Прэзідэнт Латвіі заклікаў перагледзець выдадзеныя краінай ВНЖ ды візы і ануляваць іх прыхільнікам вайны


Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс заявіў, што трэба перагледзець ужо выдадзеныя віды на жыхарства, а таксама візы, і ануляваць іх асобам, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію, піша Delfi.lv.

Латвія не будзе выдаваць відаў на жыхарства тым сталым жыхарам краіны, якія прымуць расейскае грамадзянства (увосень Дзярждума Расеі плануе разгледзець магчымасць спрашчэння атрымання расейскага грамадзянства «суайчыннікам з Літвы, Латвіі і Эстоніі»).

«Яны будуць павінныя пакінуць нашую краіну», – сказаў прэзідэнт пра тых, хто прыме расейскае грамадзянства.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс.
Фота: Sputnik Латвія

«Гандаль відамі на жыхарства, што вялі папярэднія ўрады, іхная неапраўданая шчодрасць у выдачы відаў на жыхарства расейскім грамадзянам, за якой хаваліся толькі карыслівыя інтарэсы некаторых палітычных бізнесменаў, стварылі рызыкі бяспецы і паспрыялі дзвюхмоўю. Прыйшоў час правесці рэвізію наступстваў гэтай няўдалай і небяспечнай палітыкі», – заявіў Эгілс Лэвітс.

Латвія не выдае турыстычных візаў расейцам з першага дня поўнамаштабнай вайны – 24 лютага 2022 года. Аднак іншыя краіны працягваюць выдаваць візы, з якімі расейцы прыязджаюць у Латвію, падкрэсліў Лэвітс.

«У Латвію расейскія турысты прыязджаюць не толькі з латвійскай візай, але і з турыстычнымі візамі іншых краінаў Шэнгенскай зоны, напрыклад, Фінляндыі ці Італіі. Таму лічу, што Латвіі разам з Фінляндыяй, Эстоніяй, Чэхіяй і іншымі краінамі-аднадумцамі трэба выставіць патрабаванне ў далейшым ужо на ўзроўні Еўропы спыніць выдачу турыстычных візаў грамадзянам Расеі. Гэта было б дадатковай санкцыяй супраць Расеі», – заявіў прэзідэнт Латвіі.

З 18 жніўня расейцаў больш не будзе пускаць на сваю тэрыторыю Эстонія, нават з шэнгенскімі візамі, якія сама раней выдала.

«Наведванне Еўропы – гэта прывілей, а не права чалавека», – заявіла прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

За абмежаванне выдачы турыстычных візаў расейцам на агульнаеўрапейскім узроўні выступіла таксама прэм’ер-міністарка Фінляндыі Санна Марын.

Спыненне выдачы турыстычных візаў грамадзянам Расеі падтрымліваюць таксама Літва і Чэхія.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў