Заснавальнік менскага культурнага цэнтру «Корпус» Аляксандр Багданаў, вядомы пад дыджэйскім псеўданімам «Папа Бо», і сцэнограф Максім Крук не выйшлі на волю пасля 10 дзён арышту.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», Аляксандра Багданава і Максіма Крука затрымалі ў межах крымінальнай справы за «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).
Іх затрымалі вечарам 2 верасня ў «Корпусе», на наступны дзень судзілі за «Выраб, захаванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але накіравалі справу на дапрацоўку.
Пры тым на «пакаяльным відэа» Багданаў зачытваў «прызнанне» ў тым, што пры ім знайшлі скрынкі, у якіх ён захоўваў наркотыкі, а таксама ў тым, што ён «кіраваў маршамі пратэсту».
Але ўрэшце Багданава і Крука асудзілі за «Непадпарадкаванне міліцыянтам» (арт. 19.1 КаАП РБ) на 10 дзён арышту. Затрыманую разам з імі арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую за тое самае асудзілі на 8 дзён арышту, але пра затрыманне яе ў межах новай справы не паведамляюць.
Папа Бо летась выходзіў на маршы пратэсту з дыджэйскай устаноўкай, ставіў музыку для пратэстоўцаў і называў акцыю «#музыкаоружие».
Багданаў вядомы не толькі як дыджэй. Ён таксама прамоўтар беларускіх музычных гуртоў, у тым ліку папулярных «Кассиопея», «Серебряная свадьба», «Петля Пристрастия», «Аддис Абеба», «Port Mone», «Shuma». Акрамя таго, ён заснаваў менскі культурны цэнтр «Корпус» і быў яго арт-дырэктарам.
У студзені ў «Корпус» уварваўся АМАП, сілавікі зладзілі ператрус у офісе арганізацыі «Makeout». Аднак «Корпус» працягнуў працу. Вечарам 2 верасня «Корпус» закрылі, прычынаў не патлумачылі, але заклікалі прыходзіць у іншы дзень.
АА belsat.eu