Ізноў сабралі меней. Што адбываецца паміж беларусамі і бульбаю


У гаспадарках Беларусі чацвёрты год запар зніжаецца абʼём вырашчанай бульбы. Памяншаюцца і іншыя паказнікі, звязаныя з гэтаю гароднінаю, што некалі прэтэндавала на статус нацыянальнага сімвалу. Разбіраліся, чаму так атрымліваецца, і як выглядае сітуацыя з бульбаю ў суседняй Украіне ды ўвогуле ў свеце.

Збор бульбы ў Менскай вобласці.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Вытворчасць бульбы ў Беларусі скарачаецца

Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках Беларусі на дзень 8 лістапада бульбу сабралі з 26 тыс. га, гэта 100 % ад запланаванага. Ураджай склаў 789,9 тыс. т.

Ураджай атрымаўся меншым, чым прагназавалі. Так, намесніца начальніка ўпраўлення вытворчасці бульбы і садавінна-гароднінавай прадукцыі Мінсельгасхарчу Таццяна Гумянюк казала на прэс-канферэнцыі 13 верасня, што валавы збор бульбы ў сельгаспрадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках сёлета будзе на 6 % большы за мінулагодні і складзе 934 тыс. т.

Зніжэнне аб’емаў вытворчасці ў прамысловых бульбаводаў назіраецца чатыры гады запар: сёлета бульбы сабралі на 8,89 % менш, чым летась, на 13,68 % меней за 2020 г. і на 28,27 % меней за ўраджай 2019-га.

Увогуле са звестак афіцыйнай статыстыкі бачна, што вытворчасць бульбы ў Беларусі мае некалькі важных тэндэнцыяў: скарачаецца аб’ём вырошчвання не толькі ў «прамыславікоў», але і ўва ўсіх катэгорыях гаспадарак, за рэдкім выключэннем фермераў; памяншаюцца плошчы пасеваў ува ўсіх катэгорыях гаспадарак, ураджайнасць вырасла ўва ўсіх катэгорыях беларускіх бульбаводаў, але цяпер яна падае.

На дыяграме добра бачна, як з 1995 г. мяняўся валавы збор бульбы ў Беларусі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, валавы збор бульбы ў Беларусі за перыяд з 1995 да 2021 г. паменшыўся амаль утрая, валавы збор з хатніх гаспадарак паменшыўся яшчэ заўважней – амаль у 3,5 разу. У 3 разы паменшылася вытворчасць і сельскагаспадарчых арганізацыяў (калгасаў, саўгасаў і агракамбінатаў). У агульнай структуры валавога збору пэўны рост назіраецца ў фермерскіх гаспадарках. Ведаючы колькасць насельніцтва, не складана разлічыць, што пры валавым зборы бульбы ў 2021 г. 3 409 300 т статыстычная вытворчасць на аднаго чалавека склала 368,4 кг бульбы.

Зніжэнне вытворчасці адбываецца на фоне заўважнага змяншэння плошчаў пасеваў бульбы. У параўнанні з 1995-м у 2021 г. пад бульбу адвялі амаль у 3 разы меней пасеваў.

Пры павышэнні ўраджайнасці з аднаго гектара можна атрымліваць бульбы, як раней з некалькіх. Аднак сярэдняя ўраджайнасць хоць і падрасла за час з 1995 г., аднак не так значна, як скараціліся пасевы.

Кажучы пра афіцыйную статыстыку, трэба адзначыць, што Мінсельгасхарч і Белстат прыводзяць адрозныя лічбы валавога збору бульбы, асабліва за апошнія гады. На меркаванне экспертаў, гэта чыста тэхнічнае, ведамаснае разыходжанне, не істотнае.

Эксперт у сельскагаспадарчых рынках Пётр Марозаў мяркуе, што на аператыўныя разлікі паўплывалі звесткі перапісу насельніцтва 2019 г. У Беларусі, як ва Украіне і шэрагу іншых краінаў пры разліку штогадовых абʼёмаў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюцца звесткі перапісу насельніцтва, у якіх ёсць інфармацыя і пра прысядзібныя гаспадаркі. «Менш людзей указалі, што вырошчваюць бульбу, вось валавы збор у версіі Белстату і меншы», – лічыць Пётр Марозаў. Мінсельгасхарч, як іншае ведамства, можа карыстацца старэйшымі звесткамі.

Яшчэ адзін эксперт у галіне сельскай гаспадаркі, Мікалай Лысенкаў, кажа, што разыходжанне ў аператыўнай статыстыцы Мінсельгасхарчу і Белстату звязана з механізмам падліку: валавую статыстыку хатніх гаспадарак ствараюць старшыні сельсаветаў і гэтыя лічбы даволі ўмоўныя. «Паглядзелі, колькі летась было, колькі раней было і пішуць прыблізныя лічбы. Калі могуць растлумачыць нешта неўраджаем, напрыклад, то менш паказваюць, калі ёсць меркаванне, што бульба ўрадзіла – то больш паказваюць», – лічыць Лысенкаў. «Методыкі статыстычнай справаздачы навукова абгрунтаваныя, але практыка менавіта такая». Да Мінсельгасхарчу справаздачы сельсаветаў наўпрост не даходзяць, яны ідуць у па ланцужку спачатку ў Белстат і там адбіваюцца ў аўтаматызаванай сістэме. «У цэлым гэта мае невялікае значэнне. Важней справаздачнасць вытворчасці і продажаў прадукцыі», – рэзюмуе Лысенкаў.

Ці ёсць прычыны хвалявацца

Пётр Марозаў адзначае, што сапраўды, у Беларусі зменшыліся і плошчы пасеваў, і абʼём вытворчасці бульбы. На ягоную думку, гэта звязана з тым, што ўвогуле цікавасць беларусаў да бульбы памяншаецца ўва ўсіх сэнсах: знізілася яе значэнне як харчу, кармавой культуры, экспартнага тавару, змяніўся лад жыцця.

«Беларусы палепшылі свой лад жыцця, сталі лепей і разнастайней харчавацца, больш спажываюць мяса, рыбы, гародніны. Ёсць трэнд і на здаровы лад жыцця. Людзі хочуць быць больш здаровымі і зграбнымі, а бульба не самы здаровы прадукт», – патлумачыў эксперт зніжэнне харчовага значэння бульбы.

Важкі фактар скарачэння пасяўных плошчаў бульбы – скарачэнне вясковага насельніцтва і змяненне стылю ды сэнсу карыстання прысядзібнымі надзеламі:

«У сельскай мясцовасці насельніцтва скарачаецца. Адыходзіць старэйшае пакаленне, якое было носьбітам традыцыйных практык вядзення гаспадаркі. Дзеці разʼехаліся ў гарады і прыязджаюць у вёску адпачыць у выходныя і ўлетку. Навошта ім шмат бульбы вырошчваць? Гэта больш не іхны стыль».

Дый на лецішчах сёння людзі ўсё меней займаюцца гародніцтвам і садаводствам, бо «гэта цяжкая праца». А калі нешта і вырошчваюць, то «яўна не ў прамысловых маштабах».

Яшчэ адна важная змена: у хатніх гаспадарках у вёсцы ўсё менш трымаюць свіней і быдла, якое раней таксама кармілі бульбаю. «Гэта яшчэ адна прычына спаду цікавасці да бульбы», – адзначае эксперт.

Цікавыя метамарфозы адбываюцца і з гледзішча вырошчвання ды продажу бульбы як бізнесу. Пэўны час у Беларусі ў таварную вытворчасць бульбы актыўна пайшлі фермеры. Але пасля актыўных інвестыцыяў і аднаўлення сельскай гаспадаркі ў Расейскай Федэрацыі попыт на беларускую бульбу на расейскім рынку зніжаецца.

«Сёння калі і ёсць перспектывы працы на расейскім рынку, то ў фермерскіх гаспадарак, якія вырошчваюць бульбу на насенне для забеспячэння расейскіх фірмаў. Таварная вытворчасць не танная, у бульбы высокая рызыка неўраджаю, таму фермеры пераключаюцца на іншыя культуры», – адзначыў Пётр Марозаў.

Паводле суразмоўцы, нічога панічнага няма ў тым, што вытворчасць бульбы зніжаецца, гэта «заканамерны працэс», бульба перастала быць «дамінантавым прадуктам у беларускім рацыёне», і гэта дадзенасць, хоць у запасах бульба «яшчэ займае нейкае месца», але ж «беларусы не могуць працягваць есці бульбу ў вялікай колькасці, толькі каб адпавядаць нейкаму стэрэатыпу».

Эксперт адзначае: калі хто і можа адчуць шкоду ад змяншэння цікавасці беларусаў да бульбы, то толькі дзяржаўная прапаганда. Лічыцца, што беларуская бульба – «пэўны брэнд», апроч таго, прапаганда ўвесь час падкрэслівала, што мы самі сябе ўсім забяспечваем, а тут раптам бульбу пачалі імпартаваць. Час усім прыняць новую рэчаіснасць: беларусы больш не «бульбашы», гаворыць Марозаў.

«Час паставіць у гэтай справе кропку, бо імпартуюць беларусы бульбу ад добрага жыцця. Каб мець больш якасную альтэрнатыву на сваім стале і каб мець насенне, якое можна размнажаць і перапрадаваць у іншыя краіны. Вось і ўся арыфметыка. А патрэбы ўласнай эканомікі ды харчовай прамысловасці забяспечвае і той мільён тонаў бульбы, што вырошчвае сельская гаспадарка. Сітуацыя абсалютна рацыянальная», – рэзюмаваў Пётр Марозаў.

Бульба на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Паводле Мікалая Лысенкава, на скарачэнне вытворчасці бульбы ўплываюць механізацыя вытворчасці і паступовая спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванне пэўнай прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Ва ўсім свеце вытворчасць бульбы «вельмі механізаваная»: з дапамогай механізмаў робіцца пасадка, хімпраполка, падкорм, догляд, але ўборка «асабліва механізаваная». У Беларусі крыху па-іншаму заўсёды было, механізацыя «прысутнічае, але ўсе мы памятаем, як збіраецца беларуская бульба». Можна «ўмоўныя 30 л дызпаліва патраціць на ўборку з гектара, а можна прыцягнуць студэнтаў і школьнікаў, задзейнічаць амаль бясплатную працоўную сілу». Пакуль гэта бясплатная працоўная сіла ёсць, то вырошчванне вялікай колькасці бульбы яшчэ апраўдана, у іншым выпадку яно робіцца нявыгадным.

Ужо гадоў дзесяць вытворчасць бульбы ў Беларусі робіцца ўсё больш высокатэхналагічнай, і яна вырошчваецца толькі ў спецыялізаваных гаспадарках. Напрыклад, у Стаўбцоўскім раёне, паводле Лысенкава, раней вырошчвалі бульбу ўсе гаспадаркі, а сёння гэта робіць толькі адна спецыялізаваная гаспадарка «Сула». Яны пабудавалі цэх вытворчасці сухога пюрэ, каб адпраўляць прадукцыю на экспарт.

Лысенкаў пагаджаецца з Марозавым у тым, што памяншэнне валу «не азначае нечага кепскага». Нарасціць абʼёмы «заўсёды можна за год-два». Іншае пытанне, ці трэба іх павялічваць, бо «і так экспарт прадукцыі сельскай гаспадаркі сёлета складзе каля васьмі мільярдаў долараў, хаця ў мінулыя гады радаваліся і пяці мільярдам». Гэта не значыць, што сталі прадаваць больш прадукцыі, «проста на фоне харчовага крызісу кошты выраслі, і рост экспарту адбываецца ў грашовым выражэнні». Экспарт сельгаспрадукцыі ішоў на Усход, ён і «працягвае ісці, у Расею, у Кітай нарошчваецца экспарт, перш за ўсё малочнай прадукцыі». Санкцыі мала паўплывалі на гандаль на гэтых рынках, яны «адкрыты для нас і сёння», а цэны і закрытасць цяпер краін Захаду спрыяюць распрацоўванню ўсходняга кірунку.

У Лысенкава свой погляд на змены ў структуры харчавання беларусаў. «Сапраўды, калі памяншаецца спажыванне хлеба і бульбы, то гэта азначае, што грамадства пераходзіць на іншыя прадукты, сілкуецца разнастайней, бо стала багацейшым». Аднак для беларусаў гэта не так відавочна. «У нашым выпадку гэта, хутчэй, выдаткі статыстыкі. Насамрэч, хто там ведае, колькі бульбы вырашчана. Так, калгасы даюць справаздачу. Але шмат вырошчваецца і на прыватных падворках. Большасць людзей бульбу не купляюць, а едуць у вёску, у сваякоў і ў знаёмых бяруць дарма ці нават купляюць», але гэта не трапляе ў статыстыку.

«Мы ніколі не былі лідарамі вытворчасці бульбы, і ўнутранае спажыванне не было асабліва высокім. Проста прывыклі ўсе беларусаў «бульбашамі» клікаць, але на практыцы гэта не так». Апроч таго, сельская гаспадарка ў постсавецкі час пайшла «шляхам скарачэння нявыгаднай вытворчасці». Хаця і цяпер яшчэ ёсць элементы каманднай эканомікі – «сказалі і сеюць». Аднак пасеяць і прыбраць – на гэта патрэбны рэсурсы, а Беларусь – не Савецкі Саюз, «рэсурсы ў дэфіцыце, іх пераразмяркоўваюць і накіроўваюць на тое, што больш выгадна». Хаця паняцце «бітвы за ўраджай» усё яшчэ існуе. «Усюды ўраджай збіраюць, а ў нас за яго бʼюцца».

«Тое, што скарачаецца вытворчасць, зусім не азначае, што беларусы галоднымі застануцца, бульбы хапае і для ўнутранага спажывання, і для экспарту – у нас традыцыйна большасць сваёй бульбы сыходзіла на экспарт і раней, і цяпер». Проста валавыя паказнікі статыстыкі «ўсё больш набліжаюцца да рэчаіснасці».

«Важна павялічваць глыбіню перапрацоўвання бульбы, таму што везці клубні на далёкія адлегласці не вельмі выгадна, выгадна экспартаваць канцэнтраваны прадукт накшталт сухога пюрэ, лагістыка больш выгадная, пюрэ не псуецца пры перавозцы, і захоўваць клубні патрэбна меншы час да моманту перапрацоўвання», – падсумаваў Мікалай Лысенкаў.

Украіна – у чацвёрцы сусветных вытворцаў бульбы

Тым часам ва Украіне значэнне бульбы як сельскагаспадарчай культуры расце. Суседняя краіна займае чацвёртае месца ў свеце паводле абʼёму вытворчасці бульбы, саступаючы Кітаю, Індыі ды Расеі. Як расказаў «Белсату» эксперт Кіеўскай школы эканомікі (KSE) Паўло Мартышаў, рынак бульбы ва Украіне – адзін з самых стабільных сельскагаспадарчых рынкаў:

«Мы стабільна кожны год вырошчваем каля 20 млн т бульбы, пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць – 20 т з гектара».

Сёлета ўраджай бульбы склаўся нармальны. Не зважаючы на халодную вясну, збор праходзіў спакойна, нават на фоне баявых дзеянняў у краіне. Пры гэтым назіраецца і свой адмысловы трэнд: попыт на бульбу ва Украіне спачатку знізіўся праз тое, што шмат людзей зʼехала.

«Але цяпер попыт аднаўляецца, людзі ўсё часцей глядзяць на бульбу. Я лічу, што два прадукты – грэчка і бульба – уратуюць у нейкай ступені ўкраінцаў з нізкімі даходамі ў гэтым сезоне. Гэта недарагія прадукты, і ў нас іх дастаткова», – адзначыў Мартышаў.

Сярэдняя цана бульбы ў рознічным гандлі – каля 8 грыўняў, аднак людзі традыцыйна закупляюцца гэтым прадуктам на базарах і бяруць яго за значна ніжэйшы кошт, чымся ў супермаркетах. Што датычыць гатункаў бульбы, то пакуль што ва Украіне вырошчваюць пераважна сталовыя. Краіна і імпартуе бульбу дарагіх гатункаў з Еўропы, і экспартуе бульбу ў іншыя краіны. Да вайны пэўны абʼём экспарту ішоў у Беларусь.

Трэцяя асноўная харчовая культура ў свеце

Бульбу ядуць больш за 1 мільярд чалавек у свеце, піша балгарскае выданне Dir.bg. На сёння бульба – трэцяя паводле значнасці харчовая культура ў свеце пасля рысу і пшаніцы. Бульба – крыніца даходу дробных вытворцаў. Акрамя таго, яна менш за іншыя асноўныя культуры выклікае выкіды парніковых газаў. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) Цюй Дун Юй на адкрыцці Сусветнага бульбянога кангрэсу ў Дубліне ў траўні. Паводле яго, гэты прадукт можа яшчэ больш спрыяць харчовай бяспецы ў свеце.

Сёння бульбу вырошчваюць на плошчы больш за 20 млн га у 150 краінах свету, а агульная сусветная вытворчасць складае 359 млн т. Паводле прагнозаў Цюй Дун Юя, вытворчасць можа павялічыцца да 500 млн т у 2025 г. і да 750 млн т у 2030-м. Паводле FAO, цяпер Азія і Афрыка – рэгіёны з найбольшым ростам вытворчасці бульбы, у той час як у Еўропе і Паўночнай Амерыцы назіраецца спад. Ува ўсім свеце вытворчасць бульбы павялічылася, хоць плошчы для яе вырошчвання скараціліся.

Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, Кітай – найбуйнейшы вытворца бульбы ў свеце з абʼёмам вытворчасці 99 млн т у 2020 г. Там яго вырошчваюць па ўсёй краіне і збіраюць ураджай круглы год: увосень – на поўначы, увесну – на поўдні.

На другім месцы – Індыя з 43,8 млн т, на трэцім – Расея, 31,1 млн т, за ёй ідуць Украіна – 21,75 млн т, ЗША – 19,99 млн т, і Нямеччына – 10,772 млн т.

У 2019 г. Кітай, Індыя ды Украіна складалі тройку лідараў у вытворчасці бульбы. Сумарна на гэтыя тры краіны тады прыпадала амаль палова сусветнай вытворчасці – 45 %.

Паводле звестак Еўрастату, у 2020 г. у ЕЗ было 55,3 млн т бульбы. Нямеччына – найбуйнейшы вытворца, на яе прыпадае 21,2 %, за ёй ідзе Польшча (16,4 %), Францыя (15,7 %), Нідэрланды (12,7 %) і Бельгія (7,2 %). На гэтыя пяць краін прыпадае амаль 75 % усёй вытворчасці бульбы ў ЕЗ.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў