Беларусь страціла 7 пазіцыяў у Індэксе чалавечага развіцця. Вось хто абагнаў


У 2020 годзе Беларусь страціла шмат пунктаў у рэйтынгу, у 2021-м крыху аднавіла. Але пункты ўсё яшчэ горшыя за 2015 год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны ідуць па праспекце Незалежнасці з балонікамі чырвонага і зялёнага колераў. Шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў апублікавала чарговы даклад (PDF) аб чалавечым развіцці з назваю «Няпэўны час, неўладкаванае жыццё». Даклад апублікавалі адразу за два гады (2021 і 2020). Мінулае такое спавешчанне было за 2019 год (PDF).

Галоўны паказнік у дакладзе – Індэкс чалавечага развіцця (ІРЧ). Ён дэманструе дасягненні ў ахове здароўя і даўгалецці, ведах і годным узроўні жыцця.

У дакладзе за 2019 год Беларусь займала 53-е месца – між Расеяй і Турэччынай. Тады Беларусь мела 0,817 пункта ІРЧ (чым болей, тым лепей). У 2020-м рэйтынг абваліўся да 0,807 пункта, а ў 2021-м крыху вырас – да 0,808. Абвал 2020 года не звязаны наўпрост з пратэстамі, рэпрэсіямі і санкцыямі – гэтага ў рэйтынгу не ўлічваюць. Але, падобна, рэпрэсіі ды санкцыі мелі заўважны ўплыў на ўзровень жыцця, адукацыі ды аховы здароўя.

Цяпер Беларусь на 60-м месцы. У рэйтынгу яе абагналі Уругвай (быў на 55-м радку, цяпер займае 59-ы), Коста-Рыка (62 → 58), Трынідад і Табага (67 → 57), Багамскія Астравы (58 → 55), Аман (60 → 54), Кувейт (64 → 50) і Турэччына (54 → 48).

У Расеі рэйтынг упаў, але яна засталася на тым жа, 52-м месцы. Украіна таксама страціла пункты, адкацілася з 74-га месца на 77-е (гэта без уліку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, якая пачалася пазней за 2021 год, што ацэньваюць у рэйтынгу). Польшча паднялася з 35-га месца на 34-е, страціўшы крыху ў пунктах. А Літва апусцілася з 34-га на 35-е, страціўшы больш пунктаў. Латвія апусцілася з 37-га на 39-е месца.

Найлепшыя краіны ў сёлетнім рэйтынгу – Швейцарыя, Нарвегія ды Ісландыя (першыя тры радкі рэйтынгу адпаведна), следам за імі – Гон-Конг, што ў складзе Кітаю. Найгоршыя – Нігер, Чад і Паўднёвы Судан (189-е, 190-е і 191-е месцы), але зусім не атрымалі рэйтынгу Манака, Нуару, Паўночная Карэя і Самалі.

Hавiны
Сістэма адукацыі пасыпалася: за 7 гадоў звольнілі на 35 тысячаў чалавек больш як прынялі на працу
2022.09.13 14:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў