Да 10 тысяч украінцаў пройдуць інтэнсіўныя курсы «жаўнерскай службы» ў Вялікай Брытаніі


Украінцы з малым баявым досведам ці без яго змогуць прайсці ў Вялікай Брытаніі курсы жаўнерскай службы з мэтаю абароны ад расейскай агрэсіі, паведамляе УНІАН.

Украінскія жаўнеры. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: dialog.ua

Курсы жаўнерскай службы – гэта чарговы этап падтрымання Аб’яднаным Каралеўствам Збройных сілаў Украіны, зазначыў міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс. Агулам сталае абавязанне Вялікай Брытаніі ў падтрыманні Украіны складае больш за £ 2,3 млрд вайсковай дапамогі і ўключае больш за 5 тыс. адзінак лёгкага супрацьтанкавага сродку новага пакалення NLAW (Next Generation Light Anti-tank Weapon) і рэактыўных сістэмаў залпавага агню М270.

Прыняць удзел у навучанні змогуць да 10 тыс. ахвочых.

«Выкарыстоўваючы перадавы сусветны досвед брытанскай арміі, мы дапаможам Украіне аднавіць яе сілы і павялічыць маштаб супраціву, бо яна абараняе ўласныя суверэнітэт і права выбіраць уласную будучыню», – сказаў брытанскі міністр.

Генштаб ЗСУ распавёў, што жаўнеры будуць вывучаць на курсах:

«Рыхтаванне дасць навабранцам-добраахвотнікам з невялікім вайсковым досведам ці без яго навыкі для эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў на перадавой. Курс палягае на базавым рыхтаванні жаўнераў у Вялікай Брытаніі і ахоплівае абыходжанне са зброяй, першую дапамогу на полі бою, палявую тэхніку, тактыку патрулявання і права ўзброеных канфліктаў».

У курсах будуць задзейнічаныя каля тысячы пяцідзесяці брытанскіх вайскоўцаў. Навучанне будзе праходзіць на аб’ектах Міністэрства абароны на паўночным захадзе, паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе Вялікай Брытаніі. Праграма працягнецца некалькі тыдняў і будзе праводзіцца падраздзяленнямі 11-й брыгады спрыяння сілам бяспекі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў