У Віцебску за герб Літвы на машыне аштрафавалі лекарку, якая працуе з ковіднымі пацыентамі


Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу на лекарку-пульманолага Марыну Бурбліс паводле арт. 24.23 КаАП. Жанчыну прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 1450 рублёў за налепку герба Літвы на багажніку аўто, паведамляюць праваабаронцы з Віцебску.

На судзе стала вядома, што крышка багажніку была з іншай машыны і мянялі яе ў Літве, таму на ёй засталася налепка з гербом гэтай краіны. Муж Марыны Бурбліс паказаў на судзе перапіску з прадаўцом.

Здымак мае ілюстрацыйны характар:
Фота: limpalipdukai.lt

На судзе ў якасці сведкі выступіў начальнік жанчыны – выканаўца абавязкаў загадчыка першага тэрапеўтычнага аддзялення Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Вадзім Парфенцьеў. Ён ахарактарызаваў сваю падначаленую станоўча, паведаміў, што Марына Бурбліс ад самага пачатку пандэміі ў складзе брыгады выязджала да хворых на каронавірус. Цяпер таксама працуе ў чырвонай зоны.

Суддзя Уладзімір Царыкаў запытваўся ці абмяркоўвала на працы лекарка палітычныя тэмы і ці не стаяў у яе кабінеце бел-чырвона-белы сцяжок. Загадчык аддзялення адказаў, што нічога не бачыў, ніякіх палітычных тэм у аддзяленні не абмяркоўваюць.

Hавiны
Працаўнік рытуальнай агенцыі: За апошні месяц колькасць памерлых вырасла ў тры разы
2021.11.04 18:16

Адвакат заявіў на судзе, што сімвал Пагоня не прызнаны экстрэмісцкім або забароненым. Таму нельга трактаваць яго толькі як сімвал пратэсту. І што ў дадзенай сітуацыі быў толькі «збег абставін, але не масавая акцыя». Ён патлумачыў, што літоўскі герб жанчына не стала здымаць з багажніка, каб не пашкодзіць пакрыццё аўтамабіля.

Таксама ён зазначыў, што падчас пандэміі галава ягонай падабароннай была занятая зусім іншымі пытаннямі, звязанымі з працай. І дадаў: «Не ведаю, ці звярталі яны ўвагу на тое, што гэта за сімволіка: беларуская ці літоўская? Для мяне, напрыклад, стала адкрыццём супастаўленне літоўскіх і беларускіх сімвалаў».

Адвакат прасіў, каб у выпадку, калі Марыну Бурбліс прызнаюць вінаватай, яе не адпраўлялі за краты, бо ёй трэба дапамагаць хворым на COVID-19.

Суддзя ўсё ж такі прызнаў лекарку вінаватай і прыняў рашэнне аштрафаваць жанчыну на 50 базавых велічынь (1450 рублёў).

Артыкулы
Журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж не выйшлі на волю пасля содняў
2021.11.14 10:12

АД, belsat.eu

Стужка навінаў