За падпіску на Telegram-каналы (пакуль) не пасадзяць. Што насамрэч мяняе пастанова пра «экстрэмізм»


Байцы ГУБАЗіКу 13 кастрычніка зрабілі гучную заяву: «Падпісанты экстрэмісцкіх Telegram-каналаў і чатаў будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці». Гэта аказалася перабольшваннем: пакуль улады толькі вызначылі парадак прызнання чатаў і каналаў экстрэмісцкімі ў пазасудовым парадку. Але пасадзіць могуць і без Telegram.

Ілюстрацыйнае фота. Сайт «Белсату» на экране тэлефона. Менск, Беларусь, 22 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Старшыня камісіі ў барацьбе з экстрэмізмам Лілія Ананіч у каментары расейскім медыям заяўляе, што падпіска на «экстрэмісцкі» канал ужо крымінальнае злачынства. Але яна тлумачыць гэта тым, што падпіска ёсць «ускосным фінансаваннем каналу». Ці прымуць такую экзатычную трактоўку суды, не вядома.

Пакуль жа законы не робяць падпісантаў крымінальнымі злачынцамі.

Пра што новая пастанова Савету Міністраў

У сваім допісе ГУБАЗіК спасылаюцца на пастанову Савету Міністраў № 575, прынятую 12 кастрычніка. Тую пастанову апублікавалі толькі 14 кастрычніка – і аказалася, што яна не ўводзіць ніякіх істотных зменаў.

Артыкулы
Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам
2021.10.12 13:42

Эксперт, які чытаў пастанову, у размове з «Белсатам» тлумачыць: пастанова толькі рэгулюе пытанні таго, як весці пералік «экстрэмісцкіх арганізацыяў» і «экстрэмісцкіх фармаванняў». Гэтая пастанова не стварае новай рэпрэсіўнай сістэмы, а толькі рэгулюе форму, у якой будуць весці пералік.

А права без суда прызнаваць канал ці чат экстрэмісцкім фармаваннем сілавікі маюць з чэрвеня, але выглядае, што пакуль не прызнавалі. Ды падобна, што з выхадам пастановы аб парадку вядзення спісаў гэтыя спісы ўрэшце з’явяцца.

Як гэта, без суда?

«Экстрэмісцкі матэрыял», «экстрэмісцкае фармаванне» і «экстрэмісцкая арганізацыя» – вельмі розныя рэчы ў разуменні беларускіх сілавікоў.

Без суда могуць толькі прызнаць экстрэмісцкім нейкае фармаванне, але фармаваннем можа быць што заўгодна. Ды пакараць без суда ўсё яшчэ фармальна не могуць, а ў судзе мусяць давесці, што ўдзел быў у мэтах учынення злачынства экстрэмісцкага кірунку.

Ілюстрацыйная выява. Новы будынак Вярхоўнага Суда ў Менску.
Фота: Белсат

Экстрэмісцкае фармаванне – гэта група грамадзянаў, якая чыніць экстрэмісцкую дзейнасць. Азначэнне было замацаванае зменамі ў законы, ухваленыя Аляксандрам Лукашэнкам у траўні 2021 года, што набылі моц у чэрвені. І прызнаць фармаванне экстрэмісцкім можа без суда Міністэрства ўнутраных справаў (часткай якога ёсць ГУБАЗіК) або Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Закон ніяк не абмяжоўвае таго, што можна назваць фармаваннем, а што нельга, – няма ніякіх перашкодаў, каб прызнаць фармаваннем падпісантаў Telegram-каналу або групу людзей, аб’яднаных паводле любой іншай прыкметы.

За стварэнне экстрэмісцкага фармавання або кіраванне ім мусяць караць паводле ч. 1 арт. 361-1 КК РБ абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Калі стваралі паўторна або з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў службовай асобы, то караць мусяць ужо паводле часткі другой таго ж артыкулу – ад 3 да 5 гадоў абмежавання волі або ад 6 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Шараговага ўдзельніка экстрэмісцкага фармавання могуць пакараць паводле часткі трэцяй 361 артыкулу: асудзіць на абмежаванне волі тэрмінам да 4 гадоў або на пазбаўленне волі тэрмінам ад 2 да 6 гадоў. Але ёсць умова: пакараць паводле гэтай часткі могуць за ўваходжанне ў склад фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці.

Прызнаць нейкі матэрыял экстрэмісцкім (выраз, карцінку, песню, чат, хоць цэлае выданне) можа толькі суд. Адказнасць ёсць за распаўсюд (у тым ліку ў прыватным паведамленні), выраб, захоўванне і перавоз матэрыялаў з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці. Паводле арт. 19.11 КаАП РБ, за гэта могуць пакараць штрафам, а калі інфармацыю ўжо занеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ранейшым судом, то яшчэ і адміністратыўным арыштам. А спіс ужо вялізны, у ім сотні сайтаў, каналаў і чатаў, у тым ліку матэрыялы «Белсату», TUT.by / Zerkalo.io і «Трыбуны». Ды проста падпіска не лічыцца распаўсюдам.

Інтэрв’ю
Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу
2021.10.11 16:28

Прызнаць зарэгістраваную арганізацыю экстрэмісцкай усё яшчэ можа толькі суд. Калі прызнаюць, то дзейнасць арганізацыі забараняюць, яе ліквідуюць. Пакуль такіх судовых рашэнняў не было. Асобнай адказнасці за стварэнне менавіта экстрэмісцкай арганізацыі або ўдзел у ёй няма, але Крымінальны кодэкс дазваляе караць за заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы, фінансаванне, спрыянне і навучанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Як даведацца, што бярэш удзел у экстрэмісцкім фармаванні?

З гэтым ёсць праблема: сілавікі могуць прызнаць нешта экстрэмісцкім фармаваннем без суда і паведаміць пра гэта толькі праз 3-4 дні. А адказнасць за ўдзел у фармаванні не прывязаная да факту публікацыі рашэння.

Адпаведны спіс абавязаны весці МУС і ўлучаць фармаванні ў спіс у той жа дзень, калі іх прызналі экстрэмісцкімі. Калі рашэнне аб фармаванні прыняў КДБ, то ведамства мусіць паведаміць пра гэта ў МУС не пазней за наступны працоўны дзень пасля дня прыняцця рашэння, а МУС абавязаны ўнесці фармаванне ў спіс у дзень, калі такая інфармацыя паступіла.

Публікаваць абнаўленні ў спіс абавязаныя на сайце МУС у трохдзённы тэрмін са дня ўнясення зменаў.

Hавiны
Дэпутат Марзалюк заклікаў уносіць выкладчыкаў у спіс асобаў, схільных да экстрэмізму
2021.10.09 17:09

Абскардзіць уключэнне ў экстрэмісты можна праз скаргу ў Міністэрства ўнутраных справаў у пісьмовай ці электроннай форме, прытым МУС мае права пакінуць скаргу без разгляду ў доўгім шэрагу выпадкаў. Напрыклад, калі няма пераліку дакументаў і звестак, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць скаргі.

Пасадзяць мільён беларусаў?

Калі экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаюць Telegram-каналы, занесеныя цяпер у лік экстрэмісцкіх матэрыялаў, то судзіць сапраўды могуць сотні тысячаў чалавек, а то і цэлы мільён.

Наўрад ці для сілавікоў будзе праблемаю даказаць у судзе, што ўдзел у чаце быў «з мэтаю». Напрыклад, ужо каралі за захаванне каністраў з бензінам, пустых бутэлек, алею і запальнічкі, бо з гэтага можна зрабіць кактэйль Молатава – і не важна, што не зрабілі. І за шкарпэткі ці налепкі «няправільных» колераў таксама каралі – праблемаў з доказам віны ў «пікетаванні» не было.

Артыкулы
Арышт за налепкі, шкарпэткі і цмока. Самыя дзіўныя прыклады палітычных рэпрэсіяў у Беларусі
2021.03.26 17:10

Пакараць жа могуць не толькі турмою паводле рашэння суда, а і перабываннем у следчым ізалятары да суда, што не так моцна адрозніваецца ад турмы. Кажуць нават, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА значна больш жорсткія, чым у папраўчых калоніях. І практыка складаецца так, што ў СІЗА могуць паўтара года трымаць без суда і ўсялякіх тлумачэнняў, спаслаўшыся на арт. 127 КПК РБ. А пасля 18 месяцаў цалкам могуць і «перазатрымаць».

Пытанне толькі ў тым, колькі чалавек фізічна змогуць змясціць у ізалятары, калоніі і турмы. Палітычны аналітык Ігар Ільяш піша ў Facebook:

«Пры таталітарных рэжымах маштабы рэпрэсіяў вызначаюцца не правам. Таму не мае значэння, якія драконаўскія законы цяпер будуць прымацца. Мае значэнне толькі тое, якія рэпрэсіўныя акцыі рэжым здольны рэалізаваць з улікам сваіх рэсурсаў і ўзроўню супраціву грамадства».

АА belsat.eu

Стужка навінаў