Пра Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову здымаюць мастацкі фільм


Караткометражную стужку па матывах падзеяў 15 лістапада 2020 года здымае ў Варшаве беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч.

15-хвілінная мастацкая стужка распавядае пра падзеі 15 лістапада 2020 года. У той дзень нашыя каляжанкі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова вялі стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Стрым журналісткі вялі з кватэры на 14-м паверсе дому па вуліцы Смаргоўскі тракт, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат. Яны былі пакараныя 2 гадамі пазбаўлення волі.

«Гэта гульнявое кіно па матывах. Але гэтае канкрэтнае здарэнне вельмі добра паказвае эмоцыю, і тое што адбывалася, па маім адчуванні, у той момант у Беларусі, – распавяла «Белсату» Мара Тамковіч, – Мне хацелася паказаць гісторыю дзвюх маладых жанчын, якія займаюцца цяжкой, складанай, рызыкоўнай справай. Якія апынуліся ў сітуацыі, калі мусяць прыняць канкрэтныя рашэнні, становяцца перад канкрэтным выбарам. Мне таксама хацелася зрабіць так, каб глядач, які будзе глядзець гэта кіно, змог адчуць сябе ў гэтай сітуацыі і на хвіліну задумацца: а што б выбраў я?»

Акторка Паліна кажа, што для яе вялікая адказнасць і вялікі гонар выконваць ролю Дар’і Чульцовай. «Гэта вельмі смелы, адважны чалавек, прафесіянал», – дадае яна.

«Нельга зрабіць выгляд, што мяне гэта не датычыць. Гэта датычыць усіх. Проста ёсць людзі, якія, груба кажучы, цяпер пакутуюць за ўсіх», – кажа акторка Аляксандра, якая выконвае ролю Кацярыны Андрэевай.

Артыкулы
«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай
2021.11.02 13:50

РР belsat.eu

Стужка навінаў