У Менску без ацяплення і гарачай вады засталіся больш за 160 дамоў, дзіцячыя садкі і школы


У панядзелак, 14 лістапада, у менскім мікрараёне Малінаўка на паўднёвым захадзе сталіцы з 9:00 без ацяплення і гарачай вады засталіся 164 жылыя дамы, 13 дзіцячых дашкольных установаў, 6 сярэдніх школаў і 2 паліклінікі, паведамляе «Менскэнерга».

Раён Малінаўкі. Крыніца: kufar.by

Як паведамляе «Менскэнерга», прычына адлучэння – планавыя рамонтныя працы для замены кампенсатара. Гэта прылада, якая ўспрымае і кампенсуе перасоўванні, тэмпературныя перапады, вібрацыі, зрушэнні, якія ўзнікаюць пры працы абсталявання трубаправоду.

«З прычыны вялікага аб’ёму рамонтных працаў энергетыкі робяць усё магчымае для больш хуткага аднаўлення цеплазабеспячэння спажыўцам. Арыентацыйны час улучэння гарачага водазабеспячэння і ацяплення – 24:00 14 лістапада», – паведамляе прадпрыемства.

Гарачая вада і ацяпленне адлучаныя ў шэрагу спажыўцоў: як Менскія цеплавыя сеткі, гэтак і «Менсккамунцяплосетка». Поўны пералік адлучаных будынкаў ёсць на сайце «Менскэнерга». Яны размешчаныя на вуліцах Рафіева, Ясеніна, Громава, Слабадской, Бялецкага, праспектах Любімава і газеты «Звязда».

Рамонтныя работы праводзяць на цепламагістралі № 59 дыяметрам 1000 мм. У студзені 2021 года на гэтай жа цепламагістралі ўжо была аварыя: тады ў халады таксама без цяпла і электрычнасці застаўся шэраг дамоў.

Гісторыі
Падслуханае. Дыялогі ў менскім электравіку
2022.11.13 07:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў