Сустрэў з выгнання Тадэвуша Кандрусевіча. Хто такі Юзаф Станеўскі, які стаў новым беларускім мітрапалітам


Біскуп Юзаф Станеўскі.
Фота: catholic.by

14 верасня было абвешчана аб прызначэнні ў Беларусі новага мітрапаліта Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ім стаў дапаможны Гарадзенскі біскуп Юзаф Станеўскі. Згадваем, чым ён знакаміты і як праявіў сябе падчас рэвалюцыйных падзеяў 2020 года.

Hавiны
Год без мітрапаліта. Як жыве Каталіцкі касцёл, з якога ўлады «спрабавалі зрабіць ворага»
2021.09.01 12:34

Хто такі Юзаф Станеўскі

Біскуп Юзаф Станеўскі нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў вёсцы каля Горадні. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі навучаўся ў вайскова-тэхнічнай школе, пасля заканчэння якой у 1987–1989 гадах служыў у савецкім войску.

У 1990 годзе стаў адным з першых семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. Святар з 1995 года.

З 2000 года быў суддзёй біскупскага суда ў Горадні, а з красавіка 2005 года – віцэ-афіцыялам гэтага суда. З 2001 года – чалец святарскай рады Гарадзенскай дыяцэзіі.

З 23 чэрвеня 2005 года – рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. Шэсць гадоў адказваў за рыхтаванне маладых святароў Гарадзеншчыны.

Другі біскуп Юзаф Станеўскі

Hавiны
Малады, беларускамоўны, можа зайграць на гітары «Тры чарапахі». Абраны новы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў
2021.04.15 12:08

12 сакавіка 2012 года Юзафа Станеўскага прызначылі капеланам Папы Рымскага. 29 лістапада 2013 года ён, а таксама Алег Буткевіч і Юрый Касабуцкі былі прызначаныя біскупамі.

Юзаф Станеўскі стаў дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі. 3 чэрвеня 2015 года ён з’яўляецца Генеральным сакратаром Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Адзначым, што ў Беларусі ўжо раней быў біскуп, якога клікалі Юзаф Станеўскі. Цёзка сённяшняга мітрапаліта ў 1858 годзе быў прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай дыяцэзіі.

Юзаф Станеўскі і 2020 год

Біскуп Юзаф Станеўскі хаця і быў менш заўважным летась за менска-магілёўскіх біскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Юрыя Касабуцкага, усё ж актыўна каментаваў падзеі 2020 года. У сваім блогу на Catholic.by 13 жніўня ён, паўтараючы за капеланам польскай «Салідарнасці» Ежы Папялушкам, заклікаў беларусаў перамагаць зло дабром.

«Адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы – члены адзін аднаго», – казаў ён.

19 жніўня ў Тракелях ён заклікаў да «да руплівай малітвы аб добрай, мірнай раніцы для нашай краіны, яе дачок і сыноў».

2 верасня біскуп Юзаф Станеўскі разам з кіраўніком Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам ад імя каталіцкіх біскупаў выступіў з заявай з нагоды забароны ўезду ў Беларусь мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Ён таксама ладзіў малітвы за вяртанне іерарха ў Гарадзенскай семінарыі, сярод гарадзенскіх святароў.

«Д’ябал ператварае чалавечыя сэрцы ў «цвярдыню», паступова адбіраючы ў чалавека ўсе ключы, каб пазбавіць яго свабоды. Ён заглушае кожны сігнал, які ідзе ад Бога, калі чалавек кліча Яго на паратунак», – сказаў іерарх 9 верасня падчас агульнагарадской малітвы за Беларусь і аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча.

Абноўлена
«Стаў на калені, каб падзякаваць Богу». Кандрусевіч пра вяртанне
2020.12.24 18:33

Менавіта Юзаф Станеўскі быў тым біскупам, які 24 снежня 2020 года сустрэў на беларуска-польскай мяжы Тадэвуша Кандрусевіча і прывёз яго на сваёй машыне ў Горадню. А зараз ён і сам стаў ягоным пераемнікам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў