Як бізнесоўцы з атачэння Аляксандра Лукашэнкі абыходзяць санкцыі


Санкцыі Еўразвязу закранулі шэраг бізнесоўцаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак гэтыя абмежаванні не паўплывалі істотна на іхны бізнес.

Гэтак, пад еўрапейскія санкцыі трапіў Аляксей Алексін – адзін з найбольш набліжаных да ўладаў бізнесоўцаў, а ягоныя фірмы – не. «Энерга-Оіл-Інвест», які займаецца цыгарэтамі, і нацыянальны аператар электронных пломбаў на транзітныя грузы «Белнафтагаз» Алексін перапісаў на сваіх сыноў Дзмітрыя і Віталя. «Влатэ Лагістык» – адзін з найбуйнейшых лагістычных аператараў – Алексін запісаў на дырэктара свайго рэстарану «Сябры» і ягонага намесніка. «МТБанк» фармальна перайшоў ва ўласнасць кампаніі ў Арабскіх Эміратах, зарэгістраванай дакладна пад такім жа адрасам, што і яшчэ адна эмірацкая афшорная кампанія – «Петратрэйд», праз якую сям’я Алексіных праганяе цыгарэты з гарадзенскай фабрыкі «Нёман», на якую Лукашэнка паставіў іх манапольнымі дылерамі. Ніводная з гэтых кампаніяў у выніку не трапіла пад абмежаванні Еўразвязу.

Штопраўда, частка з іх трапіла пад санкцыі ЗША. Але, па-першае, «МТБанк» не трапіў нікуды. А па-другое, са Злучанымі Штатамі ў гэтых кампаніяў наўпроставага бізнесу і не было, а вось з еўрапейскімі – працягваецца.

«Ёсць некалькі ўжо спраўджаных схемаў. І абавязкова будуць новыя. Адная правераная – узаемазаліковы экспарт. Другая, традыцыйная – гэта пропуск тавараў праз розныя фірмы-пракладкі. Трэці – гэта спроба не абысці санкцыі, а перанакіраваць плынь тавараў у краіны, якія не ўвялі гэтых санкцыяў. Тут, у кожным з гэтых спосабаў, ёсць сур’ёзныя праблемы. На кожным этапе трэба дзяліцца сваім прыбыткам. А гэта азначае рост выдаткаў, менш даходаў у бюджэт, менш празрыстасці эканомікі», – мяркуе эканаміст Леў Львоўскі.

Якіх санкцыяў сапраўды баіцца Лукашэнка? Як працуюць сектаральныя ды кропкавыя санкцыі? Што, калі міжнародныя фінансавыя арганізацыі спыняць супрацу з Менскам? Як Еўразвяз гатовы падтрымліваць Беларусь у постсанкцыйны перыяд? Глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскаю.

Шчыра кажучы
Калі дзеянне санкцыяў Еўразвязу будзе больш адчувальным для Беларусі?
2021.10.13 20:05

Калаж з фота: TUT.by, RITZAU SCANPIX / Reuters / Forum, belsat.eu

Стужка навінаў