У Турцыі затрымалі падазраванага ў рыхтаванні тэракту ў цэнтры Стамбулу


Турэцкая паліцыя затрымала падазраванага ў здзяйсненні выбуху ў Стамбуле. Ён пакінуў бомбу, якая выбухнула на вуліцы Істыкляль, паведамляе міністр унутраных справаў Турцыі Сюлейман Сойлу, як перадае агенцтва «Anadolu».

Сюлейман Сойлу пасярэдзіне. Крыніца: aa.com.tr

«Чалавек, які ўчыніў інцыдэнт і пакінуў бомбу, затрыманы брыгадамі нашага паліцэйскага ўпраўлення Стамбулу. Да гэтага быў затрыманы яшчэ 21 чалавек», – сказаў Сюлейман Сойлу.

Як паведаміў міністр, паводле папярэдніх звестак, за тэрактам стаяць забароненыя ў Турцыі арганізацыі: баевікі сірыйскага крыла Працоўнай партыі Курдыстану і Партыі дэмакратычнага адзінства. Яны прызнаныя тэрарыстычнымі. «Нашая ацэнка такая, што загад аб смяротным тэрарыстычным нападзе паступіў з Айн-аль-Арабу на поўначы Сірыі, дзе месціцца сірыйская штаб-кватэра Працоўнай партыі Курдыстану і Злучэнняў абароны народу», – сказаў Сойлу.

Напярэдадні віцэ-прэзідэнт краіны Фуат Актай заявіў, што ўлады лічаць выбух на вуліцы Істыкляль у Стамбуле тэрактам. «Мы лічым гэта тэрарыстычным актам у выніку таго, што нападнік, якога мы лічым жанчынай, узарваў бомбу», – сказаў Актай.

У выніку выбуху на турыстычнай вуліцы Істыкляль напярэдадні шэсць чалавек загінулі, яшчэ 81 асоба пацярпела. Паводле Сойлу, 50 чалавек ужо адпушчаныя са шпіталю, пяцёра застаюцца ў рэанімацыі, з іх двое – у крытычным стане.

Выбух на вуліцы Істыкляль у Стамбуле. Крыніца: focus.ua
Абноўлена
У цэнтры Стамбулу прагрымеў выбух
2022.11.13 17:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў