Макей заявіў Бурэлю, што Беларусь робіць захады па скарачэнні плыні мігрантаў


МЗС Беларусі паведамляе, што Уладзімір Макей і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль падчас тэлефонных перамоваў абмеркавалі міграцыйны крызіс.

Хто быў ініцыятарам званка – не ўдакладняецца.

«Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб зробленых Беларуссю захадах па скарачэнні плыні мігрантаў з краінаў Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу, аказанні гуманітарнай дапамогі ўцекачам на мяжы, узаемадзеянні па гэтым пытанні з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі сістэмы ААН. Пацверджана зацікаўленасць у больш хуткім урэгуляванні міграцыйнага крызісу», – інфармуе прэс-служба МЗС.

Макей заявіў пра гатоўнасць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з ЕЗ, а таксама падкрэсліў «бесперспектыўнасць санкцый і контрпрадуктыўнасць санкцыйных падыходаў».

Жузэп Бурэль на сваёй старонцы ў Twitter пацвердзіў факт размовы з кіраўніком МЗС Беларусі наконт міграцыйнага крызісу.

«Цяперашняя сітуацыя непрымальная і павінна спыніцца. Нельга выкарыстоўваць людзей як зброю», – падкрэсліў ён.

Раней Жузэп Бурэль заявіў журналістам, што санкцыі супраць беларускага рэжыму будуць пашыраны ў панядзелак. У санкцыйны спіс плануюць уключыць авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да дастаўкі мігрантаў да мяжы Еўразвязу. Пад санкцыі могуць патрапіць яшчэ каля 30 урадавых чыноўнікаў. Таксама Еўразвяз разглядае магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да галоўнага аэрапорту Беларусі, каб ускладніць для авіякампаній прывоз мігрантаў.

Hавiны
Еўразвяз пашырыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі 15 лістапада
2021.11.14 14:31

РР belsat.eu

Стужка навінаў