Адкуль такая інфляцыя? Міністэрства гандлю патлумачыла: вінаватыя мяса, малако, алкаголь і камуналка


Гадавая інфляцыя застаецца каля 18 %, але запаволілася. Міністэрства гандлю патлумачыла, на што цэны выраслі найбольш, але не закранула прычынаў росту. А грошай у краіне стала значна больш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Міністэрства гандлю Беларусі апублікавала тлумачэнні пра інфляцыю на спажывецкім рынку. У жніўні 2022 года інфляцыя склала 0,1 % да мінулага ліпеня (а ў ліпені было 0,5 % да чэрвеня), да канца мінулага года інфляцыя склала 13,8 %, да жніўня 2021 года – 17,9 %. Тое, што тэмпы інфляцыі знізіліся, Мінгандлю тлумачыць стабілізацыяй на валютным рынку, аднаўленнем цэнаў на харчовыя сыравінныя тавары на сусветных рынках, запавольваннем гадавога прыросту цэнаў на пладовагарднінавую прадукцыю.

Найбольш уплываюць на інфляцыю цэны на мяса і мясапрадукты (+ 17,8 % у гадавым выражэнні), алкагольныя напоі (+ 15,9 %), малако і малочныя прадукты (+ 13,5 %). З табліцы відаць, што ўнёсак у рост індэксу спажывецкіх цэнаў зрабілі таксама камунальныя паслугі (+ 12,9 %) і аўтамабільнае паліва (+ 21,3 %).

Міністэрства гандлю адзначае, што падвышаным застаецца рост цэнаў на тавары, якія вырабляюцца за мяжой і не вырабляюцца ў Беларусі: сінтэтычныя мыйныя сродкі (+ 32,1 %), крупы і бабовыя (+ 28,9 %), электратавары (+ 26 %), рыбу і рыбныя прадукты (+ 24 %).

Таксама адзначаюць, што з пачатку года да жніўня беларускі рубель аслаб да расейскага амаль на чвэрць – на 24,2 %. Паводле ведамства, паслабленне рубля пераносіцца ў рост коштаў ад аднаго кварталу да года.

Пра іншыя прычыны інфляцыі Мінгандлю не згадвае: ні пра ўнутрыбеларускія, ні пра сусветныя тэндэнцыі (а ва Украіне, Літве і Латвіі цэны выраслі нават больш, чымся ў Беларусі).

Аналітыка
Прэм’ер Галоўчанка чакае зніжэння коштаў у Беларусі. Што можа азмрочыць ягоныя планы?
2022.09.05 08:00

Тым часам Нацыянальны банк абнавіў статыстыку пра шырокую грашовую масу. З яе відаць, што ў эканоміцы Беларусі з пачатку года стала больш грошай паводле шэрагу паказнікаў. Гэтай статыстыкі Нацбанк не тлумачыць.

Напрыклад, наяўных грошай у абароце на 1 верасня было Br 6,0167 млрд, што на 27,5 % больш, чымся было ў студзені. З невядомай прычыны за месяц дэпазіты юрыдычных асобаў падскочылі на траціну – да Br 5 млрд. Грашовы агрэгат М1 (наяўныя грошы + дэпазіты ў беларускіх рублях «да запатрабавання») павялічыўся да Br 14,5 млрд або на 14,6 % з пачатку года.

Шырокая грашовая маса (грашовы агрэгат М1 плюс іншыя дэпазіты – усё, што ёсць у нацыянальнай валюце) засталася такою ж, як у пачатку года: крыху больш за Br 54 млрд. Ды яна звычайна расце пад канец года. У мінулым верасні яе было Br 49,7 млрд, у пазамінулым – Br 51,3 млрд. А ў 2015 годзе гэтай шырокай грашовай масы было ўдвая менш пры амаль тым жа курсе рубля да долара ЗША.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў