Нагорны Карабах: Міна запаволенага дзеяння паміж Арменіяй і Азербайджанам


Як армяне, гэтак і азербайджанцы называюць Нагорны Карабах сваёй гістарычнай тэрыторыяй. На працягу ж апошніх ста гадоў паміж армянамі і азербайджанцамі было некалькі кровапралітных войнаў, а таксама падзеяў, якія афіцыйныя гісторыкі абедзвюх краінаў стараюцца не згадваць. «Белсат» паразмаўляў з гісторыкамі дзяржаваў, якія маюць шмат неразвязаных праблемаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Салдат, армянін па нацыянальнасці, побач з гарматай на артылерыйскіх пазіцыях каля гораду Мартуні ў Нагорным Карабаху ў 2016 годзе.
Фота: Reuters / Forum

З гісторыі вядома, што яшчэ ў антычны час, за сем стагоддзяў да нараджэння Хрыста, на тэрыторыі Нагорнага Карабаху жылі армянскія плямёны. Пазней Карабах быў часткай Вялікай Арменіі, з таго часу тут і квітнее армянская культура. Але даступныя гістарычныя звесткі сведчаць, што ў 15-м і 18-м стагоддзях большасць насельніцтва ў Карабаху складалі качавыя азербайджанскія плямёны. Яшчэ пазней Карабах зноў быў цэнтрам армянскай культуры і дзяржаўнасці.

Сітуацыя змянілася з прыходам Расейскай імперыі. На пачатку 19-га стагоддзя Расейская імперыя далучыла Азербайджанскае дзяржаўнае аб’яднанне. Яе мяжа прасунулася да існай азербайджанска-іранскай мяжы.

«Каб умацаваць паўднёвыя межы, Расея перасяліла сотні тысячаў армянскіх сем’яў з Асманскай імперыі. Яны засяліліся на гістарычныя азербайджанскія землі», – распавёў «Белсату» Айдын Мірзэзадэ, дэпутат азербайджанскага парламенту, кандыдат палітычных навук, дацэнт.

Абноўлена
Азербайджан пачаў абстрэльваць Арменію, заявіў пра «дыверсію»
2022.09.13 08:49

Пры гэтым варта адзначыць, што насамрэч на гэтых тэрыторыях раней побач пражывалі як армянскія, гэтак і азербайджанскія народы.

Азербайджанскі палітык таксама лічыць, што пасля ўсталявання савецкай улады ніхто не запытваўся меркавання ў азербайджанскага народу, але частку гістарычных тэрыторыяў перадалі Арменіі. Тады ж стварылі Нагорна-Карабахскую аўтаномную вобласць.

«Азербайджанам доўгі час кіравалі не азербайджанцы, і нацыянальных інтарэсаў краіны ніхто не абараняў, а землі перадавалі Арменіі. Калі ў 1918 годзе тэрыторыя Арменіі складала 9 тысячаў квадратных кіламетраў, то ў 1991 годзе яна мела 28. Рост тэрыторыі адбываўся коштам азербайджанскіх тэрыторыяў», – кажа Айдын Мірзэзадэ.

Гарады і сёлы Арменіі, з якіх паведамлялі пра абстрэлы 13 верасня 2022 года. Мапа на аснове выявы: Golden / WikimediaCC BY-SA 4.0

Паводле азербайджанскага гісторыка, Арменія перад развалам СССР пачала прэтэндаваць на тэрыторыі Нагорнага Карабаху.

«У 1992 годзе адбылася страшная трагедыя. У горадзе Хаджалы былі за ноч забітыя больш за 700 асобаў. Арменія патрабавала незалежнасці для Нагорнага Карабаху, адмову Азербайджану ад гэтых тэрыторыяў. Але ў Баку лічаць гэтыя раёны незаконна акупаванымі. Была створаная Менская група АБСЕ, якая ставіла за мэту вырашэнне канфлікту. Але за 30 гадоў група нічога не зрабіла, каб вырашыць яго», – кажа гісторык з Баку.

Як вынік, у верасні – кастрычніку 2020 года Азербайджан зладзіў ваенную аперацыю, і бакі 10 лістапада 2020 года пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі мірную дамову.

У Баку лічаць, што Арменія не зрабіла ніякіх крокаў дзеля развязання праблемы. Азербайджан прапанаваў падпісаць дамову. І хоць Арменія казала пра мір, на мяжы ўвесь час адбываліся канфлікты. 31 жніўня сёлета ў Бруселі былі перамовы паміж Азербайджанам і Арменіяй, бакі пастанавілі на працягу месяца падрыхтаваць тэкст мірнай дамовы, але міру так і не дасягнулі.

«Час ад часу Арменія абстрэльвала Азербайджан. Дыверсійная група ўначы на 13 верасня з Арменіі прабралася ў Азербайджан і пачала ставіць міны. У выніку Узброеныя сілы Азербайджану нанеслі рашучы адказ. Баку пайшоў на спыненне агню, але будзе рэзка адказваць на правакацыі», – кажа Айдын Мірзэзадэ.

Абвастрэнне на мяжы Арменіі і Нагорнага Карабаху.
Фота: Міністэрства абароны Арменіі

Аляксандр Іскандаран, дырэктар Армянскага інстытуту Каўказу таксама кажа, што пачаткам існай фазы канфлікту можна назваць люты 1988 года. Тады аблсавет Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці населенай армянамі, але ўключанай пры бальшавіках у 1920-я гады ў склад Азербайджану, а не Арменіі, выказала жаданне шляхам рэферэндуму перайсці з складу Азербайджану ў склад Арменіі. Гэта адразу ж прывяло да сутычак.

«У горадзе Сумгаіце, які ёсць горадам – спадарожнікам Баку, адбыўся пагром этнічных армянаў. Канфлікт такім чынам этназаваўся і ператварыўся ў армянска-азербайджанскае супрацьстаянне», – распавядае армянскі палітолаг.

Пры гэтым армянскі гісторык у размове з «Белсатам» не згадаў пра падзеі ў Хаджалы, зрэшты, як не згадаў пра разню ў Сумгаіце гісторык з Азербайджану.

Да моманту распаду СССР канфлікт увогуле перайшоў у поўнамаштабную вайну, паўстала аўтаномная Нагорна-Карабахская рэспубліка. Яна з’явілася ў снежні 1991 года, літаральна за некалькі тыдняў да развалу СССР.

«У вайне, якая была ў 1991–1994 гадах, Нагорна-Карабахская рэспубліка здолела выстаяць, склалася як дзяржава, якой ніхто ў свеце не прызнаў, у тым ліку і Арменія. Пачаўся перамоўны працэс, на якім абмяркоўвалі спробы вырашыць канфлікт. Такім чынам паўстала Менская група АБСЕ, яна нават да гэтага часу фармальна існуе», – распавядае Аляксандр Іскандаран.

Армянскі вайсковец.
Фота: 168.am

Палітолаг з Арменіі кажа, што напружаная сітуацыя ў 2020 годзе прывяла да так званай другой карабахскай вайны, для якой Азербайджан назбіраў даволі шмат сілаў, а таксама здабыў падтрыманне з боку Турцыі.  Тады тры чвэрці зямель Карабаху адышлі пад кантроль Баку.

«На астатняй частцы засталіся жыць армяне, а яе бяспеку гарантуюць расейскія міратворцы, якія стаяць на мяжы. Але забеспячэнне далёка не ідэальнае, бо час ад часу ўзнікаюць канфлікты, розныя эксцэсы, правакацыі. І вось цяпер гэта усё вылілася у тое, што адбываецца цяпер на мяжы Арменіі з Азербайджанам», – кажа армянскі палітолаг.

Цяпер жа Азербайджан цісне на Арменію, а таксама распачаў канфлікт не на тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Эксперты выказваюць меркаванне, што Баку мае намер прабіць праз Арменію калідор, які аб’яднае Азербайджан з Турцыяй.

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў