Жонка Валянціна Стэфановіча: Малодшай дачцэ кажу, што тата ў камандзіроўцы, з якой можна толькі лісты пісаць


Валянцін і Аліна Стэфановічы з дзецьмі.
Фота: сямейны архіў Стэфановічаў

У праваабаронцы, юрыста, намесніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча 14 кастрычніка – дзень народзінаў, яму спаўняецца 49 гадоў. Святкаваць Валянціну даводзіцца ў СІЗА, дзе ён застаецца з 14 ліпеня. Вясноўца вінавацяць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў ды арганізацыі і фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. «Белсат» паразмаўляў з Алінаю, жонкаю праваабаронцы, якая пасля арышту мужа разам з траімі дзецьмі з’ехала ў Грузію.

Пра сямейныя святы ў турме і затрыманне перад 20-годдзем шлюбу

– Я ўжо адправіла Валіку адмысловую паштоўку да дня народзінаў, спадзяюся, яна паспее дайсці. Яшчэ збіраюся праз сяброў даслаць тэлеграму, там, магчыма, будзе нейкі ўрывак з вершу, які пасуе да сітуацыі.

Раней на ўсе дні народзінаў, сямейныя святы мы стараліся быць разам – удома з дзецьмі, з бацькамі, удваіх некуды выходзілі. Нічога звышардынарнага, але разам. На працягу ўжо 20 гадоў. Як раз у ліпені – 21-га – была 20-ая гадавіна нашага вяселля. Мы планавалі гэта нейкім чынам адзначыць. Летась не былі ў адпачынку, таму збіраліся на нашае 20-годдзе абавязкова некуды паехаць. Разглядалі сядзібу на Палессі: я ніколі там не была і заўсёды марыла паглядзець на гэты рэгіён Беларусі.

Але не паспелі. За тыдзень да нашай даты, 14 ліпеня, Валіка арыштавалі. Затрыманне, з аднаго боку, было чаканым і тысячу разоў абмеркаваным, але ўсё роўна да гэтага нельга падрыхтавацца і ўспрымаць спакойна, як нешта нармальнае.

Яны прыйшлі а 7-й гадзіне раніцы. Мы яшчэ спалі. Разбудзілі. І што рабіць? Яны ўжо прыйшлі. Ужо нічога не зробіш. Ужо не дапамогуць думкі, што трэба было з’ехаць. Дзеці перапужаліся, але моўчкі сядзелі, як мышы, разумелі, што нешта сур’ёзнае адбываецца.

Спачатку ў мяне было спадзяванне, што яны задаволяцца толькі тэхнікай. Але хутка стала ўсё зразумела, і я пачала збіраць Валіку торбачку з цёплаю вопраткай.

Калі мы развітваліся, гэтыя людзі казалі, маўляў, што ж вы так ужо, увечары пабачыцеся. Але я адразу разумела, што гэта надоўга, а іхныя словы гучалі як здзек.

Брутальны мэн – лысы і ў акулярах

– Нейкі час ад Валіка вельмі кепска хадзілі лісты. Мы пачалі пра гэта казаць паўсюль, на розных пляцоўках. Думаю, такім чынам удалося крыху прабіць інфармацыйную блакаду, бо цяпер я атрымліваю лісты раз на тыдзень – два. Апошні прыйшоў 8 кастрычніка, а быў напісаны 5-га, гэта вельмі хутка. Ведаю, што і сябры Валіка цяпер рэгулярна атрымліваюць ад яго лісты.

Піша Валік у асноўным пра тое, што яны там у камеры робяць: размаўляюць, нейкія байкі баяць. Я так зразумела, сукамернікі добрыя. Прынамсі ён ні на каго не скардзіўся, наадварот, пісаў, што ёсць інтарэс да ягоных лекцыяў па гісторыі, якія ён там чытае, і яму ў сваю чаргу цікава слухаць гісторыі з жыцця сукамернікаў. Піша, што, можа, на цэлую кнігу назбіраецца турэмных баек.

У адным з лістоў паскардзіўся на кепскае святло ў камеры, праз якое ў людзей псуюцца вочы, і Валік баіцца, што яму давядзецца насіць акуляры пасля таго, як ён выйдзе з турмы. Сумна пажартаваў, што будзе такім брутальным мэнам – лысым і ў акулярах.

Агулам, здаецца, усё больш-менш добра. Прынамсі, Валік не піша пра здзекі і дрэннае стаўленне ды не скардзіцца адвакату, таму я маю спадзеў, што ўсё ў межах нормы.

Кот за кратамі і на волі

Валянцін і Аліна Стэфановічы з дзецьмі.
Фота: сямейны архіў Стэфановічаў

– У адным з лістоў муж распавёў, што пад турэмныя вокны прыходзіў кот, і ён вырашыў мне таго ката намаляваць – у розных сітуацыях у турме. Так супалі і той турэмны кот, і нашая сямейная традыцыя: Валік часта з нейкіх падарожжаў дасылаў мне карцінкі з коцікамі. З дапамогаю коцікаў ён як бы свае думкі і пачуцці перадаваў. Напрыклад, я тут адзін недзе ў камандзіроўцы, мне сумна – вось табе сумны коцік. А цяпер вырашыў распавесці пра свой побыт за кратамі праз ката. Але цэнзура не прапусціла. Не ведаю чаму. Магчыма, яны палічылі, што ён так выдае нейкія сакрэты камеры ці ўмоваў у турме.

«Вясна» ў адказ пачала конкурс «Кот на Валадарцы»: просіць усіх дасылаць малюнкі ката ў турме ці на волі з пазнакаю #FreeViasna. Я думаю, што Валіку гэта будзе вельмі прыемна, таму і ад сябе прашу: пішыце лісты, шліце паштоўкі і абавязкова – коцікаў.

Увогуле коцікаў мы вельмі любім. У нас удома жылі трое катоў: два хлопчыкі і дзяўчынка – Макс, Барс і Кэці. Калі я з’язджала, яны засталіся ў Менску, іх глядзяць, з імі ўсё добра. Але мы з дзецьмі вельмі сумуем па іх і спадзяемся, што вернемся хутчэй, чым узнікне патрэба іх некуды перавозіць.

«Прапановы ажаніцца былі дзве: спачатку ад яго, потым – ад мяне»

– Пазнаёміліся мы з Валікам праз «Малады фронт», я тады вучылася на першым курсе, а Валік ужо быў намеснікам старшыні арганізацыі (у нас сем гадоў розніцы ва ўзросце). Але больш блізка камунікаваць сталі значна пазней, калі Валік ужо займаўся праваабарончаю дзейнасцю. Пасля сканчэння ўніверсітэту (МІПСА) Валік адышоў ад палітычнай дзейнасці і пайшоў працаваць юрыстам на завод. Усё ў яго там атрымлівалася, і заробак быў някепскі. Але ў 1998 годзе да яго звярнуўся Алесь Бяляцкі і прапанаваў працаваць юрыстам у «Вясне», і Валік пагадзіўся. Прыкладна ў той час мы пачалі сустракацца.

Валік любіць згадваць гісторыю, як ледзь не на першым спатканні я прыйшла ў белай сукенцы, а ён на мяне разліў таматны сок і вельмі тады баяўся, што на гэтым усё скончыцца. Але не скончылася. У 2001 годзе мы ажаніліся.

Прапановы ажаніцца былі дзве: спачатку ад яго, потым – ад мяне. На маім пятым курсе мы ўжо пэўны час жылі разам. Памятаю, я перажывала за залікі, ці ўсё паспею, была такая няшчасная, плакала. Валік не ведаў, як мяне суцешыць, і сказаў: «Ну што табе зрабіць? Ну давай ажэнімся». Мне тады стала смешна. Але праз пэўны час я абдумала ўсё і сама вярнулася да гэтай тэмы: «А памятаеш, ты мне прапаноўваў? Дык вось я не супраць».

Брутальны звонку, пяшчотны ўнутры

– Мяне ў Валіку заўсёды вельмі ўражваў ягоны імідж: з віду такі брутальны, нават злы, а ўнутры – вельмі лагодны. Магчыма, нехта скажа, што ён мала ўсміхаецца, здаецца панурым чалавекам, але насамрэч ён вельмі добры і пяшчотны. Яшчэ адказны, гатовы ўсё зрабіць для тых, каго любіць.

З Валікам цікава абмяркоўваць разнастайныя рэчы: у сям’і мы вельмі шмат размаўляем. Файна, калі побач ёсць чалавек, які можа глыбока, па-філасофску, на базе грунтоўнай адукацыі сфармуляваць пэўныя рэчы. Я да ягоных поглядаў вельмі прыслухоўваюся.

Валік умее прыгожа казаць. Калі трэба недзе выступіць, то гэта да Валіка, ён гэта можа, у той час як мне гэта цяжка даецца.

Валік – вельмі добры бацька. Шмат увагі ўдзяляе дзецям, іхнаму выхаванню, і яны яго слухаюцца, ён вельмі ўплывае на іхны светапогляд.

Дзеці заўсёды былі на нас, а не толькі на мне, ён шмат часу з імі праводзіў. Таму ў нас іх трое, бо з Валікам можна расціць сям’ю, ён сапраўды партнёр. Але з гэтай жа прычыны мне цяпер і складаней: пакуль ён у турме і ўсё лягло на мае плечы, я яшчэ больш адчула, наколькі шмат ён на сябе браў. Старэйшаму сыну Адаму цяпер 16 гадоў, і ён хоча стаць юрыстам, як бацька.

Яне – 10 гадоў, самай малодшай Марце – 4. Марта пакуль не ведае, дзе бацька, і я не хачу асабліва тлумачыць: мне падаецца, што ранавата. Часам бываюць такія сітуацыі. Вось яна жыве сваім жыццём, а потым убачыць дзе-небудзь фотаздымак таты – і аж у ступар упадае: «Тата, я забыла пра тату! Дзе тата?» Я ёй кажу, што тата ў такой камандзіроўцы, адкуль можна пісаць толькі лісты, а тэлефанаваць нельга.

Старэйшыя, вядома, перажываюць і сумуюць. Увогуле мы мала гаворым на гэтую тэму. Магчыма, трэба было б больш, але гэта цяжка. Аднак калі размовы ініцыююць дзеці, я заўсёды падтрымліваю, не абрываю іх.

«Валіка вельмі не стае, адной, без яго – нецікава»

Валянцін і Аліна Стэфановічы з дзецьмі.
Фота: сямейны архіў Стэфановічаў

– З маёй ініцыятывы мы з Валікам шмат разоў абмяркоўвалі, ці не час нам ужо некуды ехаць. Ён прапаноўваў з’язджаць мне з дзецьмі, але сам катэгарычна вырашыў, што будзе ў Беларусі. Яму як праваабаронцу хацелася дапамагаць людзям і заставацца на пярэднім фронце, ён лічыў, што можа больш зрабіць унутры краіны.

Я з дзецьмі з’ехала ў канцы ліпеня. Гэта быў вымушаны крок. Я вельмі радая, што абрала Батумі. Але спадзяюся, што мы хутка зможам вярнуцца дамоў.

Дзеці да новага месца адаптаваліся хутка. Мне вельмі падабаецца цяперашняя школа Яны, і дачка таксама шчаслівая. Цягам некалькіх гадоў у Менску яна штодня казала, што не хоча ў школу, каб забрала яе адтуль. Тут на заняткі яна бяжыць з радасцю. Бачна, што адміністрацыя клапоціцца, каб у школе была добрая атмасфера. Мяне да слёз кранула, калі я ўбачыла, што ў школьнай суполцы настаўнікі напісалі, што размаўлялі з дзецьмі пра булінг, скінулі матэрыялы, каб бацькі ўдома пра цкаванне паразмаўлялі. Усё, што мы маем тут, – гэта тое, чаго нам бракавала ў Менску.

Калі казаць пра мяне, то мне вельмі не стае Валіка. Нават проста каб абмеркаваць тое, што адбываецца, падзяліцца сваймі ўражаннямі, паглядзець разам нейкае кіно. Я за гэтыя тры месяцы не паглядзела ніводнага мастацкага фільму ці серыялу. Адной мне нецікава, няма побач чалавека, з якім можна абмеркаваць.

Але ў мяне ёсць дзеці, і мая задача – зрабіць так, каб яны сябе добра адчувалі, нягледзячы ні на што, стварыць ім добры фундамент, апору. Таму трэба жыць, займацца звычайнымі штодзённымі справамі. І рабіць што можаш дзеля набліжэння свабоды.

«Свабода ў беларусаў вельмі ўмоўная»

Аліна Стэфановіч з дзецьмі на акцыі ў Батумі.
Фота: Белсат

– У Батумі цяпер вялікая беларуская дыяспара. Людзі салідарныя, адно аднаму дапамагаюць. Першы час мне было трывожна, што я адна, з дзецьмі, а раптам захварэю, і да таго падобнае. А цяпер я спакойная, бо сярод беларусаў знайшлося нямала людзей, якія сказалі: мы побач, калі што, і дзяцей паглядзім. Гэта вельмі прыемна – адчуваць такую салідарнасць. Я ўдзячная таксама міжнародным праваабарончым арганізацыям за дапамогу, за падтрымку, што яны не кінулі нашай сям’і.

Міжнародная супольнасць цяпер робіць вельмі шмат, і я вельмі ўдзячная ўсім, FIDH найперш, сетцы Дамоў правоў чалавека, іншым арганізацыям, якія робяць вельмі шмат, каб і вясноўцы, і ўсе палітычныя вязні аказаліся на волі.

З іншага боку, падтрымкі ніколі мала не бывае. І я ведаю, наколькі важныя для палітвязняў лісты, паштоўкі, цёплыя словы з таго боку кратаў. Таму я была б вельмі ўдзячная ўсім, хто пісаў бы Валіку і ўсім палітвязням. І пабольш коцікаў. Трэба, каб прыгоды ката адбыліся і мары пра волю здзейсніліся. Можа, калі шмат людзей намалююць ката на волі і так выкажуць сваю салідарнасць, мы такім чынам наблізім гэтую волю для нашых мірных пратэстоўцаў, праваабаронцаў, для ўсіх грамадзянаў Беларусі зрэшты, бо ўсе беларусы, нават тыя, хто, здавалася б, на волі, насамрэч у турме. Свабода ў беларусаў цяпер вельмі ўмоўная.

Конкурс «Кот на Валадарцы»: як узяць удзел

Праваабаронца ў сваім лісце жонцы распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар. На жаль, Кот вясноўца так і не выйшаў з-за кратаў. Таму «Вясна» абвясціла конкурс, каб Кот нарэшце ўбачыў волю.

Як узяць удзел у конкурсе? Малюйце Ката (гэта можа быць апісаны Валянцінам сюжэт ці нешта сваё), посціце працы ў сацыяльных сетках і абавязкова адзначайце пазнакаю #FreeViasna альбо дасылайце ілюстрацыі на адрас freeviasna@gmail.com. Малюнкі прымаюцца да 4 лістапада, потым «Вясна» абярэ пераможцу і дашле памятны прыз.

Таксама дасылайце вашыя ілюстрацыі Валянціну ў СІЗА № 1 і абмяркоўвайце з ім героя (СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск, Валянціну Стэфановічу).

#FreeViasna

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Стужка навінаў