Чыноўніца з Менгарвыканкаму – прадпрымальнікам: Калі не будзе аднаго вашага чабурэка – мы перажывем


Загад Аляксандра Лукашэнкі забараніць рост коштаў чыноўнікі кінуліся зацята выконваць. Праўда, палягае гэта ў кантролі гандлёвых абʼектаў, галоўным чынам менавіта прыватнага бізнесу. Падчас паседжання Абʼяднанага клубу дырэктараў, на якім прысутнічалі не толькі бізнесоўцы, але і чыноўнікі, прыватнікі задалі нязручныя пытанні. Але, як стала вядома «Белсату», адказаў на свае пытанні яны амаль не пачулі.

Будынак Менскага гарвыканкаму. Менск, Беларусь. 21 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Штогадовае паседжанне Абʼяднанага клубу дырэктараў, арганізатарамі якога сталіся найбуйнейшыя бізнес-структуры сталіцы, сёлета адбывалася ў неадназначнай атмасферы. З аднаго боку, Менскі саюз прадпрымальнікаў адзначае 25-годдзе існавання арганізацыі. З другога боку, умовы існавання і працы, у якіх аказаліся сёння прыватнікі, зусім не святочныя. Пра тое, што адбывалася на паседжанні, «Белсату» распавялі ўдзельнікі.

У пачатку сустрэчы далі слова міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксею Багданаву ды прадстаўніцы Менскага гарвыканкаму Надзеі Лазарэвіч. Пытанне, цяпер вельмі балючае для бізнесоўцаў, – кошты. На загад Лукашэнкі кошты ў краіне не могуць расці, але аднаго загаду недастаткова, каб спыніць гэты працэс. Таму прадстаўнікі бізнесу папрасілі чыноўнікаў патлумачыць, як ім існаваць у гэтай сітуацыі.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю лічыць, што сітуацыя не складаная. Каб знізіць кошты, прадпрымальнікам дастаткова знізіць выдаткі. Аляксей Багданаў рэкамендуе аптымізаваць свой бюджэт, і тады сітуацыя стабілізуецца:

«Рэзкі рост коштаў і падзенне курсу рубля адбыліся толькі ў сакавіку сёлета, гэта было аб’ектыўным працэсам, а цяпер нейкіх перадумоваў для росту коштаў проста няма. Цяпер курс вярнуўся, але кошты чамусьці працягваюць расці».

Аб’ектыў
Да чаго прывядзе забарона падвышаць цэны?
2022.10.10 22:29

Міністр адзначыў, што чыноўнікі сотні разоў збіралі імпарцёраў, угаворвалі іх не павышаць коштаў, але, як ён распавёў, у некаторых гандлёвых пунктах выявілі надбаўкі да коштаў часам 200–300 %. Пасярэднікі таксама дадаюць сваё да коштаў. Чыноўнікі лічаць, што гэта не справядліва. Менавіта таму, на думку міністра, узнік загад спыніць рост коштаў. Але выканаць яго аказалася даволі складана. Патрэбныя механізмы, рашэнні, якіх пакуль няма:

«Нам трэба распрацаваць справядлівае размеркаванне па ўсім ланцужку дадатковага кошту, які павінен быць паказнік. Цяпер задача не толькі ў тым, каб спыніць інфляцыю, але і каб суб’екты гаспадарання не сталі стратнымі ды не зменшыўся асартымент. Гэта надзвычай складаная задача, у развязанне якой павінныя ўключыцца ўсе, у тым ліку і нават аблвыканкамы, вытворцы, гандляры».

Чыноўнікі самі не ведаюць, як абмежаваць рост коштаў, але цярпяць прадпрымальнікі

Аляксей Багданаў таксама паінфармаваў, што вырас кантроль, удвая павялічылі колькасць маніторынгу, на 40 % вырасла колькасць правяранняў. Дзякуючы гэтым захадам чыноўнікі і павялічылі бюджэт краіны, колькасць штрафаў ужо перавысіла леташнія паказнікі.

Чыноўнікі таксама лічаць, што дзякуючы кантраляванням ім удалося знізіць інфляцыю на 2 %. Пры гэтым у ведамстве кажуць, што ў Расеі кошты большыя на 20 %, а на малако, мяса і масла ажно на 50 % вышэйшыя.

Жанчына набывае прадукты на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Але гэтыя прыклады і справаздачы міністра не задаволілі прадпрымальнікаў, якія жадалі пачуць адказ на пытанне, як існаваць далей, калі кошты паставак растуць, а самім гандлярам новыя кошты ставіць забаронена. Адказаць на гэта больш канкрэтна пастанавіла Надзея Лазарэвіч, намесніца старшыні Менскага гарвыканкаму.

Чыноўніца заклікала прадпрымальнікаў набрацца цярплівасці, бо сітуацыя сапраўды даволі складаная. Яна папрасіла бізнесоўцаў даць чыноўнікам тыдзень, каб урэгуляваць гэтыя пытанні. Вось толькі што рабіць да гэтага часу прадпрымальнікам? Адказу не прагучала.

Аналітыка
Паміж вялізнымі стратамі і новымі рэаліямі. Хто пралабіюе інтарэсы беларускага бізнесу за мяжой?
2022.10.13 13:38

Лазарэвіч нагадала: паводле заканадаўства, бізнесоўцы, якія мусяць павысіць кошты, павінныя атрымаць дазвол чыноўнікаў. Дзеля гэтага прыватнікі, якія маюць дамовы на пастаўку тавараў, у якіх прапісаны рост коштаў, абавязаныя звярнуцца да мясцовых уладаў. Апошнія цягам пяці дзён дазволяць або адмовяць прадпрымальніку.

Вядома, што такі падыход выклікае крытыку, бо падчас чакання дазволу гандляры зазнаюць страты, не могуць працаваць. Адзін з удзельнікаў сустрэчы з чыноўнікамі заявіў, што будзе вымушаны блакаваць свае гандлёвыя пункты. Але гэтая заява раззлавала чыноўнікаў, якія параілі быць акуратнымі з заявамі. Міністр антыманапольнага рэгулявання заявіў, што, калі бізнесоўцы будуць блакаваць свае гандлёвыя месцы, у адказ іх самых заблакуюць. На ягоную думку, трэба не спыняць працы, а шукаць свой унутраны рэзерв для зніжэння выдаткаў.

Абноўлена
Лукашэнка забараніў рост цэнаў
2022.10.06 14:44

Надзея Лазарэвіч пасля гэтага ўдакладніла, што камісіі для дазволу на рост коштаў у краіне будуць створаныя 13 кастрычніка. Цягам 14–15 кастрычніка будуць прымацца заяўкі ад бізнесоўцаў. А ўжо пасля выходных камісіі вынесуць рашэнні. Чыноўнікі адразу ж папярэдзілі, што дазволы на рост коштаў атрымаюць далёка не ўсе.

«Мінімальна мы дазволім павысіць кошты. А максімальна скажам працаваць выключна са старымі коштамі. Калі вы чулі міністра, то ён заявіў, што працуем дзеля зніжэння выдаткаў, надбавак. І Менск не будзе заблакаваны. Мы зробім усё, каб у горадзе былі харчы і тавары. А калі не будзе аднаго вашага чабурэка, мы гэта перажывем», – адрэзала Надзея Лазарэвіч.

Тое ж датычыць не толькі гандляроў, але і вытворцаў. Калі апошнія заявілі, што набыццё камплектных дэталяў ускладняецца і даражэе, то і кошты, і выдаткі растуць. На гэта прадстаўніца Менскага гарвыканкаму адказала: «Ну і што?»

Прадстаўнікі бізнес-супольнасці на сустрэчы распавялі, што нядаўна апытвалі прадпрымальнікаў пра стратэгію, абраную сёння. У выніку 77 % апытаных прызналіся, што іхная стратэгія – выжыванне, 7 % – развіццё, 14 % апытаных маюць стратэгію рэарганізацыі.

Эканоміка з Чалым
Канчатковае развязанне пытання коштаў
2022.10.13 16:41

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў