«Верыць, што пераадолее ўсе гэтыя складанасці». Як Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева жывуць у калоніі


Больш за 300 дзён нашы калегі, журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, застаюцца ў няволі за тое, што паказвалі людзям праўду аб дзеяннях рэжыму. У лютым гэтага года іх прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі, а ў пачатку лета перавялі адбываць пакаранне ў гомельскую калонію.

Муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш, і мама Дарʼі Наталля Церабіленка апавялі пра тое, як іх родныя жывуць у новай рэальнасці, чым займаюцца ў вольны час і пра што пішуць у лістах.

Чацвёрты дзень суда над журналістамі «Белсату». Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Падтрымка сувязі

Журналістак затрымалі 15 лістапада 2020 года. З таго часу Наталля змагла сустрэцца з дачкой толькі тройчы: два разы, калі Даша была ў СІЗА (пасля прысуду і апеляцыі), а 25 жніўня змагла трапіць на чатырохгадзіннае спатканне ў калоніі. «Цяпер чакаем працяглага спаткання, але ў верасні нам яго не далі. Чакаем кастрычніка, але не ведаю, ці будзе сустрэча», – кажа Наталля.

Пасля пераводу ў калонію Ігар Ільяш змог сустрэцца з жонкай двойчы. У пачатку ліпеня ім далі дазвол на кароткатэрміновае спатканне на чатыры гадзіны, а ў жніўні дамагліся спаткання на содні.

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46

Акрамя спатканняў, блізкія маюць права на тэлефонныя і відэазванкі.

«Адчуваю сябе лепш пасля таго, як Дашу перавялі ў калонію. Цяпер у нас здараюцца тэлефонныя размовы. Першы званок я такчакала, што перанервавалася. А цяпер у нас рэгулярна і тэлефонныя званкі раз на тыдзень, і відэасувязь праз «Вайбэр» двойчы на месяц: адзін раз яна размаўляе з сястрой і адзін раз са мной», – распавядае мама Дашы.

Аднак званкі з калоніі абмежаваныя ў часе. Да таго ж, падчас званка побач з асуджаным – працаўнік калоніі. Такая абстаноўка не вельмі камфортная для размовы, ды і сама размова доўжыцца не больш за пяць-сем хвілінаў. Але такая магчымасць сувязі ёсць.

Каб званок адбыўся, зняволены мусіць напісаць заяву, што хоча патэлефанаваць канкрэтнаму сваяку, паказвае звесткі. Звычайна на пачатку месяца зацвярджаецца графік званкоў.

«Даволі строгія правілы для званкоў, – распавядае муж Кацярыны. – Напрыклад, калі яна патэлефанавала маме, то бацька наогул не можа ўклініцца ў размову, гэта строга забаронена. Гэта значыць, можна размаўляць толькі з тым, хто прапісаны ў заяве на званок. І нават калі будзе нейкая рэпліка на заднім плане, гэта можа быць падставай перапыніць званок».

Таксама Ігар адзначыў, што сітуацыя ў плане сувязі і перапіскі нашмат лепшая, чым у СІЗА або ў Жодзіне, калі па два тыдні магло наогул нічога не прыходзіць.

«Тут і лісты, і званкі, пастаянна нешта прыходзіць, і досыць хутка. Бывае, які-небудзь ліст не праходзіць з-за цэнзуры, але гэта досыць рэдка».

Блізкія журналістак адзначаюць, што стабільная наладжаная перапіска толькі з сваякамі.

«Дашы прыходзяць усе лісты ад нас і ад яе нам. Але вось з лістамі ад сяброў і калегаў усё вельмі дрэнна, большасць з іх не даходзяць. Яе сябры мне тэлефанавалі, казалі, што пішуць, але адказаў няма. Імаверна, іх знішчаюць, каб дзяўчынкі не адчувалі падтрымкі, думалі, што ўсе пра іх забыліся», – кажа Наталля.

Дар’я Чульцова з мамай. Фота з сямейнага архіву

У Каці падобная сітуацыя з лістамі: пасля пераводу ў калонію рэзка зменшылася колькасць лістоў ад калег і неабыякавых людзей.

«Калі раней гэта патокам прыходзіла, сотнямі, то цяпер зусім мала лістоў даходзіць. Наўрад ці гэта магло так рэзка спыніцца – хутчэй за ўсё, іх адсейваюць», – мяркуе Ігар Ільяш.

Акрамя званкоў і лістоў, сувязь падтрымліваецца праз адвакатаў. Кацярыну адвакат наведвае раз на тыдзень, такое правіла ўсталявалася ў сям’і з самага пачатку. Цяпер у журналісткі ўжо пяты адвакат: траіх папярэдніх пазбавілі ліцэнзіі, а адзін пад ціскам сам выйшаў з працэсу.

Праца на вытворчасці

У калоніі Каця і Даша жывуць атрадамі ў вялікіх пакоях з двухпавярховымі ложкамі. Атмасфера нагадвае казарму ў войску. Адзявацца мусяць у спецыяльную ўніформу для зняволеных. Гэта казённая сукенка, на якой нашытая бірка з фатаграфіяй, артыкулам і датай пачатку ды завяршэння тэрміну.

Зняволеныя ходзяць на працу. У жаночых калоніях, як правіла, шыюць адзенне.

Дашу «працаўладкавалі» лекальшчыцай. Паводле яе маці, праца такая, што асабліва не пасядзіш, увесь час у руху. Яна працуе за вялікім сталом, разгладжвае выкрайкі, мелам акрэслівае нейкія дэталі адзення. Але задаволеная тым, што не за швейнай машынкай.

Каця ж працуе на швейнай вытворчасці, дзе шыюць дробныя дэталі адзення для розных дзяржаўных структураў.

«Заказы мяняюцца. У пачатку лета яны адшывалі элементы формы для курсантаў МНС», – успамінае Ігар.

Каця і Даша працуюць у розных атрадах, але бывае, што сустракаюцца на перазменках.

Працуюць у калоніі паўнавартасную змену, шэсць дзён на тыдзень, уключаючы суботу. Бывае, даводзіцца працаваць па нядзелях. Працоўны графік пабудаваны на дзве змены: тыдзень – першая змена, наступны – другая.

Фармальна пасля працоўных гадзінаў зняволеныя павінны быць вольныя. Але звычайна іх нагружаюць нейкі дадатковай працай, напрыклад, прыбрацца ў памяшканні або на тэрыторыі, перабраць бульбу.

Працуюць асуджаныя на вытворчасці за мінімальны заробак.

«Даша пахвалілася сваёй зарплатай, нават хацела паказаць разліковы ліст. У яе было вучнёўская зарплата 41 рубель. З гэтага заробку ў яе вылічылі 30 рублёў, нават не ведаю дакладна за што, напэўна, за інтэрнат. І засталося ў яе дзесяць рублёў», – кажа Дашына мама.

Вучоба і новая спецыяльнасць

У калоніі зняволеныя маюць магчымасць атрымаць дадатковую прафесію. Так, з 1 верасня Кацю залічылі ў ПТВ, дзе яна вучыцца на цырульніцу.

У лістах Каця распавядае, што ў яе прыемныя ўражанні ад навучальнага працэсу.

«Гэта адцягвае яе ад агульнай сумнай рэальнасці. Каця нават з пэўным энтузіязмам успрыняла гэтую вучобу. Але вучоба не вызваляе ад асноўнай працы: яны адпрацоўваюць поўную змену і потым ідуць на заняткі», – распавядае Ігар.

Даша таксама хацела пайсці вучыцца, паступіла на краўчыху, але праз тое, што згубіўся неабходны дакумент, яна не зможа працягнуць навучанне.

Вольны час

Акрамя вучобы і працы Каця імкнецца знаходзіць час для лістоў.

«Яна прасіла папрасіць прабачэння перад тымі, каму не можа адказаць адразу, таму што цяпер часу значна менш пісаць адказы людзям. Гэта зусім не падобна на сітуацыю ў СІЗА, калі ты з раніцы да вечара можаш пісаць лісты», – кажа муж Каці.

Таксама яна старацца знаходзіць час для чытання. У зняволеных есць магчымасць асабіста прыходзіць у бібліятэку раз на некалькі тыдняў. Як распавядае Ігар, для Каці гэта велізарны рэлакс – апынуцца сярод стэлажоў з кнігамі, вельмі супакойвае. З апошняга – яна брала чытаць 2-і том «Архіпелагу ГУЛаг» Салжаніцына і ў апошнім лісце даслала адтуль цытату, якая зачапіла яе.

Ліст Кацярыны Андрэевай з калоніі. Фота прапанаванае рэдакцыі

Даша ў вольны час таксама піша лісты, шмат чытае, стараецца чымсьці сябе заняць, распавядае мама. Ходзіць у спартовую залу і наогул імкнецца весці актыўны лад жыцця.

«Даша часам дасылае мне свае малюнкі, але цяпер не так часта, як з СІЗА. Вось, нядаўна, калі яны позна ўвечары ішлі з працы і яна ўбачыла на небе прыгожы месяц, ёй захацелася намаляваць яго і даслаць мне», – дзяліцца мама Дашы.

Малюнак Дар’і Чульцовай з калоніі. Фота прапанаванае рэдакцыі

Трымаюцца добра

Нягледзячы на ўсе складанасці, якія прайшлі журналісткі за гэтыя месяцы, яны не падаюць духам.

Паводле Наталлі, Даша ўжо асвоілася. І была вельмі рада пасля СІЗА, дзе была практычна замкнёная прастора, убачыць неба і кветкі. «Столькі часу праседзець у СІЗА – для іх гэта вельмі цяжка было», – успамінае Наталля.

«Яна ў мяне вельмі свабодалюбівая дзяўчына, не любіць ні ад каго залежаць. Таму ёй там бывае цяжка, вядома. Але яна ні аб чым не шкадуе. Колькі разоў я яе пыталася пра гэта, яна мне заўсёды адказвае: «Мама, нават не кажы мне нічога такога, бо я сама ішла і ведала, на што я іду», – кажа Наталля.

Жанчына дзеліцца, што ў жыцці Дашы падчас зняволення з’явіўся вельмі добры і важны чалавек, з якім яна пасля выхаду на волю збіраецца працягнуць дачыненні і з якім яны падтрымліваюць адно аднаго.

Hавiны
Сустрэліся ў аўтазаку і пасябравалі ў лістах. Гісторыя Дашы Чульцовай і Максіма
2021.08.27 19:13

У Каці таксама бадзёры настрой, добры эмацыйны і фізічны стан. Паводле ейнага мужа, яна верыць у свой выбар, верыць, што пераадолее ўсе складанасці і зможа годна прайсці астатнюю частку шляху.

«Асабіста ў мяне безумоўна поўнае захапленне Кацяй, бесперапыннае, і я ёй часта кажу пра гэта ў лістах, што яна захапляе мяне сваёй адвагай, прынцыповасцю. Я ганаруся ёй бязмерна», – кажа Ігар Ільяш.

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Фота з сямейнага архіву

Як і мноству палітвязняў Беларусі, нашым калегам некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але яны адмовіліся, бо лічаць сябе невінаватымі ды зазначаюць, што ўвязнілі іх незаконна.

Нашых калегаў Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі Народнага мемарыялу. Кацярыну і Дарʼю абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дарʼю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Артыкулы
Кацярына Андрэева можа выйсці на волю раней
2021.09.14 10:08

АД/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў