«Пачалі абстрэл з гарматаў». Пры якіх абставінах згарэла вёска з мапы спаленых вёсак Беларусі


Першая рэканструкцыя «Бабруйскага катла». Вёска Шчаткава, Бабруйскі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Улады Беларусі апублікавалі абноўленыя звесткі пра спаленыя вёскі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Але ў беларусаў у выніку паўсталі пытанні. Журналісты belsat.eu разбіраліся ў справе.

Пласт «Спаленыя вёскі» з’явіўся на мапе Нацыянальнага кадастравага агенцтва. З яго дапамогай можна паглядзець, якія вёскі былі спаленыя нямецкімі войскамі.

«Пласт змяшчае звесткі аб населеных пунктах сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спаленых фашысцкімі акупантамі і іхнымі памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (назва, месцазнаходжанне, колькасць разбураных дамоў, забітых мірных жыхароў і іншыя звесткі)», – гаворыцца ў апісанні пласта.

Адзначаецца, што інфармацыю дала Генеральная пракуратура на падставе матэрыялаў крымінальнай справы, пачатай «паводле факту генацыду мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд».

Але карыстальнікі знайшлі на мапе шмат памылак. Напрыклад, там не пазначылі самую слынную спаленую вёску Беларусі – Хатынь. Замест яе проста пустое месца, гэтак жа, як і замест «сястры Хатыні» Дальвы, піша The Village.

Першая рэканструкцыя «Бабруйскага катла». Вёска Шчаткава, Бабруйскі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Разам з тым, ёсць шмат вёсак, пра якія ніхто не чуў, каб яны былі спаленыя. Што цікава, колькасць спаленых вёсак падчас вайны расце ў Беларусі ўвесь час. Гэтак, станам на 1995 год у спісах, выдадзеных Інстытутам справаводства і архіўнай справы, было 5454 вёскі, спаленыя з жыхарамі або часткай жыхароў. А цяпер 10 верасня на адмысловым сайце такіх вёсак ужо 9097. То бок, за 26 гадоў колькасць спаленых вёсак у Беларусі вырасла на 66,8 %.

Але як і ў выпадку з мапай кадастравага агенцтва, колькасць спаленых вёсак выклікае пытанне. Напрыклад, у Бабруйскім раёне афіцыйна спалена 48 вёсак, але амаль у паловы з іх не пазначаны нават год, калі гэта адбылося.

Сярод спаленых вёсак без даты, як на мапах кадастравага агенцтва, гэтак і на сайце пра спаленыя вёскі, ёсць і Ганчароўка – успаміны яе жыхара пра падзеі Другой сусветнай вайны публікаваліся на сайце «Белсату».

Hавiны
«Паставілі бацьку да сценкі і сталі страляць». Як жылі беларусы ў гады нямецкай акупацыі
2021.07.03 09:00

І там ні разу не згадвалася, што вёска была спаленая. Але пры гэтым называецца вёска Казулічы ў суседнім Кіраўскім раёне, якую сапраўды спалілі нацысты падчас мінулай вайны.

Ёсць нават апісанне, пры якіх абставінах згарэлі хаты вяскоўцаў:

«І вось, у ноч на 26 чэрвеня, немцы сабралі сілы і рушылі ў псіхічную атаку. Усе былі на падпітку і ішлі напралом, не лічыліся са стратамі. У Ясным Лесе завязаўся рукапашны бой. <…> І ўсё ж такі прарвацца немцам не ўдалося, а раніцай да нашых падаспела падмацаванне. Паколькі ў нашай вёсцы і ў іншых вёсках, проста на полі, было шмат немцаў, нашыя [савецкія войскі. – Рэд. Belsat.eu] пачалі абстрэл з гарматаў.

Загінула шмат немцаў, была спаленая амаль уся вёска, засталося адно некалькі дамоў. Тры снарады разарваліся і каля нашага бліндажу, пасыпалася на нас зямля, але, паколькі бярвёны былі звязаныя трасамі, бліндаж ацалеў, не разваліўся. Усе, хто быў у бліндажы, вельмі напалохаліся і раўлі. Мы выглянулі з бліндажу, бачым: немцаў няма, а вёска гарыць».

То бок, як бачым, вёску спалілі пры зусім іншых абставінах, якія не маюць дачынення да «генацыду мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд». Калі толькі не вінаваціць у такім генацыдзе савецкія войскі.

Увогуле ж, падобнае расследаванне выклікае сумневы ў праўдзівасці і аб’ектыўнасці звестак, якія Генеральная пракуратура цяпер збірае.

Hавiны
«Паўсюль абгарэлыя трупы коней, людзей, разбітыя машыны». 75 гадоў аперацыі «Багратыён»
2019.06.27 14:16

МГ belsat.eu

Стужка навінаў