У Еўрапарламенце прапанавалі забараніць выдаваць візы беларускім і расейскім вайскоўцам ды чыноўнікам


Не ідзецца пра забарону на візы для ўсіх беларусаў або беларускіх турыстаў, таксама не абмяркоўваецца абмежаванне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі. Пакуль гаворка толькі пра вайскоўцаў і чыноўнікаў цэнтральнай адміністрацыі ды іхныя сем’і.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: Рамиль Насибулин / БелТА

Сталы спавяшчальнік у справе Беларусі, дэпутат Еўрапарламенту з Літвы Пятрас Аўштравічус апублікаваў прапанову (PDF) новых візавых абмежаванняў адносна Беларусі і Расеі, пад якою падпісаліся 48 еўрадэпутатаў з розных краінаў. Прапанову скіравалі да вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэпа Бурэля.

Дэпутаты вітаюць скасаванне спрошчанага візавага рэжыму між Еўразвязам і Расеяй, які дзеяў з 2007 года, і спадзяюцца, што гэта скароціць колькасць выдадзеных турыстычных візаў. Але адзначаюць, што гэта частковае развязанне, не дастатковае, каб адказаць на занепакоенасць краінаў Еўразвязу на фоне вайны ва Украіне.

«Паколькі на нядаўняй нефармальнай сустрэчы не ўдалося дасягнуць агульнаеўрапейскага пагаднення аб візавай забароне для ўсіх грамадзянаў Расеі, мы прапаноўваем, каб рада разгледзела іншую пастанову найбліжэйшым часам, – пішуць дэпутаты ў прапанове. – Кампраміс можа заключацца ў рашэнні ўвесці забарону для ўсіх вайскоўцаў расейскіх і беларускіх узброеных сілаў, у тым ліку асабовага складу і сямейнікаў, а таксама для чыноўнікаў цэнтральнай адміністрацыі ды чальцоў іхных сем’яў.

Такая пастанова выразна б сігналізавала, што сацыяльныя групы, якія наўпрост ці ўскосна звязаныя з ваеннымі намаганнямі Расеі, не маюць права заязджаць на тэрыторыю Еўразвязу ды карыстацца еўрапейскімі свабодамі і дабрабытам».

Раней з дакументаў Еўразвязу аб візавых абмежаваннях афіцыйна выключылі беларусаў. Але беларусы сутыкаюцца з рознымі абмежаваннямі. Напрыклад, з візамі тыпу D не здолеюць набыць квіткоў на міжнародныя аўтобусы ў Менску, калі збіраюцца заязджаць не ў тыя краіны, што пазначаныя ў візе. Беларусам будзе цяжэй ездзіць у Латвію праз планаванае скасаванне дамовы з Беларуссю аб узаемных паездках грамадзянаў. Таксама Латвія мае ўвесці больш жорсткія ўмовы атрымання ВНЖ грамадзянамі Беларусі і Расеі.

Інфаграфіка
Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі
2022.08.15 21:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў