У бацькоў палітуцекача Шарэнды правялі ператрусы. Казалі, сыну трэба прасіць памілавання


Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі 13 верасня ў Берасці прыходзілі з ператрусамі да сваякоў актывіста Андрэя Шарэнды, які ўцёк ад пераследу за мяжу.

Андрэй Шарэнда.
Фота: Белсат

Праз гэтыя ператрусы Андрэй Шарэнда даведаўся, што супраць яго распачалі новыя крымінальныя справы паводле некалькіх артыкулаў. Падрабязнасці ён расказаў выданню Reform.by.

Паводле Шарэнды, сілавікі прыйшлі адначасова ў кватэру да яго пажылых бацькоў і ў ягоную кватэру, дзе ў той момант была цешча. І там, і там правялі «агляд», але ў яго кватэру потым прыехалі яшчэ і з пастановай на ператрус. Пасля гэтага цешчу павезлі і ў ейную кватэру, правялі там «агляд».

Артыкулы
Муж Паліны Шарэнды-Панасюк: ужо амаль месяц няма ніякай інфармацыі ад жонкі
2021.09.02 14:30

Цешча запомніла толькі два артыкулы з шэрагу напісаных у пастанове: «Акт тэрарызму» (арт. 289 КК РБ) і «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.2 арт. 361-2 КК РБ). Першы ён звязвае з тым, што такі ж артыкул закідаюць вілейскім валанцёрам, другі можа быць звязаны са справай аб «спробе падрыву вузлу сувязі» ў Вілейцы, паводле якой таксама праводзяць ператрусы супраць вілейскіх валанцёраў.

У размове з бацькамі, кажа Андрэй, сілавікі цікавіліся не столькі звязаным з крымінальнымі справамі, колькі тым, дзе іх сын і чым займаецца.

«Яны пераконвалі бацькоў, што мне трэба напісаць прашэнне аб памілаванні, што цяпер ідзе амністыя, згадвалі «дзень народнага адзінства», казалі, што калі я падпішу паперы, то магу вярнуцца ў Беларусь, мяне нават арыштоўваць не будуць, і Паліну выпусцяць, і мы нібыта зможам спакойна жыць», – пераказвае Андрэй Шарэнда і дадае, што прашэнняў пісаць не збіраецца.

Артыкулы
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні
2021.09.12 13:26

Жонку Андрэя і маці двух непаўналетніх дзяцей, палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). У чэрвені Паліну асудзілі на 2 гады зняволення. Сваёй віны жанчына не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон.

Пасля прысуду Андрэя Шарэнду таксама абвінавацілі ў двух крымінальных справах: арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). 28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця меў пачацца працэс над Андрэем, які 31 траўня быў змешчаны пад хатні арышт. Але на суд ён не з’явіўся, пакінуў Беларусь.

Hавiны
Што такое годнасць у палоне, і ці важнейшая яна за захаванне жыцця? Тлумачаць былыя палонныя «ЛНР»
2021.06.16 14:22

АА belsat.eu

Стужка навінаў