гэта жонкі. І напэўна ж, нават міліцыянты спрабуюць неяк разнастаіць сваё сексуальнае жыццё. Гэта будзе яшчэ адзін шлях да сварак у іхных сем’ях. Сёння ўявіць сабе дарослую сям’ю, якая хоць раз не выкарыстоўвала секс-цацкі, даволі цяжка».

Акрамя таго, характар гэтых відэа можа казаць і аб утоенай і здушанай гомасексуальнасці аўтараў, адзначае псіхолаг. Урэшце, прычынай прыходу ў маскулінны мужчынскі калектыў можа быць просты інтарэс да мужчынскага цела.

Аналітыка
Эксперты: Улады намагаюцца перанесці свой страх на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць
2021.12.04 17:00

Што рабіць, калі патрабуюць на камеру «прызнацца» ў гомасексуальнасці

Беларускае грамадства хутчэй патрыярхальнае, не талерантнае. Прызнанне «нетрадыцыйнай арыентацыі» можа мець наступствы ў грамадстве, выклікаць непрыманне. Нават у звычайных абставінах чалавеку цяжка прызнацца ў гомасексуальных дачыненнях, такое рэдка прымаюць нават бацькі таго, хто робіць камінг-аўт.

З іншага боку, мяркуе суразмоўца, цяпер адбываецца столькі падзеяў, што калі чалавек адбудзе «содні», то ягоныя «пакаянныя відэа», калі на іх не акцэнтаваць увагі, «выпадуць з парадку дня» і будуць ужо не настолькі актуальныя. Да таго ж, людзі ўжо больш талерантна ставяцца да сказанага ў кабінеце начальніка 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу Міхаіла Бедункевіча або ў іншых байцоў ГУБАЗіКу.

У выпадку, калі чалавек трапляе да сілавікоў, «трэба выжываць», заяўляе псіхолаг:

«Чалавек мусіць у любы момант зберагчы сваё здароўе. А гэта значыць, казаць, што могуць патрабаваць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ды суразмоўца адзначае, што няма патрэбы адразу «прызнавацца ва ўсіх магчымых грахах». Следчы можа запужаць да таго, што затрыманы сам прызнаецца ў тым, чаго і не прасілі, а адказваць трэба толькі на пытанні, якія ставяць перад затрыманым. Знайшлі цацку – можна сказаць: «Гэта не маё». Спыталі, што гэта – не расказваць, як гэтым карыстаецеся, а проста адказаць: «Фалаімітатар». Трымацца ад самаагаворвання, пакуль гэта бяспечна ці пакуль ёсць сілы трымаць удар.

«Калі вы гетэрасексуал, то вы гетэрасексуал, не трэба на сябе нагаворваць. Але калі вас за гэта б’юць, то канечне, вы можаце сказаць што заўгодна, бо ў вас задача – выжыць», – падкрэслівае суразмоўца.

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў