На вайне ва Украіне загінуў лютэранскі студэнт-багаслоў з Горадні


На вайне ва Украіне загінуў беларускі студэнт евангельскай Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі Міхаіл Шавельскі. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Евангелічна-Аўгсбургскай царквы ў Польшчы. 18 кастрычніка па ім у Варшаве пройдзе паніхіда. Хлопец быў парамедыкам беларускага батальёну «Тэрор».

Міхаіл Шавельскі.
Фота: Facebook / luteranie.pl

Міхаіл Шавельскі памёр 11 кастрычніка 2022 года ва ўзросце 21 года ад атрыманых на вайне траўмаў. Ён апынуўся на фронце пасля таго, як даведаўся аб нападзе Расеі на Украіну. Малады чалавек перапыніў вучобу ў семінарыі і вырашыў адправіцца на вайну для падтрымкі ўкраінскіх воінаў.

«Міхаіл быў цудоўным, чулым, сціплым маладым чалавекам, цікаўным да свету, амбіцыйным, адданым справе і з пачуццём гумару. Будучы студэнтам, ён удзельнічаў у дапамозе падчас царкоўнага сіноду і пры неабходнасці ахвотна падтрымліваў супрацоўнікаў канцылярыі кансісторыі і дыяканіі», – гаворыцца ў паведамленні царквы.

Міхаіл быў парамедыкам батальёну «Тэрор», меў пазыўны «Юнгер». Ён спрабаваў дапаўзці да раненага, але яго забіла аскепкам. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на аднаго з байцоў. Гэта пятнаццатая вядомая смерць сярод беларускіх байцоў-добраахвотнікаў ва Украіне.

Да прыезду ў Польшчу Міхаіл Шавельскі вывучаў псіхалогію ў Дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купала ў Горадні. Быў адлічаны па палітычных матывах і павінен быў быць прызваны ў беларускае войска.

Міхаіл атрымаў стыпендыю ад Евангелічна-лютэранскай царквы Фінляндыі і Саюза Марціна Лютэра (Martin-Luther-Bund) і ў студзені 2021 года пачаў сваё багаслоўскае навучанне ў Польшчы, у Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве.

У чацвер, 13 кастрычніка 2022  у Лютэранскім цэнтры ў Варшаве прайшла памінальная малітва па загінулым. У аўторак, 18 кастрычніка, у 18.30 там жа пройдзе паніхіда па Міхаіле Шавельскім, якую ўзначаліць акадэмічны капелан кс. Гжэгаж Олек.

Па звестках рэдакцыі, беларусы Варшавы таксама збіраюцца ўшанаваць памяць героя, які загінуў, баронячы свабоду і дэмакратыю.

Hавiны
Зяленскі павіншаваў украінскіх вайскоўцаў з Днём абаронцы Украіны
2022.10.14 10:43

Антон Тачняк belsat.eu

 

 

Стужка навінаў