Ірына Слаўнікава застаецца за кратамі, размова Макея і Бурэля, чаканне эскалацыі. Галоўнае за 14 лістапада


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 14 лістапада.

Ірыну Слаўнікаву і яе мужа не выпусцілі пасля 15 содняў

Ірына Слаўнікава і Аляксандр Лойка.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

Журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе муж Аляксандра Лойку павінны былі выпусціць з ЦІП Акрэсціна ў ноч з суботы на нядзелю, але гэтага не адбылося. Чаму – невядома. Відаць, сужэнцаў перазатрымалі па новай.

Ірыну і Аляксандра затрымалі ў ноч на 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Праз тры дні іх асудзілі на 15 содняў арышту нібыта за захоўванне ў Фэйсбуку матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Размова Макея і Бурэля напярэдадні абмеркавання новых санкцыяў

Уладзімір Макей.
Фота: ria.ru

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль падчас тэлефонных перамоваў абмеркавалі міграцыйны крызіс. Хто быў ініцыятарам званка – не ўдакладняецца.

«Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб зробленых Беларуссю захадах па скарачэнні плыні мігрантаў з краінаў Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу, аказанні гуманітарнай дапамогі ўцекачам на мяжы, узаемадзеянні па гэтым пытанні з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі сістэмы ААН. Пацверджана зацікаўленасць у больш хуткім урэгуляванні міграцыйнага крызісу», – інфармуе прэс-служба МЗС.

Жузэп Бурэль.
Фота: europarl.europa.eu

Жузэп Бурэль на сваёй старонцы ў Twitter пацвердзіў факт размовы з кіраўніком МЗС Беларусі наконт міграцыйнага крызісу.

«Цяперашняя сітуацыя непрымальная і павінна спыніцца. Нельга выкарыстоўваць людзей як зброю», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Званок Бурэля – папярэджанне, а не старт дыялогу
2021.11.14 21:04

Раней Жузэп Бурэль заявіў журналістам, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі будуць пашыраны ў панядзелак.

У санкцыйны спіс плануюць уключыць авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да дастаўкі мігрантаў да мяжы Еўразвязу. Пад санкцыі могуць патрапіць яшчэ каля 30 урадавых чыноўнікаў. Таксама Еўразвяз разглядае магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да галоўнага аэрапорту Беларусі, каб ускладніць для авіякампаній прывоз мігрантаў.

Польшча чакае спробаў масавага прарыву на мяжы

Міністэрства абароны Польшчы інфармуе, што ў раёне Кузніцы прыбываюць дадатковыя сілы беларускіх спецслужбаў.

«Мы заўважаем рух сярод мігрантаў. Таксама з’явіўся аўтамабіль для тэлетрансляцыі. Некаторыя намёты пачынаюць знікаць. Заўважаны хваляванні сярод мігрантаў. Іншаземцы атрымліваюць інструкцыі, абсталяванне і газ ад беларускіх службаў», – гаворыцца ў паведамленні польскіх памежнікаў.

Польскія сілавікі мяркуюць, што на сёння запланаваны масавы прарыў мяжы мігрантамі.

Відэа калоны мігрантаў, што рухаюцца па беларускай тэрыторыі да мяжы з Польшчай, з’явілася ўвечары ў сеціве.

У тэлеграм-чатах распаўсюджвалася чутка, што нібыта 15 лістапада Польшча адкрые мяжу і мігрантаў прапусцяць у Нямеччыну.

Hавiны
Польскія памежнікі зафіксавалі дзве спробы масавага перасячэння мяжы. У паліцыю кідалі камяні
2021.11.14 12:01

У ноч на 14 лістапада з беларускага боку ў польскіх паліцэйскіх кідалі камяні, якія патрапілі ў паліцэйскага і пашкодзілі службовую машыну. Польская памежныя служба заявіла пра спробы нелегальнага прарыву мяжы каля Дубічаў Царкоўных і Клюкавічаў. Каля 50 чалавек усё ж такі прарваліся ў Польшчу. Польскія сілавікі затрымалі 22 чалавека.

Hавiны
На мяжы з Беларуссю загінуў польскі вайсковец
2021.11.14 08:48

Учора, 13 лістападу, на польска-беларускай мяжы адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога загінуў польскі памежнік. Паведамляецца, што падчас службы ён не кантактаваў з мігрантамі. Прычынай смерці стаў стрэл са службовай зброі. Загінулы салдат служыў у рэзерве.

Прэм’ер Польшчы Маравецкі агучыў план дапамогі Беларусі.
Фота: Сейм Польшчы

Тым часам, прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча, Літва і Латвія могуць скарыстацца чацвёртым артыкулам дамовы NATO, які прадугледжвае кансультацыі чальцоў альянсу ў тым выпадку, калі адна з краін лічыць, што існуе пагроза яе бяспецы або тэрытарыяльнай цэласці.

Hавiны
Намеснік кіраўніка МЗС Літвы: Рэжым Лукашэнкі мае намер справакаваць ўзброены інцыдэнт на мяжы
2021.11.14 21:31

РР belsat.eu

Стужка навінаў