Талковы пастыр, але «іх кандыдат»? Ці здолее новы мітрапаліт сказаць уладзе «не можам»


Юзаф Станеўскі.
Фота: Catholic.by

Прызначэнне новым кіраўніком Менска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі дапаможнага біскупа Гарадзенскага Юзафа Станеўскага сталася шмат для каго нечаканым. Разбіраемся, чаго чакаць ад новага мітрапаліта.

«Біскупы абралі сабе іншага кіраўніка»

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч даволі скептычна ставіцца да новага прызначэння.

«Тое, што прызначаны менавіта гэты іерарх, звязана ў першую чаргу з інтарэсамі беларускіх уладаў, гэта іх кандыдат. Беларускія біскупы абралі сабе іншага кіраўніка – біскупа Алега Буткевіча, менавіта ён і з’яўляецца на цяперашні час, калі так можна выразіцца, кіраўніком Касцёлу ў Беларусі, трэба зыходзіць з гэтага», – паведаміла экспертка ў каментары «Белсату».

Hавiны
Малады, беларускамоўны, можа зайграць на гітары «Тры чарапахі». Абраны новы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў
2021.04.15 12:08

Пры гэтым яна нагадала, што «ў Менска-Магілёўскай архіепархіі застаецца палярны цэнтр цяжару – вікарны біскуп Юрый Касабуцкі, і толькі далейшае развіццё падзей пакажа, хто з іх зможа стварыць унутры архіепархіі большую гравітацыю».

«Таму на ўнутраным жыцці Касцёлу гэтае прызначэнне яшчэ можа істотна не адбіцца. Галоўнае, што ўлады менавіта біскупа Станеўскага будуць спрабаваць прадстаўляць як голас самога Касцёлу ў публічнай сферы і ўцягваць яго ў свае розныя авантуры. Але, як паказалі мінулыя восем месяцаў на прыкладзе біскупа Казіміра Велікасельца, які быў адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, гэта ніяк не ўплывае на актыўнасць іншых біскупаў, святароў і вернікаў – тыя заўжды могуць выступаць з альтэрнатыўнай пазіцыяй», – падкрэсліла Наталля Васілевіч.

Талковы пастыр

Адзін з каталіцкіх святароў Гарадзенскай дыяцэзіі, дзе раней быў дапаможным біскупам Юзаф Станеўскі, на ўмовах ананімнасці ахарактарызаваў яго як добрага чалавека і талковага пастыра.

Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што ў нацыянальным пытанні новы мітрапаліт «не будзе ніяк выказваецца». На ягоную думку, ён збольшага лаяльны да дзейных уладаў чалавек.

Hавiны
Год без мітрапаліта. Як жыве Каталіцкі касцёл, з якога ўлады «спрабавалі зрабіць ворага»
2021.09.01 12:34

«Я малюся, каб быў працяг»

У сваю чаргу каталіцкі святар і блогер Вячаслаў Барок адзначыў, што пры вызначэнні новага мітрапаліта вернікі заўсёды маюць надзею на тое, што новы пастыр «будзе весці аўчарню Божую да Божага валадарства, адказваючы на тыя пытанні, якія вернікі на гэтай дарозе маюць».

«Спадзяюся, што Ватыкан, выбіраючы новага мітрапаліта, вельмі добра падумаў, усведамляючы тыя праблемныя ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць новаму біскупу», – заявіў святар.

На ягоную думку, у сваіх прызначэннях Ватыкан абірае кампрамісныя фігуры. Але часам гэтыя фігуры могуць сказаць уладам «не можам» тады, калі «ўлада прапануе перакрочыць межы дабра і зла». У якасці прыкладу ксёндз Вячаслаў прывёў асобу прымаса Польшчы камуністычнага часу Стэфана Вышыньскага, які адмовіўся слухацца мясцовы рэжым.

«Узнікае пытанне, ці будзе кіраўнік Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі мець такую веру і адвагу, каб казаць «не можам», калі ўлада будзе спрабаваць умешвацца ва ўнутраныя справы Каталіцкага касцёлу так, як сёння, на жаль, улада робіць», – падкрэсліў святар.

Паводле яго, сёння ў Беларусі патрэбныя біскупы, якія б мелі «вельмі цвёрдую волю змагацца са злом», якія б не пайшлі «на кампраміс з д’яблам». Вячаслаў Барок адзначыў, што новы мітрапаліт павінен быць не толькі ў стане сустрэць былога мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з выгнання, але таксама ў стане «рабіць працяг той працы, якую праводзіў колішні мітрапаліт, абвяшчаючы Евангелле і заклікаючы беларускае грамадства да пераменаў, да жыцця ў праўдзе».

«Каталіцкі касцёл не можа адмовіцца ад таго накірунку, які надаў колішні мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Я малюся, каб быў працяг таго, што Касцёл абвяшчаў у мінулым годзе», – заключыў святар.

Hавiны
Сустрэў з выгнання Тадэвуша Кандрусевіча. Хто такі Юзаф Станеўскі, які стаў новым беларускім мітрапалітам
2021.09.14 14:10

Нагадаем, што 14 верасня было абвешчана аб прызначэнні ў Беларусі новага мітрапаліта Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ім стаў дапаможны Гарадзенскі біскуп Юзаф Станеўскі. Ён быў прызначаны біскупам у 2013 годзе разам з Алегам Буткевічам і Юрыем Касабуцкім.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў