«Мы рухаемся наперад»: Уладзімір Зяленскі прыехаў у вызвалены Херсон

Прэзідэнт Украіны 14 лістапада прыехаў у вызвалены Херсон, паведамляе «Reuters». Уладзімір Зяленскі таксама апублікаваў здымкі з гораду ў сваім тэлеграм-канале.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Херсон 14 лістапада 2022 года. Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram

«Мы рухаемся наперад. Мы гатовы да міру, міру для ўсёй нашай краіны», – сказаў Уладзімір Зяленскі, звяртаючыся да вайскоўцаў на галоўнай плошчы гораду.

Зяленскі падзякаваў NATO ды іншым саюзнікам за падтрыманне ў вайне супраць Расеі і сказаў, што дастаўка рэактыўных артылерыйскіх сістэмаў HIMARS з ЗША мела вялікае значэнне для Кіева.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Херсон 14 лістапада 2022 года. Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram
Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram
Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram

«Я сапраўды шчаслівы, гэта бачна з рэакцыі людзей, іхная рэакцыя не пастановачная. Народ чакаў украінскае войска, нашых салдатаў, усіх нас», – сказаў Зяленскі.

Таксама ўкраінскія прэзідэнт дадаў, што яму было важна наведаць Херсон, каб падтрымаць жыхароў, якія перажылі каля васьмі месяцаў расейскай акупацыі, і прадэманстраваць ім, што «мы сапраўды ўздымаем наш сцяг».

«Мне здаецца, трэба быць тут, падтрымліваць херсонцаў, падтрымліваць людзей. Каб яны адчувалі, што мы не толькі пра гэта гаворым, не толькі абяцаем, а мы сапраўды вяртаемся, сапраўды ўздымаем наш сцяг. А яшчэ па-чалавечы вельмі хочацца атрымаць эмоцыі, энергіі ад людзей. Гэта таксама матывуе», – растлумачыў прэзідэнт.

На пытанне, куды ўкраінскія сілы могуць наступаць далей, ён адказаў: «Не на Маскву… Нас не цікавяць тэрыторыі іншай краіны».

Акрамя Зяленскага, у Херсон прыехалі кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ермак, ягоны намеснік Кірыла Цімашэнка і некаторыя міністры.

Таксама падчас візіту ў Херсон Уладзімір Зяленскі ўручыў узнагароды ўкраінскім вайскоўцам.

Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram
Фота: V_Zelenskiy_official/Telegram

Херсон быў пад расейскай акупацыяй з 2 сакавіка і перайшоў пад кантроль украінскіх войскаў 11 лістапада. Цяпер у горадзе аднаўляюць інфраструктуру, трывае размініраванне тэрыторыяў. Уведзеная каменданцкая гадзіна.

Уладзімір Зяленскі заявіў аб больш за 400 ваенных злачынстваў расейскіх салдат у Херсонскай вобласці

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны