Ці працягваецца ўкраінскае контрнаступленне і чаго чакаць далей?


Пасля маланкавага ўдару ЗСУ пад Балакліяй і вызвалення амаль усёй Харкаўскай вобласці інтэнсіўнасць баявых дзеянняў заўважна знізіліся. Belsat.eu разбіраўся, ці працягваецца контрнаступ Украіны і дзе можа быць нанесены новы ўдар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская паліцыя патрулюе раён нядаўна вызваленага ЗСУ гораду Ізюм у Харкаўскай вобласці, Украіна. 14 верасня 2022 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Балаклійскі прарыў

6 верасня Збройныя сілы Украіны нечакана перайшлі ў наступ у раёне Балакліі ў Харкаўскай вобласці, прарвалі расейскую абарону і сталі імкліва прасоўвацца наперад, пагражаючы адрэзаць ізюмскую групоўку РФ. Фронт на гэтым кірунку фактычна разваліўся, і расейцы мусілі паспешліва адступаць. 10 верасня Мінабароны РФ дэ-факта прызнала, што расейскія войскі пакідаюць Харкаўшчыну і сыходзяць у Данецкую вобласць (афіцыйна гэта называлі «перагрупаваннем»). 11 верасня ЗСУ ўжо цалкам занялі тэрыторыі вакол Ізюму і выйшлі да мяжы з Расеяй, у тым ліку аднавіўшы кантроль над прапускным пунктам «Гоптаўка» на поўначы рэгіёну. Расейцы, у сваю чаргу, сталі арганізоўваць абарону на рацэ Аскіл.

Аналітыка
Як вызваляюць Украіну. Контрнаступ у датах і мапах
2022.09.12 19:28

Мяркуючы паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, за наступныя некалькі дзён фронт дэ-факта стабілізаваўся – істотнага прасоўвання ЗСУ ўжо не дэманстравалі. Паколькі публічна мэты наступу на Харкаўшчыне не абвяшчаліся, немагчыма сказаць дакладна, ці была гэта запланаваная паўза, за якой рушыць услед новы прарыў, або балаклійска-ізюмская аперацыя ў прынцыпе завершаная і новы ўдар будзе нанесены на зусім іншым кірунку.

Але ў любым выпадку запавольванне тэмпаў наступлення выглядае цалкам заканамерна і лагічна. Любая наступальная аперацыя раней ці пазней прыпыняецца, каб войскі мелі магчымасць стабілізаваць расцярушаныя камунікацыі, замацавацца на новых пазіцыях, падцягнуць рэзервы і адпачыць. Патрэба ў перадышцы асабліва актуальна, улічваючы, што ЗСУ толькі што прадэманстравалі беспрэцэдэнтныя для гэтай вайны тэмпы наступу – некаторыя ўкраінскія падраздзяленні праходілі па 20–25 км за содні, а хтосьці за тыдзень агулам прасунуўся аж на 120 км.

Што цяпер адбываецца на фронце: Аскіл, Ліман і Белагораўка

Разам з тым наступальныя дзеянні ЗСУ не спыніліся. Яшчэ да таго, як быў цалкам вызвалены Ізюм, украінцы пачалі атакаваць расейскія пазіцыі ў напрамку Ліману (Луганская вобласць), што стварала пагрозу атчэння ізюмскай групоўкі РФ з поўдня. Украінскія вайскоўцы фарсіравалі раку Сівэрскі Данец і, ажыццяўляючы бесперапынны ціск на расейскую лінію абароны, увечары 12 верасня вызвалілі горад Святагорск (20 км на паўночны захад ад Ліману).

Цяпер у ваколіцах Ліману працягваюцца баі. Тэлеграм-канал «Рыбарь» 13 верасня характарызаваў сітуацыю на гэтым адцінку фронту як «найбольш складаную». Днём 14 верасня вайсковы карэспандэнт-прапагандыст Сямён Пегаў (Telegram-канал WarGonzo) паведаміў, што ЗСУ пачалі штурм Ліману. «Сітуацыя яшчэ не крытычная, але зноў можа наблізіцца да яе», – падкрэсліў ён. Але іншыя крыніцы інфармацыю пра штурм Ліману пакуль не пацвярджаюць.

Мапа фронту на ўсходзе Украіны за 13 верасня 2022 года. Выява: ISW / Twitter

Ліман – важны апорны пункт расейскіх войскаў на Луганшчыне, гэты горад быў акупаваны ў канцы траўня 2022 года. Былы кіраўнік Службы вонкавай выведкі Украіны Мікалай Маламуж лічыць, што ў ЗСУ ёсць вялікія шанцы яго неўзабаве вызваліць. «Ліман будзе адным з перспектыўных напрамкаў. Але сёння гэта не абавязкова будзе асноўная цэль», – заявіў эксперт у эфіры «Радио Донбасс. Реалии».

Адначасова паведамляецца пра баі ў ваколіцах паселішча Белагораўка Луганскай вобласці (30 км на ўсход ад Ліману). Перамога ЗСУ на гэтым участку, на думку расейскіх вайсковых блогераў, створыць пагрозу наступлення на акупаваныя Севераданецк і Лісічанск. Пры гэтым былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) 13 верасня паведамляў, што Белагораўка ўжо занятая ўкраінцамі.

Разам з тым ЗСУ працягваюць аказваць ціск на расейскія пазіцыі на харкаўскім кірунку. 14 верасня стала вядома, што ўкраінцы каля Баравой фарсіравалі раку Аскіл, па якой мусіла праходзіць новая лінія абароны расейцаў.

«Расейскія войскі наўрад ці будуць дастаткова моцныя, каб перашкодзіць далейшаму прасоўванню ўкраінскіх войскаў уздоўж усёй ракі Аскіл, таму што яны, здаецца, не атрымліваюць падмацавання, і ЗСУ, імаверна, змогуць выкарыстаць гэтую слабасць, каб аднавіць контрнаступ праз Аскіл, калі яны пастановяць гэта зрабіць», – мяркуюць аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Пакуль жа ISW характарызуе дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў на Аскіле як «абмежаваныя» і «лакальныя».

Расейскія вайсковыя карэспандэнты разглядаюць падзеі каля Ліману і на Аскіле як часткі агульнага плану. «Перад тым, як пайсці ў атаку на нашы новыя пазіцыі ўздоўж Аскілу, украінцы жадаюць адрэзаць гэтую групоўку ад забеспячэння», – адзначае расейскі прапагандыст Аляксандр Коц. Для гэтага, на думку Коца, ЗСУ трэба будзе заняць Ліман, выйсці на Крэмінную і перарэзаць трасу на Куп’янск.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з гаўбіцы на фронце ва Украіне. 14 верасня 2022 года.
Фота: Ukraine Defence Ministry / AFP / East News

Вайна на знясіленне на Херсоншчыне

Пры гэтым ЗСУ працягваюць наступальную аперацыю на Херсоншчыне – паводле ISW, адразу ў трох раёнах вобласці. Менавіта херсонскі кірунак першапачаткова разглядаўся аналітыкамі як месца галоўнага ўдару ЗСУ. Паралельна з балаклійскай аперацыяй украінцы на поўдні працягвалі пашыраць свой плацдарм на рацэ Інгулэц, ствараючы пагрозу рассячэння расейскай групоўкі.

Украінскае камандаванне сцвярджае, што з пачатку контрнаступу (то бок з 29 жніўня) у Херсонскай вобласці была адваяваная тэрыторыя 500 км² і занятыя шэраг населеных пунктаў.

«Поспехі вельмі пераканаўчыя. Мы трымаем агнявы кантроль над лагістыкай ворага на акупаванай тэрыторыі, мы кантралюем транспартныя артэрыі, дзе яны з неверагоднай настойлівасцю спрабуюць выпрабоўваць новыя сродкі для пераправы праз Дняпро. Але, як толькі яны загружаюць новы пантон або баржу для транспартавання, наш агнявы кантроль спрацоўвае дакладна», – заявіла 13 верасня кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк. Паводле яе, расейскай групоўка на левым беразе перабывае ў адчаі, маральны стан вайскоўцаў вельмі хісткі. Але пра перамогу казаць рана, падкрэсліла Гумэнюк на брыфінгу 14 верасня.

Разам з тым можна канстатаваць, што звестак пра істотнае прасоўванне ЗСУ ў Херсонскай вобласці цягам апошняга тыдня не паступала. Мяркуючы паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, сітуацыю на поўдні цяпер можна ахарактарызаваць як пазіцыйныя баі. Гэта, у сваю чаргу, не можа быць сведчаннем крызісу аперацыі: раней belsat.eu ужо распавядаў, што ўкраінцы на поўдні, імаверна, робяць стаўкі на знясіленне расейскіх войсках у выніку працяглай аперацыі.

Аналітыка
Адчувальны прагрэс, але яшчэ не перамога. Што трэба ведаць пра контрнаступленне ЗСУ
2022.09.06 08:30

13 верасня аналітыкі ISW паведамлялі, што расейцы, імаверна, сышлі з сяла Кысэлиўкі, што месціцца за 15 км ад Херсону і мае важнае аператыўнае значэнне для абароны гэтага кірунку. Але пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма. Расейскі бок абвяргае страту Кысэліўкі як на афіцыйным, так і на неафіцыйным узроўні.

Дзе будзе нанесены новы ўдар?

Аналітыкі і журналісты ўсё часцей кажуць пра тое, што Украіна здолела за апошнія некалькі тыдняў перахапіць стратэгічную ініцыятыву ў вайне. Валоданне стратэгічнай ініцыятывай азначае, што цяпер ЗСУ можа навязваць праціўніку выгадныя для сябе месца, час і характар баявых дзеянняў. А рэагаваць на выклікі заўсёды цяжэй, чым іх ствараць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі сцяг вісіць на помніку паэту Тарасу Шаўчэнку ў вызваленым ад акупацыі горадзе Балаклія, Харкаўская вобласць, Украіна. 13 верасня 2022 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Стралкоў (Гіркін) называе перамогу ЗСУ ў бітве за ініцыятыву бясспрэчнай і лічыць гэта фактычна галоўным вынікам падзеяў апошніх тыдняў. 12 верасня ён выказаў меркаванне, што новае наступленне ўкраінскай арміі пачнецца неўзабаве – імаверна, ужо на гэтым тыдні. У якасці магчымых кірункаў удару ён называе тэрыторыю паміж Данецкам і Горлаўкай, ваколіцы Вугледару (Данецкая вобласць) і раён Гуляйполе – Палогі (Запарожжа). У любым выпадку, дадае Стралкоў, украінскае войска з верагоднасцю 90 % не дасць расейцам «часу на перагрупоўванне і ўмацаванне слабых пазіцыяў, а таксама будзе імкнуцца выкарыстаць 2–3 тыдні, якія засталіся да імавернага пачатку сезоннай бездаражы». Таксама ён прагназуе, што галоўны ўдар ЗСУ будзе нанесены на Запарожжы.

У каналах расейскіх вайсковых блогераў і вайсковых карэспандэнтаў цяпер распаўсюджваецца вельмі шмат паведамленняў пра магчымае новае наступленне ЗСУ. Часцей за ўсё ў якасці патэнцыйнага месца ўкраінскага ўдару называецца Вугледар – расейскія крыніцы шмат пішуць пра канцэнтрацыю на гэтым кірунку ўкраінскіх сілаў. Прапагандыст Коц сцвярджае, што ўкраінцы нават пачалі здымаць свае мінныя палі ў гэтым раёне. Усё гэта можа быць як сведчаннем рэальнага рыхтавання да прарыву (пра магчымы наступ на харкаўскім кірунку расейскія вайсковыя карэспандэнты таксама папярэджвалі загадзя), так і хітрасцю ўкраінскіх вайскоўцаў, каб адцягнуць увагу расейскага камандавання.

Заснавальнік даследчай групы «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў адзначае, што пакуль аб’ектыўных звестак пра падрыхтоўку ўдару пад Вугледарам няма. Але і працягу наступу ЗСУ на харкаўскім кірунку праз раку Аскіл эксперт таксама не прагназуе.

«Мы мяркуем, што ўкраінцы, напэўна, не будуць перасякаць Аскілу і ісці далей, таму што першапачатковых мэтаў яны дасягнулі, Харкаўскую вобласць вызвалілі, і гэта сур’ёзны поспех», – заявіў ён у інтэрв’ю каналу «Навальный LIVE» 12 верасня.

Паводле Левіева, цяпер украінцы дадуць перадых сваім войскам, будуць назапашваць рэзервы і можа быць актывізуюць контрнаступленне на іншых напрамках – напрыклад, на Херсоншчыне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў