У Гомельскай вобласці рыхтуюцца да правядзення новых вучэнняў, якія яшчэ не анансаваны?


Ваенны камісарыят Гомельскай вобласці правёў закупку таблічак і плакатаў на суму ў 4 000 рублёў. Гэта выглядае як падрыхтоўка да вучэнняў, якія Міністэрства абароны Беларусі яшчэ не анансавала.

Замоўленыя праз тэндар таблічкі сведчаць пра падрыхтоўку да нечага маштабнага.
Фота: Flagshtok.info

Гомельскае выданне «Флагшток» высветліла, што тэндар быў праведзены ў жніўні 2022 года.

Па надпісах на таблічках і тэрмінах іх вырабу выданне робіць выснову, што ў Гомельскай вобласці восенню запланаваны маштабныя ваенныя вучэнні, якія прадугледжваюць праверку ступені боегатоўнасці тэхнікі. На таблічках пазначаны наступныя пляцоўкі: аддзяленне збору транспартных сродкаў,  аддзяленне рэзерву транспартных сродкаў і вадзіцеляў, пляцоўка размяшчэння транспартных сродкаў, якія маюць дробныя няспраўнасці, пляцоўка адпраўкі транспартных сродкаў.

Апроч таблічак для пляцовак і аддзяленняў, замовілі і таблічкі з указаннем прозвішчаў і пасад асоб, якія, верагодна, прымуць удзел у гэтых вучэннях. Сярод іх выданню ўдалося ідэнтыфікаваць:

– падпалкоўніка Антона Лаўрэнцьева, ваеннага камісара Добрушскага і Веткаўскага раёнаў;

– падпалкоўніка Аляксандра Іваніцкага, ваеннага камісара Светлагорскага і Кастрычніцкага раёнаў;

– маёра Ўладзіміра Бабова, які раней узначальваў адасобленую групу (Веткаўскага раёну) ваеннага камісарыята Добрушскага і Веткаўскага раёнаў.

– падпалкоўніка Міхаіла Тупальскага, былога камандзіра пантонна-маставога батальёна 188 гвардзейскай інжынернай брыгады.

У тэндарнай дакументацыі пазначаны і тэрмін пастаўкі прадукцыі – да 23 верасня 2022 года. Выданне піша, што гэтая дата можа ўказваць на тэрмін пачатку новых вучэнняў. Пры гэтым, Міністэрства абароны Беларусі новыя вучэнні ў Гомельскай вобласці яшчэ не анансавала.

Hавiны
У Беларусі на вайсковых вучэннях пачалі правяраць знятую з захоўвання тэхніку?
2022.09.12 11:21

АТ belsat.eu

Стужка навінаў