Праваабаронцы просяць не пускаць Ярмошыну назіральніцай у Грузію. ЦВК: Яна і не збіралася


Беларуская кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікала Цэнтральную выбарчую камісію Грузіі пераглядзець акрэдытацыю старшыні беларускай ЦВК Лідзіі Ярмошынай у якасці назіральніцы на грузінскія мясцовыя выбары 2 кастрычніка.

Лідзія Ярмошына падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе. Архіўнае фота tut.by

Праваабаронцы даводзілі, што з 1996 года ўсе беларускія выбары былі прызнаныя АБСЕ не адпаведнымі міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне свабодных і сумленных выбараў. Яны згадалі шматлікія парушэнні, у тым ліку на выбарах-2020. Таксама праваабаронцы нагадалі пра тое, што Лідзія Ярмошына і некаторыя чальцы ЦВК застаюцца пад санкцыямі Еўразвязу, Злучаных Штатаў і іншых краінаў за ўдзел у фальсіфікацыі выбараў.

«Пры такіх акалічнасцях запрашэнне прадстаўнікоў ЦВК Беларусі і яе старшыні Лідзіі Ярмошынай для ўдзелу ў назіранні за мясцовымі выбарамі ў Грузіі з’яўляецца недапушчальным і па сутнасці будзе азначаць падтрымку грузінскімі інстытутамі, у першую чаргу, ЦВК Грузіі, фальсіфікацыяў вынікаў галасавання на выбарах у Беларусі», – пішуць праваабаронцы.

ЦВК Беларусі сапраўды збіраецца накіраваць на грузінскія выбары двух працаўнікоў апарату, але сярод іх няма Ярмошынай, заявілі «Інтэрфаксу» ў ЦВК. Паводле гэтай заявы, Ярмошына «нікуды не едзе і нават не планавала».

Абноўлена. Кіраўніца грузінскай няўрадавай арганізацыі «Міжнароднае таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю» Ніно Далідзэ расказала «Нашай ніве», што «заяўка прыйшла менавіта з прозвішчам Лідзіі Ярмошынай», «пра іншыя прозвішчы гаворка не ішла».

Артыкулы
На 4 гады калоніі маладзечанца асудзілі за абразу Лукашэнкі, Ярмошынай, Карпянкова і сілавікоў
2021.06.12 10:14

Шэраг краінаў працягвае запрашаць ЦВК Беларусі назіраць за выбарамі нават пасля 2020 года. Прадстаўнікі ЦВК Беларусі сёлета ездзілі назіраць за выбарамі ў Казахстане, Кыргызстане, Арменіі і Малдове. Ярмошынай сярод іх не было.

Ярмошына была прызначаная Аляксандрам Лукашэнкам старшынёй ЦВК 6 снежня 1996 года, прызначэнне было з парушэннем Канстытуцыі (Лукашэнка не меў на гэта права, гэта была кампетэнцыя Вярхоўнага Савету). Яе паставілі на месца Віктара Ганчара, які крытыкаваў рэферэндум-1996 і быў адхілены ў час рыхтавання да галасавання. Ганчар узначаліў ЦВК «альтэрнатыўных выбараў» у траўні 1999 года, але бясследна знік 16 верасня 1999-га.

Hавiны
Ярмошына: Выбарчае заканадаўства састарэла, але мяняць яго да рэферэндуму не будуць
2021.05.21 14:38

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў