94 гады турмы ў «справе Ціханоўскага», крымінал у закліках да санкцыяў. Галоўнае за 14 снежня


Палітычны крызіс пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі трывае 491 дзень. Улады не паказваюць прыкметаў замірэння. «Белсат» пераказвае галоўныя падзеі 14 снежня.

Акцыя салідарнасці ў менскай Лошыцы. 14 снежня 2021 года.
Фота: чытачы Белсату

Галоўнай навіной дня сталі жорсткія выракі фігурантам «справы Ціханоўскага». Сяргея Ціханоўскага пасадзілі на 18 гадоў, адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову прысудзілі 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму. Уладзімір Цыгановіч і Ігар Лосік асуджаныя на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мікола Статкевіч – да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асобага рэжыму.

Артыкулы
«Мы не спынімся». Святлана Ціханоўская, Марына Адамовіч і Дар’я Лосік пра гомельскі прысуд
2021.12.14 15:06
Hавiны
«Амаль сто гадоў на шасцярых». Як у сацсетках каментуюць вырак фігурантам справы Ціханоўскага
2021.12.14 17:34
Артыкулы
Еўразвяз і ЗША заклікалі вызваліць асуджаных у «справе Ціханоўскага»
2021.12.14 20:44
Hавiны
Беларусы замежжа зладзілі акцыі салідарнасці з асуджанымі ў «справе Ціханоўскага». ФОТА
2021.12.14 21:24

І гэта далёка не адзіны эпізод палітычных рэпрэсіяў за дзень. Перад прысудам у «справе Ціханоўскага» затрымалі журналіста Анатоля Гатоўчыца, аштрафавалі на Br 580. Выкладчыцу БДУ затрымалі проста на занятках за фота з пратэстаў. За відэа з пратэстаў і рэпосты «экстрэмісцкіх» каналаў затрымалі дырэктара кампаніі «Aivitam» Дзмітрыя Досава. А Паліну Шарэнду-Панасюк у калоніі пазбавілі цёплых рэчаў і харчовых пасылак.

Музыкаў «Irdorath» Надзею і Уладзіміра Калачоў асудзілі на 2 гады калоніі за гранне музыкі на маршах пратэсту. Гарадзенца Дзяніса Зубрыцкага асудзілі за ўдзел у Маршы адзінства на 2 гады «хіміі». Анатоля Шалковіча, які стварыў мэм пра любоў да памідораў, трэці раз асудзілі на 15 дзён арышту.

«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» назвалі ініцыятывы «BY_help», «Беларуcам.рl» і «Media Solidarity Belarus». Фонд «BYSOL» назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ 3 снежня.

Артыкулы
«Значна павялічылася колькасць людзей, якія паміраюць у месцах зняволення». Чаму?
2021.12.14 11:51

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон (які сам і даручыў вынесці на разгляд), які ўводзіць крымінальную адказнасць за заклікі да санкцыяў, пакаранне – да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У той жа дзень прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі прыгразіў Менску новымі санкцыямі ў выпадку эскалацыі на мяжы, а польскія сілавікі апазналі беларускага сілавіка, які кіраваў нападам мігрантаў: пішуць, гэта быў намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, генерал-маёр Раман Подлінеў.

А ў Літве не спыняецца скандал праз транзіт угнаенняў «Беларуськалію», які працягваецца, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі. Увесь урад Літвы можа сысці ў адстаўку.

Hавiны
У Нямеччыну праз Беларусь патрапілі амаль 11 тыс. мігрантаў
2021.12.14 10:00

Сталі вядомыя планы на рэспубліканскі бюджэт 2022 года. Галоўнае – набраць новых крэдытаў. Пакуль жа ў Беларусі рэкордна вырасла грашовая маса.

«Чысткі» на дзяржаўных прадпрыемстваў працягваюцца. Паводле «ByPol», масавыя звальненні дабраліся і да МУС. Звольніць могуць нават міністра Івана Кубракова. На «Белтэлекаме» ўвялі адмысловую пасаду для палкоўніка КДБ, які будзе займацца «чысткамі». Камандзіра байцоў «Алмазу» раптоўна прызначылі намеснікам дырэктара спарткомплексу «Стайкі» – «Трыбуна» піша, ён таксама будзе займацца «чысткамі». У менскіх ліцэях № 1 і № 2 не проста «чысткі» – самі ліцэі збіраюцца закрыць.

Былі 14 снежня і добрыя навіны – праўда, не з Беларусі, а з Паўднёвай Афрыкі. Там правялі першае маштабнае даследаванне штаму о-мікрон віруса SARS-CoV-2. Хай гэты штам і выклікае больш паўторных заражэнняў, але пры ім менш шпіталізацыяў, а вакцыны супраць яго засталіся эфектыўнымі: хоць ужо слабей бароняць ад заражэння, затое даволі добра бароняць ад шпіталізацыі.

Hавiны
Апублікавалі першае даследаванне штаму о-мікрон. Вакцыны працуюць, але слабей
2021.12.14 15:48

АА belsat.eu

Стужка навінаў