Урад Мадуры і венесуэльская апазіцыя пачалі перамовы


Палітычны крызіс у Венесуэле трывае з 2013 года, эканамічны – з 2010-га. Нікаляса Мадуру прызнаюць прэзідэнтам толькі Расея, Кітай, Куба і Сальвадор. Паўсотні краінаў, у ліку якіх Злучаныя Штаты, з 2019 года прызнаюць прэзідэнтам апазіцыянера Хуана Гуаідо.

Нікаляс Мадура на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, 25 кастрычніка 2019 года.
Фота: Kremlin.ru

Венесуэльскія ўлады і апазіцыя 12 жніўня пачалі перамовы ў Мехіка аб пераадоленні эканамічнага і сацыяльнага крызісу, піша агенцтва «Reuters». Самі Нікаляс Мадура і Хуан Гуаідо на перамовах не прысутнічаюць – толькі іхныя прадстаўнікі, у ліку якіх сын Мадуры.

Дыялог мадэруе Нарвегія, і, паводле непацверджаных паведамленняў ананімных крыніцаў, на перамовах прысутнічаюць прадстаўнікі Расеі.

Мінулыя такія перамовы ў 2019 годзе нічым не скончыліся, ад гэтых таксама не чакаюць «вялікага выбуху», які адразу адновіць дэмакратыю.

Аб’ектыў
Большасць насельніцтва Венесуэлы знаходзіцца за рысай беднасці
2020.06.16 23:45

Урад Нікаляса Мадуры дамагаецца скасавання эканамічных санкцыяў Злучаных Штатаў і краінаў Еўропы. Прадстаўнікі Злучаных Штатаў раней казалі, што ЗША гатовыя змякчыць санкцыі, калі Мадура пакажа прыкметы сапраўды сур’ёзнага дыялогу з апазіцыяй.

Апазіцыя хоча вызвалення палітычных зняволеных і гарантыяў удзелу сваіх кандыдатаў у рэгіянальных выбарах, запланаваных на лістапад, а таксама дазволу замежнай гуманітарнай дапамогі, у тым ліку вакцынаў ад COVID-19. Вяртанне да перамоваў – змена тактыкі апазіцыі, якая вінаваціла Мадуру ў зрыве мінулых перамоваў і зацягванні часу.

Адзін з маршаў пратэсту венесуэльцаў. Каракас, Венесуэла. 26 красавіка 2014 года.
Фота: Carlos Díaz / Wikimedia, CC BY 2.0

Тым часам большасць венесуэльцаў жывуць за мяжой беднасці. Паводле папярэдніх ацэнак, да канца году колькасць уцекачоў з Венесуэлы можа дасягнуць 7 млн чалавек (да пачатку крызісу ў Венесуэле жыла 27,7 млн чалавек).

Да пачатку палітычнага крызісу, у 2010 годзе Венесуэла была пятым паводле аб’ёмаў экспарту гандлёвым партнёрам Беларусі, туды імпартавалі да 3,3 % беларускіх тавараў і паслугаў, таваразварот перавышаў на піку паўмільярда долараў яшчэ ў 2012-м. Ды пасля аб’ёмы ўпалі да нязначных, цяпер Белстат не публікуе лічбаў аб гандлі з Венесуэлай.

Аб’ектыў
Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны
2018.07.05 22:08

АА belsat.eu

Стужка навінаў