«Магчыма, да сілавікоў патрапілі звесткі пра ўсіх». Былыя працаўнікі «ЧКБ» і каманда «Infopoint» звярнуліся да беларусаў


Былыя працаўнікі Telegram-канала «Чорная Кніга Беларусі» і каманда «Infopoint Media Network» заклікаюць беларусаў дбаць пра ўласную бяспеку і звяртаюцца да тых, хто адпраўляў інфармацыю ў бот «ЧКБ».

Звесткі падстаўнога і сапраўднага пашпарту супрацоўніка ГУБАЗіК Артура Гайко ў базе пашпартоў, здабытай «Кібперпартызанамі». Скрыншот: Белсат

Зверасня 2020 года і да канца траўня 2021 году ў каманду Telegram-канала «Чорная Кніга Беларусі» патрапіў агент ГУБАЗіК Артур Гайко. Пакуль дакладна не вядома, якая інфармацыя стала дасяжная для беларускіх сілавікоў. У сувязі з гэтым, каманда «Infopoint Media Network», якая супрацоўнічае з некаторымі былымі сябрамі каманды «ЧКБ» звярнулася да ўсіх, хто праз чат-бот меў зносіны з каналам у 2020-2021 годзе.

«Магчыма, да сілавікоў патрапілі звесткі пра ўсіх, хто дасылаў інфармацыю ў бот канала ў перыяд з 1 верасня 2020 па 23 траўня 2021 года. Гэта могуць быць як імёны і прозвішчы, нумары тэлефонаў і фотаздымкі, так і ID-адрасы карыстальнікаў Telegram», – папярэджваюць аўтары звароту.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці заклікаюць змяніць нумар тэлефона і выдаліць ​​акаўнт у Telegram. Таксама, калі ёсць магчымасць, то варта пакінуць Беларусь.

Франак Вячорка, заснавальнік «Infopoint Media Network», таксама адрэагаваў на гэтыя падзеі.

«Мы не можам несці адказнасць за ўсё, што адбываецца ў дэмакратычным руху. Але мы павінны несці адказнасць за тых, з кім працуем самі. Пра існаванне гэтага чалавека я не ведаў да выкрыцця, гэтаксама я не ўдзельнічаў ва ўнутраных працэсах каманды »ЧКБ«. »ЧКБ« дзейнічаў аўтаномна, і мы свядома трымалі ад яго дыстанцыю.

Разам з тым, я лічу »ЧКБ« адным з самых важных праектаў, які ўзнік знізу, на хвалі рэпрэсіяў 2020 году. Ён выкрываў злачынцаў і памагатых рэжыму. Задача ГУБАЗіКа была дыскрэдытаваць і знішчыць праект. Таму агент і быў туды ўкаранёны», – кажа Франак Вячорка.

Супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко ў верасні 2020 года ўцёрся ў давер да дэмакратычных актывістаў і далучыўся да праекту «Чорная кніга Беларусі». Цягам 9 месяцаў ён мог бачыць асабістыя звесткі інфарматараў праекту: нікнэймы і нумары тэлефонаў, калі карыстальнікі іх не схавалі. Былая рэдактарка «Чорнай кнігі» Яніна Сазановіч першай агучыла гэтую інфармацыю ў медыя.

Hавiны
Што за скандал з «Чорнай кнігай», ГУБАЗіКам і Франкам Вячоркам? Сцісла: у чым вінавацяць, што адказалі
2022.11.10 14:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў